Шчарбакоў Васіль Карпавіч
Шчарбакоў Васіль Карпавіч нарадзіўся 27 лютага 1898 года ў в. Дубраўка Аршанскага раёна, беларускі гісторык.
У 1918 годзе скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Уключыўся ў падпольную барацьбу супраць нямецкіх акупантаў, пачаў сур'ёзна займацца палітычнай дзейнасцю, уступіў у члены РСДРП(б) у 1918 годзе. Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Усходнім і Паўднёвым франтах. У 1920 г. узначальваў аддзел палітасветы ў Крыму.
У 1923 годзе скончыў Харкаўскую вышэйшую партыйную школу. 3 1923 года на партыйнай, педагагічнай, навуковай рабоце.
З 1931 года – акадэмік Акадэміі навук БССР, доктар гістарычных навук. У 1931–1935 гг. – віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, у 1935–1937 гадах – сакратар (вучоны) Акадэміі навук БССР, з 1931 года намеснік дырэктара, у 1936–1937 гадах – дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР.
У жніўні 1936 года В. К. Шчарбакоў быў выключаны з КП(б)Б і 21 ліпеня 1937 года арыштаваны. У чэрвені 1938 года як «удзельнік контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 25 ліпеня 1957 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.
Асноўныя працы: «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя» (1930), «Нарыс гісторыі Беларусі» (частка 1, 1934), «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (1934) і інш.
Памёр Васіль Карпавіч 29 чэрвеня 1938 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Міхнюк, У. Шчарбакоў Васіль Карпавіч / У. Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2003. – Т. 6. Кн. І : Пузелі–Усая. – С. 239.
2. Шчарбакоў Васіль Карпавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 442.