Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч нарадзіўся 22 мая 1954 года ў Віцебску. Гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.
У 1971 годзе скончыў сярэднюю школу № 20. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1979 годзе – аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 1979–1982 гг. – малодшы і старшы навуковы супрацоўнік, 1988–1993 гг. – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, у 1982–1988 гг. – вучоны сакратар аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР. У 1995–2000 гг. – вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, загадчык аддзела нацыянальных і міжнародных адносін Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі.
У 1980–1993 гг. Уладзімір Снапкоўскі – выкладчык кафедры новай і навейшай гісторыі гістарычнага факультэта БДУ. 3 1993 года – прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Даследуе беларускую эміграцыю, міжнародныя адносіны і арганізацыі ў XX ст., працуе ў галіне гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі і гісторыі Беларусі, паліталогіі і сацыялогіі. Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-папулярных прац, 12 кніг, у тым ліку першага вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ па гісторыі знешняй палітыкі Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён, курса лекцый па знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь, манаграфій пра знешнепалітычную дзейнасць БССР, беларуска-расійскія і беларуска-польскія адносіны. Складальнік і рэдактар шэрагу зборнікаў дакументаў і матэрыялаў па знешнепалітычнай гісторыі Беларусі ХХ – пачатку ХХІ стст.
Шэраг артыкулаў надрукаваны ў Расіі, Польшчы, Аўстрыі, ЗША. Актыўна супрацоўнічае з замежнымі калегамі. Член Рады Беларускай асацыяцыі гісторыкаў, член Беларускай асацыяцыі палітычных навук, вучоных саветаў факультэта міжнародных адносін БДУ і Інстытута гісторыі, спецыялізаваных вучоных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па паліталогіі і па гісторыі знешняй палітыкі і міжнародных адносін пры БДУ.
«Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
ЛІТАРАТУРА
1. Лазько, Р. Р. Адкрываючы новыя далягляды ў знешнепалітычных даследаваннях Беларусі: да 65-годдзя Уладзіміра Еўдакімавіча Снапкоўскага / Р. Лазько, С. Свілас // Беларускі гістарычны часопіс. – 2019. – № 6. – С. 40–42.
2. Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 15 : Следавікі–Трыо. – С. 66.
3. Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 537–538.
4. Шарапа, А. В. Уладзімір Еўдакімавіч Снапкоўскі / А. В. Шарапа // Веснік БДУ. Серыя 3, Гісторыя. Эканоміка. Права. – 2014. – № 2. – С. 101–102.
СПАСЫЛКІ