Суднік Міхаіл Раманавіч
Суднік Міхаіл Раманавіч нарадзіўся 21 лістапада 1910 года ў в. Пяцюлёва Полацкага раёна, беларускі мовазнаўца. Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1970), кандыдат філалагічных навук (1954). Заслужаны дзеяч навук БССР (1980).
У 1938 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Працаваў настаўнікам, начальнікам упраўлення кадраў Наркамасветы БССР. З 1944 года – навуковы супрацоўнік Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, у 1957–1983 гг. – дырэктар, адначасова з 1975 года – загадчык сектара лексікалогіі і лексікаграфіі, старшы навуковы супрацоўнік, у 1992–1994 гг. – саветнік пры дырэкцыі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі.
Адзін з аўтараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадзянска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), «Арфаграфічнага слоўніка» (3-е выд., 1971, з М. Лобанам), «Тлумачальнага слоўнiка беларускай мовы» (т. 1–5, 1977–1983). З 1959 года – старшыня Беларускага, а з 1973 года – член Міжнароднага камітэта славістаў. Аўтар больш за 100 навуковых прац, манаграфій.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1979), медалямі.
Памёр Міхаіл Раманавіч 19 снежня 1995 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Лукашанец, А. Жыццё, прысвечанае беларускай мове / А. Лукашанец // Веды. – 2010. – № 47 (22 нояб.). – С. 6.
2. Лукашанец, А. Слова пра Міхаіла Судніка / А. Лукашанец // Роднае слова. – 2010. – № 11. – С. 35–36.
3. Лукашанец, А. А. Міхаіл Раманавіч Суднік: да 100-годдзя з дня нараджэння / А. А. Лукашанец // Беларуская лінгвістыка. – Вып. 66. – С. 146–149.
4. Суднік Міхаіл Раманавіч // Беларуская мова : энцыклапедыя : А–Я / пад рэд. А. Я. Міхневіча. – Мінск : БелЭн, 1994. – С. 543.
5. Суднік Міхаіл Раманавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 644.
6. Судник Михаил Романович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын – С. 151.