Сухі Павел Восіпавіч
Сухі Павел Восіпавіч нарадзіўся 22 ліпеня 1895 года ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета, цяпер горад у Віцебскай вобласці. Савецкі авіяканструктар. Доктар тэхнічных навук (1940). Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1957, 1965). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча (1925). У 1916–1917 гг. у арміі, удзельнік 1-й сусветнай вайны. У 1918–1919 гг. настаўнік матэматыкі ў школах Лунінца і Гомеля.
3 1925 г. інжынер-канструктар Цэнтральнага аэрагідрадынамічнага інстытута, дзе пад кіраўніцтвам А. М. Тупалева ўдзельнічаў у распрацоўцы самалётаў-разведчыкаў Р-3 (АНТ-3) і Р-7 (АНТ-10), бамбардзіроўшчыкаў ТБ-1 (АНТ-4) і ТБ-3 (АНТ-6), пасажырскага ПС-9 (АНТ-9 «Крылы Саветаў»), а таксама тарпедных катэраў Г-3, Г-5, Г-6 і Г-8. У 1925–1938 гг. пад агульным кіраўніцтвам Тупалева канструктарская брыгада Сухога выпусціла серыйныя знішчальнікі I-4 (АНТ-5), I-14 (АНТ-31) і доследны I-8 (АНТ-13 «Жакей»), самалёт РД (АНТ-25 «Рэкорд далёкасці»; на ім у 1937 г. экіпаж В. Чкалава ўпершыню здзейсніў беспасадачны пералёт з Еўропы ў Амерыку цераз Паўночны полюс), на базе АНТ-25 – далёкалётныя бамбардзіроўшчыкі ДБ-1 (АНТ-36) і ДБ-2 (АНТ-37), грамадзянскі варыянт ДБ-2 (АНТ-37біс «Радзіма»). У 1937 г. Сухі перамог у конкурсе на лепшы шматмэтавы самалёт (шыфр «Іваноў»); гэта стаў блізкалётны бамбардзіроўшчык ББ-1 (АНТ-51 «Сталінскае заданне»), у далейшым Су-2, які прыняў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. У 1939–1949 гг. Сухі – галоўны канструктар аб'яднанага канструктарскага бюро-29 (АКБ-29), а таксама дырэктар доследнага авіязавода № 134. У 1939–1945 гг. АКБ-29 сканструявала знішчальнікі Су-1 (I-330), Су-3 (I-360), Су-5, Су-7, бамбардзіроўшчык Су-4, штурмавікі Су-6 і Су-8 (ДДБШ), вучэбна-трэніровачны бамбардзіроўшчык УТБ (на базе Ту-2).
Пасля вайны пад кіраўніцтвам Сухога створаны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-10, Су-11, Су-15, Су-17, турбавінтавы разведчык-карэкціроўшчык Су-12 (РК). У 1949–1953 гг. Сухі – намеснік галоўнага канструктара АКБ Тупалева. У маі 1953 г. АКБ Сухога адноўлена (з лютага 1954 г. АКБ-51), дзе Сухі быў галоўным, а з 1956 г. Генеральным канструктарам. У 1953–1975 гг. пад яго кіраўніцтвам пабудаваны шэраг унікальных серыйных самалётаў, якія на доўгі час сталі асновай савецкай франтавой знішчальна-бамбардзіровачнай і штурмавой авіяцыі па праграмах «С» і «Т» (са стрэлападобнымі і трохвугольнымі крыламі): Су-7 (С-1, новая нумарацыя), Су-9 (Т-3; на яго доследных варыянтах Т-405 і Т-431 у 1959 – 1962 гг. устаноўлены 4 сусветныя рэкорды скорасці і вышыні), Су-11 (Т-47), Су-15 (Т-58Д) і яго мадыфікацыі Су-7 (С-22), здольны несці тактычную ядзерную зброю, і яго мадыфікацыі, Су-17 (С-22І) – першы савецкі знішчальнік-бамбардзіроўшчык са зменнай стрэлападобнасцю крыла і яго мадыфікацыі. На Су-17 Сухі ўпершыню паставіў крэсла-катапульту К-36, якое лічыцца лепшым у свеце. У 1970 г. створаны ўсепагодны франтавы бамбардзіроўшчык Су-24 з сістэмай аўтаматычнага агінання рэльефу мясцовасці (з мадыфікацыямі). Выдатным дасягненнем АКБ Сухога стаў стратасферны стратэгічны звышгукавы разведчык-ракетаносец Т-4 (выраб 100) і яго далейшыя распрацоўкі Т-4М (выраб 1001) і Т-4МС (выраб 200), дзе ўпершыню ў сусветным самалётабудаванні выкарыстана кабіна экіпажа, якая адхіляецца вертыкальна. У 1968 г. пачаліся работы над стварэннем штурмавіка Су-25 (Т-8), а ў 1969 – Су-27 (Т-10). Самалёты Су-24М, Су-24МР, Су-25, СУ-25УБ і СУ-27П сёння з'яўляюцца асновай самалётнага парка ВПС Рэспублікі Беларусь. Новыя мадэлі самалётаў Су распрацоўвае АКБ імя Сухога ў Расіі (названа ў яго гонар у 1976 г.).
Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1958–1974 гг. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР 1943 г. і 1975 г. (пасмяротна), Ленінскай прэміі 1968 г.
У гонар Сухога ўстаноўлены бронзавы бюст у Гомелі (1977 ), помнік – самалёт Су-17МЗ у г. Глыбокае (1996), створаны музей П. В. Сухога ў СШ № 1 г. Глыбокае. У 1995 г. імя Сухога прысвоена Гомельскаму палітэхнічнаму інстытуту.
Памёр 15 верасня 1975 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Анцелиович, Л. Сухой против Америки. Дуэль авивконструкторов / Л. Анцелиович. – Москва : Яуза ; ЭКСМО, 2009. – 446 с.
2. Атмосфера уверенности в собственных силах, или Гениальный авиаконструктор // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 60-61.
3. Дралюк, В. Невядомы Сухі / В. Дралюк // Беларусь. – 2008. – № 11. – С. 32.
4. Касцюковіч, М. М. Сухі Павел Восіпавіч / М. М. Касцюковіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 15 : Следавікі–Трыо. – С. 297.
5. Качук, Н. В высоту поднимая Отечество / Н. Качук // Армия. – 2006. – № 1. – С. 52–56 ; № 2. – С. 52–57 ; № 3. – С. 46–51 ; № 4. – С. 52–57 ; № 5. – С. 48–53 ; № 6. – 46–51.
6. Кузьмина, Л. М. Генеральный конструктор Павел Сухой : (страницы жизни) / Л. М. Кузьмина. – Минск : Беларусь, 1985. – 239 с.
7. Кузьмина, Л. М. Павел Сухой и его крылатые шедевры / Л. М. Кузьмина. – Минск : Беларусь, 2010. – 390 с.
8. П. О. Сухой : [фотоальбом] / авт. текста и сост.: Н. С. Царьков, А. М. Шныпарков ; фото М. В. Высоцкого. – Минск : Беларусь, 1986. – 32 с.
9. Павел Сухі (1895-1975): конструктор з ...XXI стагоддзя // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – С. 229–231.
10. Рабіза Т. Павел Сухі – наш зямляк / Т. Рабіза // Веснiк Глыбоччыны. – 2003. – 5 ліп. – С. 3 ; 12 ліп. – С. 4 ; 19 ліп. – С. 4 ; 26 ліп. – С. 4.
11. Рогач, А. Стваральнік крылатых маланак / А. Рогач // Народная газета. – 2004. – 25 жн. – С. 4.
12. Сауліч, У. Ірвуцца ў неба імклівыя СУ / У. Сауліч // Беларуская думка. – 2006. – № 10. – С. 108–114.
13. Слізкая, В. Павел Восіпавіч Сухі / В. Слізкая, М.С. Царкоў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 413–414.
14. Цішук, Г. Наперадзе звышгуку / Г. Цішук // Беларусь. – 2004. – № 3. – С. 38–39.
15. Ярмоленка, В. Сухі ёсць Сухі / В. Ярмоленка // Мы – беларусы / уклад. Т. М. Бондар. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2003. – С. 155.