Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сянкевіч Віктар

Дата нараджэння
19.01.1926
Месца нараджэння
Дзісенскі павет, в. Гірстуны
Род дзейнасці
гісторык, журналіст
дзеяч беларускай дыяспары ў Іспаніі, Канадзе і ЗША
Спецыялізацыя
гісторыя, журналістыка

Сянкевіч Віктар (псеўданім Язэп Барэйка) нарадзіўся 19 студзеня 1926 года ў вёсцы Гірстуны Дзісенскага павета (зараз Глыбоцкі раён). Эміграцыйны гісторык і журналіст. Першапачатковае навучанне атрымаў у роднай вёсцы, потым – у Глыбокім. Сярэднюю адукацыю пачаў у польскай гімназіі і ліцэі пры Польскім 2-м корпусе генерала Андэрса ў Італіі, потым прадоўжыў вучобу ў Вялікабрытаніі. У 1958 г. скончыў факультэт філасофіі (цяпер гісторыі і геаграфіі) Мадрыдскага ўніверсітэта. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пачаткі княства Літоўскага».

У гады Другой сусветнай вайны, ў чэрвені 1944 г., добраахвотна паступіў у Мінскую афіцэрскую школу камандзіраў Беларускай краёвай абароны (БКА). Пасля перадыслакацыі афіцэрскай школы разам з іншымі аддзеламі БКА у Францыю, перайшоў у ліку 64 беларускіх кадэтаў да французскіх партызан антыфашысцкага супраціўлення. 3 Францыі амерыканцы перавезлі беларусаў, якія паходзілі з тэрыторыі былой польскай дзяржавы (Заходняй Беларусі), у Італію. Там яны былі ўключаны ў Другі польскі корпус генерала Андэрса, які ўваходзіў у склад Восьмай Брытанскай арміі, што вызваляла Апенінскі паўвостраў ад гітлераўскіх акупантаў. Віктар Сянкевіч разам з іншымі жаўнерамі-беларусамі ў складзе Другога польскага корпуса прымаў удзел у вызваленні горада Балонья.

Доктар В. Сянкевіч у сваім артыкуле «Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтах другой сусветнай вайны» ў часопісе «Зважай» даследваў статыстыку польскіх узброеных сіл, што былі ў складзе войска Вялікабрытаніі, і прыйшоў да высновы, што ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў прымала ўдзел 30867 жаўнераў беларускага паходжання. У аповесці эмігранцкага пісьменніка Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі» цэлы раздзел пад назвай «Чалавек, якога немцы не маглі застрэліць» прысвечаны Віктару Сянкевічу і напісаны паводле яго ўспамінаў. В. Сянкевіч удзельнічаў у арганізацыі ў італьянскім горадзе Мадэна ў сакавіку 1946 г. першага з'езда беларусаў-вайскоўцаў з Другога корпуса генерала Андэрса. У канцы 1946 г. Сянкевіч у складзе беларускага актыву прымаў удзел у стварэнні Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). У 1958–1961 гг. Віктар Сянкевіч працаваў у беларускай секцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, выступаў як аўтар гутарак і каментарыяў на актуальныя беларускія нацыянальныя тэмы. Для беларускай секцыі «Радыё Свабода» пачаў пісаць з 1965 г. Апошнім часам рэгулярна вёў перадачу пад назвай «Беларускі гістарычны каляндар», якая карысталася вялікай папулярнасцю сярод беларускіх слухачоў «Радыё Свабода». Шматлікія матэрыялы на гістарычныя тэмы друкаваў журналіст у беларускіх эміграцыйных выданнях – часопісе «На шляху» (орган ЗБВБ), заснавальнікам якога быў сам В. Сянкевіч, газетах «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш. Разам з Кастусём Акулам быў аўтарам большасці матэрыялаў у беларускім ваенна-гістарычным часопісе «Зважай», які выдаецца ў горадзе Таронта ў Канадзе. У часопісе былі надрукаваны такія яго вядомыя артыкулы, як «Беларускія вайсковыя фармацыі ў летувіскай арміі», «Сымон Рак-Міхайлоўскі: (3 нагоды сотых угодкаў ад нараджэння)», «Да 175-годдзя аднаўлення Вялікага княства Літоўскага», «Вайна 1812 году і беларускія жыды», «Ю. І. Крашэўскі», «Матэрыялы з гісторыі ўзброеных сілаў БНР», «У 70-я ўгодкі савецка-летувіскага мірнага дагавору», «У 150-я ўгодкі скасавання статуту Вялікага княства Літоўскага», «Ігнат Грынявіцкі: (да 135-годдзя ад нараджэння і 110-годдзя – ад смерці)».

Частку сваёй бібліятэкі В. Сянкевіч падарыў бібліятэцы Іспанскага каталіцкага ўніверсітэта ў горадзе Тамплёна, дзе ён выступаў з лекцыямі на беларускую тэматыку.

Жыў у ЗША, каля горада Сан-Францыска. Памёр у верасні 2007 г.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Скрабатун, У. І. Віктар Сянкевіч / У. І. Скрабатун // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 414.

2. Скрабатун У. Сянкевіч Віктар / У. Скрабатун // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2001. – Т. 6. Кн. І : Пузелі–Усая. – С. 478.