Трусевіч Барыс Іпалітавіч
Трусевіч Барыс Іпалітавіч нарадзіўся 5 жніўня 1892 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне медыцыны. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. Акадэмік Акадэміі навук Беларусі.
У 1916 годзе скончыў медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Удзельнік Першай сусветнай вайны, у 1916–1918 гг. – ваенны ўрач.
У 1918–1928 гг. працаваў у лячэбных установах Кіева і Растова-на-Доне, паралельна займаўся навуковымі даследаваннямі. 3 1928 года працаваў у Мінску: асістэнт, потым дацэнт медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1934 года – загадчык 2-й тэрапеўтычнай клінікі, адначасова загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута.
У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі, у 1941–1943 гг. – загадчык тэрапеўтычнай кафедры Самаркандскага, потым Сталінабадскага медыцынскіх інстытутаў. У 1944 годзе Барыс Трусевіч вярнуўся ў Мінск, працаваў загадчыкам кафедры факультатыўнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута, адначасова – прафесарам і загадчыкам кафедры тэрапіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У 1952–1954 гг. – галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя Беларусі. У 1955–1959 гг. Б. І. Трусевіч з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Аўтар шэрагу навуковых прац па пытаннях паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы, клінічных і эксперыментальных даследаванняў унутранай паталогіі і інфекцыйных захворванняў. Распрацаваў методыку пальпацыі нырак.
У 1946 годзе Барысу Іпалітавічу Трусевічу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі». Узнагароджаны 3 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларусі.
Памёр Барыс Іпалітавіч 14 лістапада 1961 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Балышева, М. Н. Борис Ипполитович Трусевич: к 100-летию со дня рождения / М. Н. Балышева // Здравоохранение Белоруссии. – 1992. – № 9. – С. 72–73.
2. Белов, С. Заслуженный деятель науки, академик Б. И. Трусевич / С. Белов // Віцьбічы = Витьбичи. – 1998. – 15 янв. – С. 8.
3. Борис Ипполитович Трусевич : [некролог] // Здравоохранение Белоруссии. – 1961. – № 12. – С. 68.
4. Врач, педагог, ученый: к 40-летию врачебной, научно-педагогической и общественной деятельности // Здравоохранение Белоруссии. – 1956. – № 6. – С. 69–70.
5. Сидоренко, Г. И. Борис Ипполитович Трусевич (1892–1961) / Г. И. Сидоренко // Здравоохранение Белоруссии. – 1971. – № 12. – С. 53–54.
6. Трусевіч Барыс Іпалітавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 15 : Следавікі–Трыо. – С. 539.
7. Трусевіч Барыс Іпалітавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 539–540.
8. Трусевич Борис Ипполитович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 523.
9. Трусевич Борис Ипполитович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын – С. 274.
10. Трусевич Борис Ипполитович // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск : ВГУ, 2007. – С. 108.
СПАСЫЛКІ
Белорусский государственный университет – Трусевич Борис Ипполитович