Трушко (Каралькова) Галіна Аляксандраўна
Трушко (Каралькова) Галіна Аляксандраўна нарадзілася 19 студзеня 1943 года ў Віцебску. Беларуская актрыса.
У 1963 годзе скончыла студыю Беларускага тэатра імя Я. Коласа. З гэтага ж года працавала ў ім.
Выканаўца лірыка-драматычных і вострахарактарных роляў. Яскравасць, глыбіня і дакладнасць распрацоўкі характараў, эмацыянальнасць вызначаюць майстэрства Галіны Аляксандраўны. Стварыла шэраг вобразаў маладых дзяўчат: Алёнушка («Пунсовая кветачка» Л. Карнавухавай, А. Браўсевіч), Кардэлія («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А. Дзялендзіка), Элеанора («Каханне не жарты» П. Кальдэрона), Ніса («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі). У апошнія гады стварыла вобразы жанчын са складаным драматычным лёсам: Вара («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Юлія Міхайлаўна («Стары дом» А. Казанцава), Баяркіна («Ах, які пасаж!» У. Салагуба, П. Фёдарава), Галіна Паўлаўна («Блытаныя сцежкі» К. Крапівы) і інш.
У 1992 годзе Галіна Аляксандраўна Трушко ўдастоена ганаровага звання «Заслужаная артыстка Беларусі».
Памерла Галіна Аляксандраўна 9 кастрычніка 2001 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Дашкевіч, С. Яе яскравы след / С. Дашкевіч // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 14 янв. – С. 7.
2. Дашкевіч, С. М. Каралькова (Трушко) Галіна Аляксандраўна / С. М. Дашкевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – Т. 4 : З–Л. – С. 369.
3. Дашкевіч, С. М. Каралькова (Трушко) Галіна Аляксандраўна / С. М. Дашкевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1 : А–К. – С. 492.
4. Іваноўскі, Ю. Працяг будзе / Ю. Іваноўскі // Вiцебскі рабочы. – 1998. – 9 студз. – С. 8.
5. Королькова, Г. Я приглашаю вас на бенефис / Г. Королькова // Народнае слова. – 1998. – 6 студз. – С. 5.