Тузікаў Аляксандр Васільевіч
Тузікаў Аляксандр Васільевіч нарадзіўся 5 верасня 1958 года ў г. Полацк, навуковец у галіне матэматычнай кібернетыкі і інфарматыкі. Доктар фізіка-матэматычных навук (2000), прафесар (2005). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002).
У 1980 годзе скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. З 1980 года – у Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (з 2003 года – намеснік дырэктара, з 2009 – генеральны дырэктар), адначасова з 1989 года працуе ў БДУ.
У 1985 годзе абараніў дысертацыю «Метады рашэння некаторых класаў шматкрытэрыяльных задач тэорыі раскладаў» на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук, а ў 1999 годзе – доктарскую дысертацыю «Аналіз сіметрычнасці і параўнанне аб'ектаў на аснове матэматычнай марфалогіі», у 2005 годзе Аляксандру Васільевічу прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Інфарматыка, кіраванне і вылічальная тэхніка».
У 1990 годзе Аляксандр Васільевіч быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, а ў 2002 – Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за цыкл прац па распазнаванні і аналізу стахастычных дадзеных і лічбавых малюнкаў. У 2007 годзе яму была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатныя вынікі. У 2009 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
У 2014 годзе А. В. Тузікаў быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі па спецыяльнасці «Інфарматыка ў медыцыне і біялогіі».
Апублікаваў звыш 350 друкаваных прац, у тым ліку 5 манаграфій і больш за 50 работ на англійскай мове, уключаючы артыкулы ў самых прэстыжных замежных часопісах. Выступаў з навуковымі дакладамі на міжнародных канферэнцыях і ў вядучых замежных навуковых цэнтрах у ЗША, Канадзе, Велікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландах, Аўстраліі, Японіі, Польшчы, Расіі і інш.
А. В. Тузікаў – прадстаўнік Рэспублікі Беларусь ў Міжнароднай асацыяцыі па распазнаванні вобразаў (IAPR).
ЛІТАРАТУРА
1. Болсун, А. Белорусские имена в науке (физика, физико-технические науки, астрономия) / А. Болсун // Изобретатель. – 2016. – № 5. – С. 38–48.
2. Нарадзіўся ў Полацку // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 797–798.
3. Тузиков Александр Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011 – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 523.
4. Тузиков Александр Васильевич // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2007. – С. 138.