Васількоў Мікалай Карнілавіч
Васількоў Мікалай Карнілавіч нарадзіўся 6 мая 1902 года ў Віцебску. Ваенны дзеяч.
З 1918 года – у Чырвонай Арміі. З 1921 года – у ВКП (б). У кастрычніку таго ж года быў накіраваны на вучобу ў 4-ю Кіеўскую артылерыйскую школу, дзе быў курсантам-палітруком і памочнікам камандзіра ўзвода. Пасля заканчэння школы з верасня 1924 года служыў у 1-м зенітна-артылерыйскім палку (Ленінградская ваенная акруга) камандзірам узвода і загадчыкам разведкі дывізіёна, а ў чэрвені 1927 года быў прызначаны камандзірам батарэі 73-га асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна.
У 1931 годзе скончыў Ваенна-тэхнічную акадэмію імя Ф. Э. Дзяржынскага, камандзір і камісар 40-га асобнага разведвальнага артылерыйскага дывізіёна. У ліпені 1932 года Мікалай Васількоў паступіў у ад'юнктуру пры Ваеннай артылерыйскай акадэміі імя Ф. Э. Дзяржынскага, пасля заканчэння якой, у сакавіку 1933 года, працаваў інжынерам вышэйшай кваліфікацыі, у сакавіку 1934 года –выкладчыкам, а ў 1935 годзе – начальнікам лабараторыі баявога прымянення артылерыі.
З ліпеня 1936 года Мікалай Васількоў – начальнік штаба 3-й асобнай брыгады супрацьпаветранай абароны (Закаўказская ваенная акруга), з ліпеня 1937 года – камандзір гэтай жа брыгады, а з мая 1938 года – начальнік артылерыі 3-га корпуса супрацьпаветранай абароны (Баку).
У гады Вялікай Айчыннай вайны на Сталінградскім, Варонежскім, Цэнтральным, 1-м Украінскім, Паўднёвым, 1-м Беларускім франтах. 3 1945 года – на адказных пасадах у войсках супрацьпаветранай абароны краіны.
З красавіка 1949 года – начальнік Упраўлення баявой падрыхтоўкі зенітнай артылерыі войскаў супрацьпаветранай абароны краіны, з чэрвеня 1950 года – камандуючы зенітнай артылерыяй Маскоўскага раёна супрацьпаветранай абароны, са жніўня 1955 года – камандуючы зенітнай артылерыяй войскаў супрацьпаветранай абароны краіны, з мая 1956 года – камандуючы зенітна-рэактыўнымі войскамі і зенітнай артылерыяй войскаў супрацьпаветранай абароны краіны, з красавіка 1959 года – першы намеснік начальніка Ваеннай каманднай акадэміі супрацьпаветранай абароны па вучэбнай рабоце – начальнік вучэбнага аддзела, а з кастрычніка 1960 года – намеснік начальніка гэтай жа акадэміі.
Званне «генерал-лейтэнант артылерыі» М. К. Васількову было прысвоена ў 1954 годзе.
У маі 1962 года звольнены ў запас.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені, Кутузава II ступені, Чырвонага Сцяга (тройчы), медалямі.
Памёр Мікалай Карнілавіч 4 ліпеня 1973 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Васількоў Мікалай Карнілавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 29.
2. Васількоў Мікалай Карнілавіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі = Военная энциклопедия Беларуси / склад.: В. Ц. Осіпаў [і інш.] ; рэдкал.: А. В. Праляскоўскі [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – С. 237.
3. Васількоў Мікалай Карнілавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 527.
4. Васильков Николай Корнилович // Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БелЭн, 2005. – С. 177.
5. Васильков Николай Корнилович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 121.