Велікоўскі Імануіл Шыманавіч
Велікоўскі Імануіл Шыманавіч нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 года ў Віцебску ў сям'і камерсанта. Вучоны, урач, пісьменнік.
У 1900 годзе сям'я Велікоўскіх пераехала ў Маскву. У 1912 годзе хлопчык з залатым медалём скончыў 9-ю Імператарскую гімназію. У жніўні таго ж года семнаццацігадовы Імануіл прыехаў у Францыю і паступіў на медыцынскі факультэт універсітэта. Восенню 1914 года Імануіл Велікоўскі быў залічаны студэнтам Вольнага ўніверсітэта ў Маскве. Два семестры ён быў слухачом курса юрыспрудэнцыі, гісторыі і эканомікі. Восенню 1915 года І. Ш. Велікоўскі пачаў вучыцца на медыцынскім факультэце Эдынбургскага ўніверсітэта (Англія). Скончыўшы першы курс, ён паехаў на летнія канікулы да бацькоў у Маскву. Працягнуць вучобу ў Эдынбургу яму ўжо не ўдалося. Пачалася Першая сусветная вайна. Але ў гэтым жа годзе Імануіл Велікоўскі паступіў на 2-і курс медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, працягваючы гуманітарную адукацыю ў Вольным ўніверсітэце.
Незадоўга да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года І. Велікоўскі пад псеўданімам Імануэль Раміо выпусціў брашуру «Третий исход», асноўная ідэя якой – вяртанне яўрэяў на зямлю Ізраіля. Летам 1921 года Велікоўскі скончыў універсітэт і атрымаў дыплом урача. Вясной 1922 года ён, атрымаўшы дазвол на выезд за мяжу, разам з бацькамі пакінуў Расію. У 1931 годзе сям'я Велікоўскіх пераехала ў Тэль-Авіў, дзе Імануіл пачаў працаваць псіхатэрапеўтам. У 1939 годзе – у ЗША, дзе і жыў да смерці.
Выйшлі яго кнігі – «Міры ў сутыкненнях», «Стагоддзі ў хаосе», «Зямля ў пераваротах», «Народы мора» і інш.
Памёр Імануіл Шыманавіч 17 лістапада 1979 года.
Некаторыя кнігі толькі пасля смерці І. Ш. Велікоўскага былі надрукаваны – «Чалавецтва ў амнезіі», «Астролагі і трунакапальнікі». Ненадрукаванымі засталіся яшчэ чатыры: «Час Ісаі і Гамера», «Сатурн і Патоп», «Юпіцер», «Арбіта».
ЛІТАРАТУРА
1. Алюнин, Г. Огненные миры Великовского / Г. Алюнин // Народнае слова. – 2010. – 5 жн. – С. 15.
2. Берхифанд, Н. Гений из Витебска / Н. Берхифанд // Белорусская деловая газета. – 2002. – 21 марта. – С. 12.
3. Велікоўскі Імануіл Шымонавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 60.
4. Велікоўскі Імануіл Шымонавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 36–37.
5. Лескова, Н. Миры в столкновении / Н. Лескова // Звязда. – 2004. – 23 снеж. – С. 12.
СПАСЫЛКІ
Иммануил Великовский : рассказ о замечательном человеке