Вількін Якаў (Ян) Раманавіч (Рувімавіч)
Вількін Якаў (Ян) Раманавіч (Рувімавіч) нарадзіўся 5 студзеня 1932 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне гісторыі спорту.
У 1950 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (зараз – Мінскі дзяржаўны каледж імя А. К. Глебава), у 1956 годзе – Беларускі інстытут фізічнай культуры (зараз – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры).
У 1956–1958 гг. працаваў інструктарам па фізічнай культуры і спорце Мінскага абласнога савета добраахвотнага спартыўнага таварыства «Буравеснік». У 1958–1961 гг. – інструктар, загадчык аддзела, старшыня райсавета Мінскага абласнога савета спартыўнага таварыства «Чырвоны Сцяг». У 1961–1997 гг. – выкладчык, загадчык кафедры (з 1978) Акадэміі фізічнага выхавання і спорту. У 1985–1997 гг. – член-карэспандэнт Міжнароднага камітэта па гісторыі спорту і фізічнага выхавання (ICOSH).
Збіраў, даследаваў і класіфікаваў беларускія народныя гульні. У 1960-я гады ўзначальваў фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі ў цэнтральныя, заходнія і паўднёвыя раёны Рэспублікі Беларусь.
Аўтар і суаўтар навуковых прац, падручнікаў па фізічнай культуры, даведнікаў па гісторыі фізкультурнага руху на Беларусі.
Памёр Якаў Раманавіч 22 кастрычніка 1997 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Вилькин Яков Романович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 143.
2. Вилькин Яков Романович // Спортивная энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2005. – С. 109.