Вярэнька Францішак Леапольдавіч
Вярэнька Францішак Леапольдавіч нарадзіўся 15 сакавіка 1862 года ў м. Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні (зараз Ушацкі раён), беларускі краязнаўца і археолаг. У 1881 годзе скончыў Мінскую гімназію, а ў 1887 годзе – Варшаўскі ўніверсітэт.
Праводзіў археалагічныя раскопкі. У ваколіцах Пуцілкавіч выявіў 9 гарадзішчаў жалезнага веку і каля 50 курганных груп раннефеадальнага часу. Склаў археалагічную карту ваколіц Пуцілкавіч, на якую нанёс 85 помнікаў старажытнасці, сярод якіх шмат курганных могільнікаў. На карце адзначаны курганы каля вёсак Старынкі, Ідуты, Гарадзец, Афераўшчына, Весніцк, Воснава, Вялікія Дольцы, Замошша, Чарнаручча, тры курганныя могільнікі каля вёскі Пуцілкавічы (паўднёвы ўсход ад маёнтка Пуцілкавічы; у напрамку вёскі Елюбава, у некалькіх сотнях метраў на захад ад вёскі Пуцілкавічы і два курганы на паўднёвы ўсход ад вёскі). Усяго было раскапана 36 пахаванняў (земляных курганоў і курганоў, абкладзеных камянямі). Сярод знаходак – гліняныя гаршкі, жалезныя сякеры і нажы, упрыгажэнні, сярэбраны куфічны дырхем, рэшткі тканін (ільняной і залататканай). Асаблівую цікавасць уяўляюць жаночыя ўпрыгажэнні.
У рукапісах засталіся яго працы «Курганы ў Пуцілкавічах» (1887–1892), «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», археалагічныя карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы беларускага фальклору. Частка матэрыялаў захоўваецца ў Кракаўскім археалагічным музеі. Там жа захоўваюцца і малюнкі знаходак з раскопак у Пуцілкавічах, якія пасля смерці Вярэнькі зрабіў археолаг В. Шукевіч.
За навуковую працу па народнай медыцыне ўзнагароджаны залатым медалём (1886).
Памёр Францішак Леапольдавіч Вярэнька 4 сакавіка 1892 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Вярэнька Францішак Леапольдавіч // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 58–59.
2. Дучыц, Л. У. Вярэнька Францішак Леапольдавіч / Л. У. Дучыц // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі ; рэдкал.: Т. У. Бялова і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2009. – Т. 1 : А–К. – С. 208.
3. Крэскіян, Л. Родам з Пуцілкавіч / Л. Крэскіян // Народнае слова. – 1995. – 23 сак. – С. 5.
4. Мядзведзева, В. У. Археолагі-ўраджэнцы Віцебскай зямлі: працы, здабыткі, вынікі / В. У. Мядзведзева // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Л. В. Аляксеева, Віцебск, 28–29 кастр. 2010 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, Н. Ю. Шаркоўская. – Минск : Медисонт, 2012. – С. 421–434.
5. Пашковіч, А. Наш славуты зямляк / А. Пашковіч // Патрыёт (Ушачы). – 1997. – 29 сак. – С. 6.