Яркоўскі Іван Восіпавіч
Яркоўскі Іван Восіпавіч нарадзіўся 12 мая 1844 года ў мястэчку Асвея Верхнядзвінскага раёна.
Інжынер-тэхнолаг, даследчык у галіне фізікі, хіміі, метэаралогіі, паветраплавання.
Іван Яркоўскі паходзіў са старажытнага шляхецкага роду герба Корсак. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе пры Петрапаўлаўскай царкве ў Маскве.
У 1870 годзе скончыў маскоўскі Александрыйскі сіроцкі кадэцкі корпус са званнем тэхнолага 1-га разраду. У 1872 годзе, пасля абароны дысертацыйнай працы «Праект машыны для водазабеспячэння і тэарэтычнае даследаванне механізма», атрымаў званне інжынера-тэхнолага. Працаваў у Мінску зборным майстрам у чыгуначных майстэрнях (1872–1874), начальнікам дэпо ў Смаленску (1874–1876), начальнікам вагонных майстэрняў у Маскве (1876–1894), упраўляючым Неўскага механічнага завода і суднабудаўнічага завода (1894–1897), памочнікам галоўнага ўпраўляючага заводамі акцыянернага таварыства Мальцава (1897–1901).
У 1887 годзе для таго, каб растлумачыць сусветнае прыцягненне, ён прапанаваў «Кінетычную гіпотэзу», скарыстаўшы потым яе палажэнні для аналізу фізіка-хімічных і метэаралагічных з'яў. Сукупнасць высноў звязана ў адно цэлае асноўнай ідэяй, падаецца ў выглядзе філасофскага спалучэння разрозненых навуковых ідэй, выказаных у дачыненні да розных з'яў прыроды. Летам 1888 года праца «Сусветнае прыцягненне як вынік утварэння важкай матэрыі ўнутры нябесных цел: кінетычная гіпотэза» з'явілася ў друку спачатку на французскай мове, а ў 1899 годзе у пашыраным і дапоўненым выглядзе – на рускай. Прапанаваў механічнае тлумачэнне прыцягнення.
Вядомыя і іншыя навуковыя працы І. Яркоўскага: «Новы погляд на прычыны метэаралагічных з'яў» (Масква, 1891), «Будовы матэрыі і міжмалекулярныя сілы» (Масква, 1894), «Захапленне матэматычнымі тэорыямі ў сучаснай навуцы» (Масква, 1893), «Шчыльнасць светлавога эфіру і супраціўленне руху, якое ён аказвае» (Бранск, 1893).
Памёр Іван Восіпавіч 21 студзеня 1902 года ў Германіі.
ЛІТАРАТУРА
1. Болсун, А. И. Белорусские имена в науке (физика, физико-технические науки, астрономия) / А. И. Болсун // Изобретатель. – 2016. – № 7–8. – С. 51–61.
2. Волосевич, Д. Знаменитые ученые – выходцы из Беларуси / Д. Волосевич // Гісторыя: праблемы выкладання. – 2011. – № 3. – С. 55–58.
3. Гапоненка, В. Аўтар смелых гіпотэзаў / В. Гапоненка // Настаўніцкая газета. – 1993. – 6 кастр. – С. 4.
4. Гапоненка, В. Іван Яркоўскі (1844–1902) / В Гапоненка // Краязнаўчая газета. – 2009. – № 25 (ліп.). – С. 5.
5. Гапоненка, В. А. У пошуках гармоніі сусвету. Іван Яркоўскі / В. А. Гапоненка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – 70 с.
6. Иван Ярковский: автор гипотез, опередивших время / подгот. А. Шибут // Изобретатель. – 2014. – № 4. – С. 10–13.
7. Космач, П. Г. Яркоўскі Іван Восіпавіч / П. Г. Космач // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2004. – Т. 18. Кн. I : Шчытнікі–ЯЯ. Дадатак. – С. 299.
8. Яркоўскі Іван Восіпавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 323–324.
9. Яркоўскі Іван Восіпавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 190.