Замкоўскі (Алесь) Аляксандр Міхайлавіч
Замкоўскі (Алесь) Аляксандр Міхайлавіч нарадзіўся 5 жніўня 1984 года ў Полацку.
У 2007 годзе скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
З 2007 па 2013 гг. працаваў журналістам аб'яднанай газеты «Полацкі веснік» (карэспандэнтам, загадчыкам аддзела сацыяльных праблем).
З 2013 года працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, з 2014 года – кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
З 2014 па 2017 гг. выконваў абавязкі сакратара мастацкага савета тэатра.
Актыўна ўдзельнічае ў сустрэчах з гледачамі, радыё- і тэлевізійных перадачах, дзе прапагандуе мастацтва тэатра імя Якуба Коласа. З'яўляецца адказным за арганізацыю гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні "Школьны тэатр"». У 2016 годзе прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў да 90-годдзя тэатра імя Якуба Коласа: тыдзень камернай сцэны, тыдзень драмы і камедыі, юбілейны творчы вечар «Тэатр прызямліўся ў Віцебску», выданне юбілейнага буклета, выстава ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі «Тэатр у люстэрку часу», прэзентацыя кнігі польскага культуролага Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920–1930-х: адабраная памяць»; дакументальна-мастацкі праект «Маё жыццё ў мастацтве», прысвечаны юбілею тэатра і юбілею народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Напісаў сцэнарыі творчых вечароў, прысвечаных Міжнароднаму дню тэатра і дню заснавання тэатра – «Акцёр пакідае часцінку душы...», «В вихре иллюзий», «Тэатр+Кіно»; сцэнарый да юбілейных вечароў народнага артыста СССР і БССР Фёдара Шмакава, народнай артысткі БССР Зінаіды Канапелька, народных артыстаў Беларусі Тадэвуша Кокштыса і Святланы Акружной, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Ліхачовай, вядучых майстроў сцэны Наталлі Аладкі і Святланы Жукоўскай. Ажыццявіў пераклад п'ес да спектакляў: «Я свободен!» па аднайменным рамане А. Натомб, «Гарольд и Мод» К. Хігінса, «Странная миссис Сэвидж» Д. Патрыка, чэхаўскіх «О вреде табака», «Юбилей», «Предложение» да спектакля «Смешные люди», «Бабочка... Бабочка...», «Глоток чужого виски», «Огненный Лев». Напісаў тэксты песень да спектакляў «Снежная королева» Я. Шварца, «Приключения Дюймовочки» П. Ісайкіна, «Дурочка» Лопе дэ Вегі, «Огненный лев» А. Кружнова. Займаўся адаптацыяй да сучаснай беларускай мовы перакладаў п'ес «Ромео и Джульетта» У. Шэкспіра, «Последние» М. Горкага, «Дурочка» Лопе дэ Вегі.
ЛІТАРАТУРА
1. Замкоўскі Аляксандр Міхайлавіч // Даследчыкі Полаччыны XVI – п. п. XXI стст. : біябібліяграфічны паказальнік : у 5 ч. / [склад. Л. Б. Дзядзюдліна]. – Полацк : Полацкая цэнтральная бібліятэка імя Ф. Скарыны, 2014. – Ч. 2 : Д–К. – С. 77–81.