Глыбокае, г., Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 01.08.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 09:06
Назва |
Глыбокае |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Глыбоцкі |
Дата заснавання | 1414 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва звязана альбо са становішчам паселішча ў глыбіні лесу, удалечыні ад дарог, альбо з глыбокім возерам (сажалкай) |
Горад Глыбокае знаходзіцца за 200 км на захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына – Варапаева. Праз горад праходзіць аўтадарога Полацк – Вільнюс. Сёння горад займае плошчу 1366 гектараў. Колькасць вуліц і завулкаў складае 154. На канец 2016 года ў Глыбокім было зарэгістравана 20 886 жыхароў. У межах горада знаходзяцца азёры Кагальнае і Вялікае, з якога выцякае рака Бярозаўка.
Адносна даты заснавання Глыбокага сказаць што-небудзь дакладна цяжка, але на сённяшні дзень кропкай адліку гісторыі горада вучоныя і краязнаўцы лічаць 1414 год. Менавіта ў гэтым годзе Зяновій Братошыч (нашчадак сербскіх ці малдаўскіх князёў) атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валодання бацькоўскімі маёнткамі, сярод якіх названа і Глыбокае. Аднак археалагічныя даследаванні даюць падставу сцвярджаць, што землі сучаснага горада былі асвоены людзьмі яшчэ ў жалезным веку.
Пастановай Віленскага сейма ад 1556 года ўзаконены падзел прыватнаўласніцкага мястэчка Глыбокае на дзве часткі: паўднёва-заходнюю, якая належыла шляхецкаму роду Зяновічаў і ўваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства, і паўночна-усходнюю, што належыла Корсакам і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У апошнія гады XVIстагоддзя Крыштаф Зяновіч заснаваў у Глыбокім кальвінскі збор, які пасля яго смерці быў перабудаваны ў каталіцкі касцёл Святога Міхаіла. У сярэдзіне XVIIстагоддзя ўладанні Зяновічаў у якасці пасагу перайшлі да радзівілаўскага дома. Цэнтрам гэтай часткі Глыбокага была гандлёвая плошча з крамамі, свірнамі, уніяцкай царквой, якая згарэла ў 1820 годзе. У XVII–XVIIIстагоддзях існаваў тут і замак, збудаваны на месцы двара Зяновічаў.
Паўночна-усходняя частка была ва ўласнасці Корсакаў. У гэтай частцы пачыналіся шляхіна Полацк, Дзісну і мястэчка Беразвечча (цяпер у межах горада). У 16 ст. Глыбокае стала мястэчкам. У ходзе Лівонскай вайны 1558–1583 гг. мястэчку былі прычынены вялікія страты. І. Л. Корсак у сваёй частцы ў 1636 г. заснаваў касцёл і кляштар кармелітаў, пры ім было вучылішча. У сярэдзіне 17 ст. пабудавана царква святой Троіцы. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. рускія войскі пабудавалі тут невялікую драўлянуюкрэпасць для гарнізона. Мястэчка шмат цярпела ад пажараў, асабліва ў 1661 г. і 1700 г. У 1668 г. паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў, у 19 ст. да Вітгенштэйнаў. У 1742 г. у Глыбокім пабудавана сінагога, у канцы 18 ст. – Ільінская капліца. У 18 ст. у мястэчку былі 2 гандлёвыя плошчы, на якіх стаялі крамы. У 1775 г. налічвалася 310 дамоў, у частцы Корсакаў – 110 двароў. Пры кляштары кармелітаў з 18 ст. працавалі школа, бібліятэка, былі фізічны кабінет, аптэка, шпіталь. Кляштар меў 40 музыкантаў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. мястэчка Глыбокае ў складзе Дзісенскага павета ўвайшло ў Расійскую імперыю. У вайну 1812 г. з ліпеня да снежня яго акупіравалі французскія войскі. 3 18 ліпеня шэсць дзён тут знаходзіўся Напалеон.
3 1842 г. паўднёва-заходняя частка была прыватнаўласніцкай, паўночна-усходняя – у валоданні дзяржавы. У 1861 г. у мястэчку 212 двароў, каля 3 тыс. жыхароў. У 1886 г. працавала народнае вучылішча, дзейнічалі піваварны, вінакурны, цагельны заводы, па нядзелях праходзілі рынкі, штогод праводзіліся 2 кірмашы. Паводле перапісу 1897 г. у Глыбокім быў 4741 жыхар. У канцы 19 – пачатку 20 ст. да мястэчка пракладзена чыгунка. У 1917 г. тут было больш за 5 тыс. жыхароў.
У лютым–снежні 1918 г. Глыбокае акупіравалі германскія, а ў жніўні 1919 – ліпені 1920 г. і кастрычніку 1920 г. – польскія войскі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. як цэнтр Дзісенскага павета Віленскага ваяводства Глыбокае было далучана да Польшчы. У 1939 г. у Глыбокім было 9,7 тыс. жыхароў.
3 1939 г. Глыбокае ў складзе БССР. 15 студзеня 1940 г. яму нададзены статус горада, яно стала цэнтрам Глыбоцкага раёна.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 3 ліпеня 1941 г. Глыбокае акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Яны стварылі 3 лагеры смерці. Толькі ў лагеры смерці на тэрыторыі былога базыльянскага манастыра ў Беразвеччы акупанты загубілі больш за 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. За час акупацыі гітлераўцы ў Глыбокім і раёне загубілі больш за 13 тыс. чалавек. 3 ліпеня 1944 г. Глыбокае было вызвалена воінамі Чырвонай Арміі.
У 1959 г. насельніцтва горада складала 7,3 тыс. чалавек. У 1960-я гг. у межы горада ўключана вёска Беразвечча. У 1967 г. распрацаваны генеральны план Глыбокага. Быў створаны мікрараён ва ўсходняй яго частцы, у заходняй сканцэнтраваліся прамысловыя прадпрыемствы. Да 1970 г. насельніцтва горада павялічылася да 11,9 тыс. жыхароў. Ён захаваў радыяльную планіроўку, што склалася ў 17–18 ст. Захавалася частка будынкаў 18–19 ст., фрагменты забудовы 19 – пачатку 20 ст.
Горад не страціў радыяльную планіроўку са свабодным унутрыквартальным размяшчэннем вуліц, якая склалася ў 17–18 ст. Захаваліся будынкі 18–19 ст.: аўстэрыя 18 ст., буйнейшыя археалагічныя комплексы – касцёл і кляштар кармелітаў (1639–1654), Траецкі касцёл (1764–1782, перабудаваны ў 1902–1908), фрагменты забудовы 19 – пачатку 20 ст. На могілках Капцёўка знаходзяцца Ільінская капліца і мемарыяльная калона ў памяць аб Канстытуцыі 3 мая 1791 года (абедзве канца 18 ст.) У межы сучаснага горада ўвайшоў комплекс Беразвецкага базыльянскага манастыра (18 ст.).
У горадзе ёсць могілкі савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.
У 2012 годзе Глыбокае стала лепшым горадам у Беларусі па добраўпарадкаванні. А ў 2016 – першае месца сярод 160 заяўленых праектаў заняла дзіцячая пляцоўка «Брыганціна».
Зараз на тэрыторыі горада дзейнічаюць буйныя прадпрыемствы, установы культуры і адукацыі, установы аховы здароўя і інш. Пабудаваны новы мікрараён «Паўночны».
Кожны год у горадзе праводзіцца «Вішнёвы фестываль».
ЛІТАРАТУРА
1. Вярцінская, А. Горад храмаў, цэнтр асветы / А. Вярцінская // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 31 жн. – С. 19.
2. Гісторыя // Глыбокае. Глыбоцкі раён / пад. рэд. М. М. Кандзерскага, М. П. Чарапкоўскага. – Мінск : Бонэм, 2004. – С. [6–9].
3.Жучкевич, В. А. Глубокое / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 72