Падсвілле, г.п., Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 06.04.2021 10:49
Назва |
Падсвілле |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Глыбоцкі |
Сельскі Савет | Падсвільскі пасялковы Савет |
Дата заснавання | 1924 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва арыентавана на месца вёскі Свілы |
Падсвілле – гарадскі пасёлак у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, на берагах азёр Алаізберг і Белае, чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна – Полацк. За 26 км на ўсход ад Глыбокага, 194 км ад Віцебска.
Першы пісьмовы ўспамін пра Падсвілле звязаны з другім падзелам Рэчы Паспалітай (1793 г.), калі вёска апынулася ў складзе Расійскай імперыі ў Пліскай воласці Дзісенскага павета (з 1842 г. Віленскай губерні). У 1913 г. у Падсвіллі 9 двароў і фальварак Алаізберг з 3 дварамі. 3 пабудовай чыгункі Маладзечна – Полацк у пачатку 20 ст. вёска значна вырасла. У 1921–1939 гг. у складзе Польшчы.
У 1924–1939 гг. у Падсвіллі размяшчаўся гарнізон 7-га батальёна КАП, які пасля рэформы Пілсудскага ў 1929 годзе стаў называцца батальён КАП «Падсвілле». Таму датай заснавання па афіцыйнах дакументах прынята лічыць 1924 год.
3 1939 г. у БССР Падсвілле – частка Пліскага раёна Вілейскай вобласці. З верасня таго года, калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, у пасёлку адбыліся значныя змены. У час нямецкай акупацыі тут жылі жандармы і паліцаі, вялася актыўная барацьба з партызанскімі брыгадамі. Шмат суседніх вёсак было спалена. На час вайны Падсвілле спыніла сваё развіццё.
У чэрвені 1944 года гарадскі пасёлак быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. З 20 верасня 1944 г. – Падсвілле частка Полацкага раёна. З 8 студзеня 1954 г. – Маладзечанскага. 3 8 чэрвеня 1950 г. цэнтр Пліскага раёна, з 28 чэрвеня 1958 г. – гарадскі пасёлак.
У 1962 годзе быў скасаваны Пліскі раён і большая частка тэрыторыі пасёлка перайшла да Глыбоцкага раёна. З таго часу сталі будавацца шматпавярховыя цагляныя будынкі, асабліва па вуліцах Савецкай і Кастрычніцкай.
У 1947–1948 вучэбным годзе ў Падсвільскай сярэдняй школе адбыўся першы выпуск.
У 1974 годзе – пабудаваны Дом культуры.
Зараз ў гарадскім пасёлку ёсць бібліятэка, дзіцячы сад, мастацкая школа, стадыён, бальніца, будаўнічая арганізацыя ДКУСП «Глыбоцкая ПМК-48». У паўночнай частцы населенага пункта размешчана Дзвінская эксперыментальная лясная база. Ёсць праваслаўная царква ў гонар Святога велікамучаніка Георгія Пабеданосца, касцёл Сэрца Іісуса, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Падсвілля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама разліковы цэнтр «Беларусбанка», пошта, комплексны прыёмны пункт, аптэка і дзіцячая бібліятэка, магазіны. Працуюць прадпрыемствы харчовай (камунальнае УП «Завод харчовых прадуктаў», вытворчы ўчастак Глыбоцкага камбікормавага завода), лёгкай (ільнозавод) галін прамысловасці.
У пасёлку налічваецца 18 вуліц і 10 завулкаў. Пражывае – 2223 жыхары.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. В Подсвилье большие перемены к лучшему / Д. Берникович // Народнае слова. – 2007. – 11 снеж. – С. 3.
2. Бунто, І. У. гісторыі населеных пунктаў Глыбоччыны / І. У. Бунто // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 438–445.
3. Жалняровіч, М. Падсвілле. Мінулае і сучаснае / М. Жалняровіч // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 20 крас. – С. 6 ; 25 чэрв. – С. 6 ; 5 лістап. – С. 14.
4. Подсвилье // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : Бел Эн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 130.
5. Скрабатун, У. Чаму Падсвілле святкуе 90-я ўгодкі?: а маглі ж святкаваць і 110-я, а калі пакорпацца ў дакументах, то мо і на 150-я можна назбіраць! / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 21 жн. – С. 11.
6. Хайноўскі, А. Падсвілле стала старэйшым / А. Хайноўскі // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 23 верас. – С. 4–5.