Пліса, в., Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 01.08.2017 12:23
- Адноўлена 06.04.2021 11:32
Назва |
Пліса |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | вёска |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Глыбоцкі |
Сельскі Савет | Пліскі сельсавет |
Дата заснавання | 1507 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | утворана ад тэрміна "плёс" - участак ракі ці вадаёма, спакойны, з роўным дном. Захавалася назва віду дзікіх качак "пліска" |
Вёска Пліса знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне, на беразе возера Пліса, каля вытоку р. Мнюта. Цэнтр сельсавета, за 21 км на ўсход ад Глыбокага, 10 км ад чыгуначнай станцыі Падсвілле, на аўтамабільнай дарозе Глыбокае – Полацк.
Паселішча ўзнікла над возерам Пліса, ад якога і атрымала назву. Полацкія крывічы пачалі тут сяліцца яшчэ ў далекім мінулым. Раскопкамі, што праводзіліся ў 1981 г. беларускім археолагам Э. М. Зайкоўскім, каля вёскі выяўлены крамянёвыя прылады працы, керамічныя вырабы, грубаляпны посуд, якім карысталіся мясцовыя жыхары. Засяленне гэтай мясцовасці пачалося ў далекім мінулым. У ваколіцах Плісы і возера шмат курганоў, што пацвярджае версію пра знаходжанне тут першабытных людзей каля 3 тысяч гадоў таму. Пазней тут праходзіў гандлёвы шлях з Полацка на Вільню, які вядомы ў 15–16 стагоддзях. Кароль польскі і вялікі князь Літоўскі Жыгімонт I выдаў грамату 7 ліпеня 1507 г., у якой пацверджана купля «вечным правам» маёнтка Пліса з трыма фальваркамі, сялом Балошнікі і з усімі агародамі, палямі, будынкамі ў дварах, іншай маёмасцю Мікалаем Петухом у вядомага дзеяча, гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Астрожскага. Грамата пацвярджала вечнае права карыстання зямлёй і пабудовамі, а таксама рэкамі, ставамі, млынамі як дзецям гаспадара, так і яго нашчадкам. Пліса як мястэчка ўпамінаецца ў «Полацкай рэвізіі» 1552 г., тут было 63 двары. На карце Полацкага ваяводства, выкананай вядомым каралеўскім картографам С. Пахалавіцкім у 1579 г., Пліса абазначана як паселішча. Каля 1624 г. частка пліскіх зямель была маёмасцю Рыгора Іванавіча Падбіпенты. Па фундушавым запісе Іосіфа Іванавіча Корсака ў 1642 г. Удзелаўскі францысканскі кляштар з касцёлам атрымаў дазвол на рыбалоўства ў пліскіх азёрах. У 1670 г. мястэчка Пліса належала полацкаму земскаму суддзі Іосіфу Львовічу Корсаку. Прывілеем караля Станіслава Аўгуста ад 15 жніўня 1788 г., які быў дадзены Рамуальду Падбіпенту, у мястэчку дазвалялася праводзіць штотыдневыя кірмашы ў нядзелю, на якіх прадаваліся і абменьваліся розныя мясцовыя і прывезеныя тавары. Пазней Пліса перайшла ў валоданне патомкаў вядомага на Глыбоччыне шляхецкага роду Дэспатаў-Зяновічаў, якія былі гаспадарамі да канца мінулага стагоддзя. 3 1793 г. Пліса ў складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 г. Віленскай губерняў.
У канцы 18 ст. тут знаходзіліся «гаспадарскі дом», драўляная ўніяцкая царква, 6 крам, 2 карчмы. На рэчцы працаваў млын на 4 паставы. Сяляне жылі на аплаце і ўтрыманні іх уладальніка – гаспадара маёнтка, а шляхта – на чыншы. Жанчыны апрача палявых работ займаліся рукадзеллем. Пры царкве ў 1922 г. было заснавана брацтва. У 1887 г. у мястэчку Пліса было 75 дамоў і 651 жыхар. Тут дзейнічалі парафіяльная царква, яўрэйская сінагога, капліца на могілках. Мястэчка было цэнтрам воласці. 3 1863 г. працавала пачатковая школа. У фальварку Пліса былі 63 жыхары, працаваў завод па вырабе гарэлкі і віна. Фальварак належаў роду Падбіпентаў, потым перайшоў ва ўласнасць наследнікаў роду Дэспатаў-Зяновічаў. У склад сельскай абшчыны ўваходзілі, акрамя мястэчка, вёскі Мацясы і Гнілякі, у якіх ў 1864 г. было 169 жыхароў. У склад воласці, акрамя мястэчка, ўваходзілі 74 вёскі, дзе было 517 дамоў і 7188 жыхароў. Паводле статыстычных дадзеных, у той час тут знаходзілася 90 рускіх салдат. У складзе тагачаснай воласці было 13 сельскіх абшчын: Мнюта, Гатаўшчына, Галубічы, Свіла, Задарожжа, Перадолы, Багушэвічы, Юстыянава, Філіпаўшчына і інш. У 1897 г. у мястэчку 899 жыхароў. 3 1921 г. Пліса ў складзе Польшчы, цэнтр воласці Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. 3 15 студзеня 1940 г. да 8 чэрвеня 1950 г. цэнтр Пліскага раёна (з 1950 г. цэнтр раёна — г. п. Падсвілле) Вілейскай, з 1944 г. Полацкай, з 1954 г. Маладзечанскай абласцей БССР. 3 1960 г. у Віцебскай вобласці. 3 15 снежня 1962 г. у Глыбоцкім раёне.
Вёска знаходзіцца ў складзе сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Мнюта». Дзейнічаюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне АСБ «Беларусбанк», магазіны і інш.
Побач з вёскай селішча эпохі неаліта, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў. Помнік архітэктуры – Параскеўская царква.
У 2016 годзе адкрыўся санаторна-курортны комплекс «Пліса». Санаторый пабудаваны на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў лясной зоне ўздоўж паўночнага берага жывапіснага возера Пліса. На плошчы ў 20,5 га размешчаны аб'екты для аздараўлення і адпачынку, якія адначасова могуць прыняць больш за 400 наведвальнікаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Бунто, І. У. З гісторыі населеных пунктаў Глыбоччыны / І. У. Бунто // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 438–445.
2. Бунто, И. В. Плиса / И. В. Бунто // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 102–103.
3. Жыгуноў, А. Вёска Пліса напярэдадні свайго паўтысячнага юбілею / А. Жыгуноў // Веснiк Глыбоччыны. – 2007. – 14 сак. – С. 3.
4. Жыгуноў, А. Вёсцы Пліса – 500 гадоў, альбо На свята роднай вёскі сышліся ці не ўсе яе жыхары / А. Жыгуноў // Веснiк Глыбоччыны. – 2007. – 28 ліп. – С. 1,7.
5. Мірончык, У. Пліса — былы райцэнтр, альбо Гістарычныя перэпітыі мястэчка ў мінулым стагоддзі / У. Мірончык // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 15 крас. – С. 2.
6. Плиса (бел. Пліса) // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсовет: Т.В. Белова (пред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 250.