Калектыў народны архаічных спеваў «Княжыч». Полацкі раён, г. Наваполацк
- Подробности
- Створана 12.11.2018 12:23
- Адноўлена 19.11.2018 16:59
Фальклорны народны гурт архаічных спеваў «Княжыч» адносіцца да Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Наваполацка.
Гурт архаічных спеваў «Княжыч» – адзін з першых маладзёжных фальклорных калектываў вобласці, які на навуковай аснове займаецца вывучэннем аўтэнтычнай культуры Віцебшчыны. Практычны фальклорны матэрыял збіраецца ў час фальклорных экспедыцый, якія сістэматычна праводзяцца па розных рэгіёнах Беларусі. Грунтоўны фальклорны архіў дазваляе ствараць разнастайныя па змесце праграмы.
Дзейнасць гурта мае абрадавую накіраванасць. Купалле, Каляды і іншыя абрады каляндарнага цыклу праводзяцца ў натуральных прыродных і побытавых умовах, што дазваляе ствараць сучасныя мадэлі язычніцкага свята.
«Княжыч» з'яўляецца свайго роду творчай лабараторыяй, у якой распрацоўваюцца актуальныя фальклорныя праекты як практычнага характару (вечарыны, абрадавыя святы, канцэрты, творчыя імпрэзы, экспедыцыі і інш.), так і тэарэтычнага: семінары, канферэнцыі, этнаграфічныя пасяджэні, лекцыі і інш.
На працягу многіх гадоў гурт «Княжыч» – вядучы калектыў у ажыццяўленні фальклорнага праекта Віцебскага АНМЦ НТ і КАР «Купалле Паазер'я», які распрацоўваўся з улікам вопыту правядзення купальскага абраду менавіта маладзёжным гуртом з Наваполацка. Удзельнікі калектыву аказваюць значную метадычную дапамогу абласным, раённым і сельскім установам культуры па арганізацыі і правядзенні абрадавых святаў і абрадаў.
Калектыў – актыўны ўдзельнік шматлікіх абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі лаўрэата фестываляў абрадавага фальклору «Купалле Паазер'я» (2003, 2004, 2005). Ён лаўрэат абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Ад прашчураў да зор», што праходзіў у рамках II Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня». Мае рэкламную інфармацыю, друкаваныя, фота і відэаматэрыялы пра сваю дзейнасць.
ЛІТАРАТУРА
1. Кернажыцкая, Л. Вопыт і праблемы захавання аўтэнтычнага фальклору ў дзейнасці фальклорных калектываў Віцебшчыны / Л. Кернажыцкая // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск : УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2007. – С. 177–194.
2. Козiк, А. Звон мячоў пад гукi дуды / А. Козік // Витебский курьер. – 1997. – 15 окт. – С. 3.
3. Козiк, А. «Княжычам» год / А. Козік // Витебский курьер. – 1996. – 15 нояб. – С. 8.
4. Козік, А. Вучаць вёску калядаваць / А. Козік // Витебский курьер. – 2005. – 14 янв. – С. 3.
5. Малашэня, Л. Ехала Каляда з-пад Полацка / Л. Малашэня // Народнае слова. – 2008. – 17 студз. – С. 9.
6. Малашэня, Л. «Княжыч» збiрае сяброў / Л. Малашэня // Народнае слова. – 1996. – 16 мая. – С. 5.
7. Радзько, Н. Месяц, які расце / Н. Радзько // Новая газета (Наваполацк). – 2015. – 27 нояб. – С. 13.