Звіняць цымбалы і гармонік, Міжнародны фестываль народнай музыкі, Пастаўскі раён, Паставы, г.
- Подробности
- Створана 18.04.2017 08:40
- Адноўлена 16.01.2023 10:03
Гісторыя традыцыйнага ў вобласці Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» пачалася з 1987 г. Першы рэспубліканскі фестываль быў праведзены ў Віцебску. На яго сабраліся невялікія калектывы і індывідуальныя выканаўцы, народныя майстры музычных інструментаў, усяго каля 150 чалавек. Двойчы фестываль праводзіўся ў Магілёве, але потым надоўга прыжыўся ў Паставах. Час пацвердзіў, што сама ідэя правядзення ў Паставах фестывалю народнай музыкі знайшла добрую глебу, бо ён грунтуецца тут на багатых музычных традыцыях, мае цікавую, адметную выканальніцкую школу груздаўскіх музыкаў. Фактычна гэта адзіны ў рэспубліцы рэгіён, дзе захаваліся дыятанічныя цымбалы, што і зараз вырабляюцца майстрамі-самародкамі, дзе працуюць сучасныя калектывы, якія развіваюць далей гэту выканальніцкую школу.
Дзякуючы намаганням выкладчыкаў Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, яе дырэктара і выдатнага музыкі А. Собаля, створаны новыя калектывы, якія захоўваюць традыцыі вядомага яшчэ з 1939 г. Груздаўскага цымбальнага аркестра. Сёння іх традыцыі працягвае народны фальклорны ансамбль «Паазер'е». За шмат гадоў свайго існавання ён пабываў у многіх краінах. Артыстаў з захапленнем слухаюць усюды.
Фестываль мае сваю гісторыю, традыцыі, энтузіястаў. Каля вытокаў фестывалю былі народны артыст Беларусі прафесар М. А. Казінец, заслужаны работнік культуры рэжысёр У. В. Таран, заслужаны дзеяч культуры і балетмайстар І. А. Серыкаў, а таксама старшыня арганізацыйнага камітэта, начальнік аддзела ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Т. І. Стружэцкі.
У 1992 г. фестываль упершыню завітаў у Паставы. 3 усіх абласцей Беларусі з'ехаліся сюды лепшыя ансамблі народных музычных інструментаў і асобныя выканаўцы. У 1996 г. фестываль набыў статус міжнароднага.
Асноўныя мэты фестывалю – захаванне і развіццё народных традыцый, папулярызацыя народна-інструментальнай творчасці, павышэнне мастацкага ўзроўню аркестраў і ансамбляў народнай музыкі, пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару калектываў мастацкай творчасці лепшымі ўзорамі народнай музыкі, развіццё выканальніцкай школы ігры на народных інструментах, далучэнне насельніцтва да нацыянальных традыцый інструментальнай музычнай культуры беларусаў і іншых народаў.
Сярод удзельнікаў: аматарскія народна-інструментальныя калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы на народных інструментах, самадзейныя артысты (гарманісты, прыпевачнікі, фальклорныя гурты, выкладчыкі і навучэнцы музычных школ раёна, прафесійныя калектывы з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Казахстана, Ізраіля, Кітая і інш.).
У праграме фестывалю: выстаўка-кірмаш народнага мастацтва рамёстваў і промыслаў «Горад майстроў», дзе народныя ўмельцы прадстаўляюць сувеніры і вырабы з керамікі, саломкі, арганічнага шкла, тканіны, вышыванкі, габелены, бацікі і інш., выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, тэатральныя пастаноўкі, масавыя ігрышчы, тэарэтычна-практычныя пасяджэнні па пытаннях развіцця аматарскага мастацтва і народна-інструментальнай творчасці, майстар-класы,творчыя лабараторыі, танцавальныя вечарыны і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Богатое музыкальное наследие // Культурная палитра Поставщины / авт.-сост. Л. Четович. – Поставы : Поставская типография, [20--?]. – С. 19–24.
2. Грай, гармонь // Народная газета. – 2018. – 15 чэрв. – С. 29.
3. Гуд, П. А. «Звіняць цымбалы і гармонік» / П. А. Гуд // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 451–452.
4. Гудзей-Каштальян, В. Р. «Звіняць цымбалы і гармонік» / В. Р. Гудзей-Каштальян // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – Т. 4 : З–Л. – С. 104.
5. Захарава, А. Галоўная падзея года / А. Захарава // Народная газета. – 2012. – 16 чэрв. – С. 6.
6. «Звіняць цымбалы і гармонік» // Віцебшчына святочная і фестывальная / падрыхт : А. М. Лялькіна. – Віцебск : Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, 2010. – С. 6–8.
7. Кабанава, А. Звіняць цымбалы і гармонік / А. Кабанава // Рэспубліка. – 2010. – 3 ліп. – С. 4.
8. Кляшчук, А. Пастаўскія найгрышы / А. Кляшчук // Звязда. – 2015. – 17 чэрв. – С. 1, 6.
9. Пастернак, Т. Цимбалы и гармоника неразлучны! / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2007. – 14 чэрв. – С. 2.
10. Пашкевіч, Т. Захоўваючы спадчыну / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2018. – 12 июня. – С. 1, 4.
11. Перагорнем старонкі // Пастаўскi край. – 2007. – 7 чэрв. – С. 2–6.
12. Попова, В. Талантов – море! / В. Попова // Советская Белоруссия. – 2006. – 17 июня. – С. 15.
13. Русак, Н. «Не да грошай і славы, а да шчырага сэрца...» / Н. Русак // Культура. – 2006. – 24–30 чэрв. – С. 13.
14. Сауліч, У. На дзесяць балаў / У. Сауліч // Вiцебскi рабочы. – 2007. – 14 чэрв. – С. 1–2.
15. Свірка, І. «А ў Пастаўскім раёне пад цымбальныя звоны разліваюцца песні...» / І. Свірка // Рэспубліка. – 2005. – 17 чэрв. – С. 3.
16. Ягорава, В. «Карагод» наш пастаўскі – ён усіх зачараваў / В. Ягорава // Культура. – 2007. – 16–22 чэрв. – С. 13.