Помнік Павалішыну Iларыёну Афанасьевичу. Расонскі раён, в. Янкавічы
- Подробности
- Створана 08.04.2020 09:34
- Адноўлена 08.04.2020 09:50
У в. Янкавічы на Расоншчыне вясной 2004 года падчас раскопак траншэі, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам археолага Д. Дука, на месцы былога храма было знойдзена месца разрабаванага склепа з фрагментамі пахавання. На разбітай беламармуровай пліце ўдалося разабраць надпіс: «У надзеі ўваскрашэння тут аддадзена зямлі тленнае цела віцэ-адмірала і кавалера Святой Ганны першага класа, велікамучаніка і перамаганосца Георгія другога класа ласкаю Божай раб Павалішын Іларыён Афанасьевіч. Нарадзіўся ў 1739 годзе 13 кастрычніка, памёр ад Нараджэння на 60-м годзе, 1799 года, 7 красавіка ў 5-й гадзіне, пахаваны ў тым жа годзе 10-га красавіка».
Па ўспамінах мясцовай жыхаркі Волкавай Любові Міхайлаўны, храм быў драўляны на мураваным падмурку, меў невялікі бабінец, знадворку былі вялікія разныя дзверы з дрэва. На храме была невялікая званіца, на званіцы – адзін купал храма. З кожнага боку храма – па двое акон з каванымі рашоткамі, дах быў накрыты меднай бляхай. Вышыня храма – прыкладна 5 м. Каля храма была маленькая сажалка. У савецкі час – ужо не працаваў.
Калі ад храма застаўся толькі зруб без даху, былі разбіты надмагіллі, адкрыты склеп флатаводца і яго жонкі Аўдоцці Фёдараўны Павалішынай. Былі знойдзены толькі пазалочаныя гузікі. У былым храме доўга ляжаў стары парык марака. Зруб разабралі, перанеслі на новае месца. Некаторы час ён служыў клубам, а ў 1952 годзе згарэў. У 1939–1990 гг. магілу І. А. Павалішына ўскрывалі два разы. Была знойдзена разбітая цэгла і магільныя пліты.
У вёсцы да нашага часу захаваўся падмурак сядзібы, які складаўся з вялікіх валуноў, залітых вапнавым растворам, і некаторыя падвальныя сцены з чырвонай цэглы. Вышыня сцен – 1,6 м. Цэгла датуецца канцом XVIII – пачаткам XIX стст. Сядзіба была прамавугольнай па форме.
У 2014 годзе ў в. Янкавічы і г. п. Расоны прайшлі памятныя мерапрыемствы да 275-годдзя з дня нараджэння героя Руска-шведскай вайны І. А. Павалішына. Непасрэдны ўдзел у мерапрыемствах прымалі прадстаўнікі Міжнароднага грамадска-патрыятычнага руху «Марское брацтва – непарушна!». У цэнтры г. п. Расоны адбыўся мітынг і адкрыццё памятнай дошкі ў гонар І. А. Павалішына.
25 жніўня 2018 года ў в. Янкавічы полацкія краязнаўцы Андрэй і Аляксей Бухавецкія разам з жыхарамі вёскі і гасцямі з Мінска адзначылі таблічкай месца, дзе стаяла старая сядзіба Павалішыных. На таблічцы намаляваны гістарычны партрэт віцэ-адмірала. Тэкст таблічкі: «На гэтым месцы ў канцы XVIII ст. стаяла дваранская сядзіба віцэ-адмірала Іларыёна Афанасьевіча Павалішына, удзельніка Сямігадовай вайны, героя Руска-шведскай вайны 1788–1790 гг.».
4 красавіка 2019 года ў в. Янкавічы Антаніна Свірыдава, браты Андрэй і Аляксей Бухавецкія за ўласныя сродкі ўсталявалі мармуровы помнік віцэ-адміралу І. А. Павалішыну. Помнік і дэкаратыўны якар вырабіла прадпрыемства «Статусметалікплюс».
Быў устаноўлены 1,5-метровы партрэт флатаводца Іларыёна Афанасьевіча Павалішына.
24 красавіка 2019 года быў адкрыты помнік. На цырымонію адкрыцця прыехалі прадстаўнікі расійскіх і беларускіх органаў улады і грамадскіх арганізацый. Расонскі протаіерэй Аляксандр Гардзевіч асвяціў новы помнік.
ЛІТАРАТУРА
1. Бакунович, О. Последний порт приписки вице-адмирала Повалишина / О. Бакунович // Беларуская думка. – 2019. – № 7. – С. 82–83.
2. Дединкина, С. Белорусская гавань славного адмирала / С. Дединкина // Народная газета. – 2014. – 14 нояб. – С. 11.
3. Дроздова, Н. Путешествие по волнам времени / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 15 нояб. – С. 10.
4. Дубы Повалишина // Витебские вести. – 2016. – 29 окт. – С. 7.
5. Кириллова, Е. В память о Повалишине / Е. Кириллова, И. Гореликова, А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2018. – 1 верас. – С. 8.
6. Матеюн, А. Флотоводец Илларион Повалишин / А. Матеюн // Витебские вести. – 2014. – 23 окт. – С. 21.
7. Пастернак, Т. Памятник вице-адмиралу / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 27 апр. – С. 4.
8. Пастернак, Т. Награды из России / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2017. – 4 марта. – С. 3.
9. Пастернак, Т. Славно служил Отечеству / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2014. – 11 нояб. – С. 3.
10. Петров, В. Морской закон: своих не бросать! / В. Петров // Родина. – 2019. – № 8. – С. 102–103.
11. «Росинки рассвета на теплой ладони лесов» / подгот. Л. Трапезникова // Беларускi час. – 2014. – 28 нояб. – С. 20–21.
СПАСЫЛКІ