Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Віцебскія лабазы («Саляныя склады»). г. Віцебск

 

Віцебскія лабазы («Саляныя склады») – помнік архітэктуры класіцызму, знаходзяцца на вуліцы Чайкоўскага, дамы № 3 і № 5. Склады (лабазы, саляныя магазіны, правіянцкія магазіны) былі пабудаваны ў канцы XVIII ст. па так званых узорных праектах, якія распрацоўваліся цэнтралізавана ў Санкт-Пецярбургу для губернскіх і павятовых гарадоў. Мураваныя лабазы мелі падабенства з гандлёвымі радамі: гэта ячэйкі-крамы, галерэі, аднак знешні выгляд карпусоў меў больш «гарадскі» характар – іх архітэктура буйнамаштабная, у ёй знайшлі прамое адлюстраванне прыёмы і формы класіцызму. Будаўніцтва вялося за дзяржаўныя сродкі.

Віцебскія лабазы ўзведзены з цэглы ў 1774 годзе для гандлю і захавання зерня, мукі, солі і іншых тавараў на правым беразе Заходняй Дзвіны, арыентаваны да яе галоўным фасадам. Першапачаткова размяшчаліся каля параходнай прыстані, адкуль дастаўляліся тавары.

У архітэктурнай кампазіцыі віцебскія лабазы ўяўляюць сабой пабудову, якая складаецца з трох збудаванняў: цэнтральны і 2 бакавыя, размешчаныя франтальна і злучаныя аркамі. Для дасягнення адзінства і буйнога маштабу доўгага рачнога фасада выкарыстаны разнастайныя чляненні: падзел ўсяго аб'ёму на тры буйныя часткі, павелічэнне сярэдняга корпуса да двух паверхаў, чаргаванне выступаў і франтонаў, рытм аконных і дзвярных праёмаў. Гэтыя пабудовы, аб'яднаныя паміж сабой арачнымі скляпеннямі, маюць цэлую сістэму скляпоў і падземных пераходаў. У цэнтральным двухпавярховым корпусе на ўсю вышыню будынка паміж сіметрычнымі двухарачнымі праёмамі размешчаны пілястры. Бакавыя аднапавярховыя карпусы дэкарыраваны арачнымі нішамі і пілястрамі. Значных памераў вонкавы двор быў абсталяваны для зручнага заезду сюды карэт і вазоў. Канфігурацыя і вонкавы выгляд збудаванняў былі вызначаны іх асноўнай функцыяй, што з'яўлялася галоўнай характарыстыкай стылю эклектыкі.

Гэтыя складскія пабудовы не раз рэканструяваліся. Напрыклад, у гады Вялікай Айчыннай вайны яны былі перароблены пад склад для захоўвання вайсковых запасаў і баявой зброі. Таму першапачатковы вонкавы выгляд гэтых пабудоў з цягам часу быў згублены, аднак агульная стылістыка гэтых збудаванняў бачная і сёння.

Да нашага часу ў выдатным стане захаваліся два асноўныя карпусы: цэнтральны і правы бакавы з перабудовамі. Згодна плана глабальнай мастацкай рэфармацыі манумента купецкай архітэктуры XVIII ст. (пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь) у 1999–2004 гг. праведзена першая чарга рэканструкцыі будынка па вуліцы Чайкоўскага, 3, а ў 2006–2007 гг. другая чарга рэканструкцыі будынка па вуліцы Чайкоўскага, 5.

Сёння ў гэтым гістарычным будынку размешчана ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» з выставачнымі і экспазіцыйнымі заламі, рэстаранам нацыянальнай кухні і сувенірнай галерэяй.

Былыя лабазы як помнік архітэктуры ХVІІІ ст. занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебска (матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці Віцебска).

 

 

Віцебскія лабазы («Саляныя склады»). Фота з сайта http://evitebsk.com

ЛІТАРАТУРА

1. Віцебскія лабазы // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 599.

2. Дощенко, М. Здесь когда-то была Русь / М. Дощенко // Витебский проспект. – 2013. – 19 сент. – С. 5.

3. Крупица, Н. «Задвинье» расширяет владения / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2006. – 18 нояб. – С. 7.

4. Крупица, Н. Новоселье в «Задвинье» / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2004. – 12 окт. – С. 1.

5. Крупица, Н. Мастера «Задвинья» придут на подворья «Соляных складов» / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 21 окт. – С. 2.

6. Пастернак, Т. В «Соляных складах» опять новоселье / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2008. – 8 крас. – С. 4.