Парк князя Любамірскага. Дубровенскі раён, в. Станіславова
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 11.12.2018 09:04
Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі Станіславова, на правым беразе ракі Сляпчанка. Закладзены як сядзібны ў XIX ст. Рэльеф парку ўзгоркавы, тэрыторыя 20 га. 3 паўднёвага боку абмежаваны вуліцай вёскі, з усходняга – ровам і палявой дарогай. Уцалелы зялёны масіў дрэў – састаўная частка сядзібна-паркавага ансамбля, які належаў князю Любамірскаму. Цяпер на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага ансамбля размешчаны школьныя і дашкольныя ўстановы, спартыўныя збудаванні.
Аснову паркавай кампазіцыі складае цэнтральная алея ўздоўж выцягнутага з поўдня на поўнач сядзібнага ўчастка. Роў, які перпендыкулярна перасякае галоўную алею, падзяляе парк на 2 часткі: паўднёвую – парадную, дзе былі палац (не захаваўся) і прамавугольны вадаём, і паўночную – ландшафтную. Алеі пракладзены з улікам рэльефу мясцовасці. Па ўсходняй ускраіне ландшафту праходзіць адзін з прагулачных маршрутаў. Асноўны масіў дрэў захаваўся ў паўднёвай палавіне парку, на ўсходняй ускраіне і ўздоўж цэнтральнай алеі. Са старых пасадак маюць цікавасць група хвойных, вялікія дубы, а таксама асобныя экзэмпляры лістоўніцы еўрапейскай і елкі звычайнай.
3 сядзібных будынкаў застаўся пабудаваны ў стылі псеўдаготыкі бровар, які знаходзіцца цераз дарогу насупраць уезду ў парк.
Парк – прыклад пейзажна-рамантычнага кірунку ў садова-паркавым мастацтве XIX ст.
ЛІТАРАТУРА
1. Дворец Любомирских // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Смэлток, 2006. – С. 125–126.
2. Кавалеўскі, С. Дом Любамірскіх / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 5 февр. – С. 15.
3. Міхайлава, Н. Старажытны леса-парк / Н. Міхайлава // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1981. – 19 верас. – С. 3.
4. Парк // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 269.
5. Парк Любамірскага // Прыродная спадчына Дубровеншчыны : [эколага-краязнаўчы даведнік] / [склад. Н. А. Дударава]. – Наваполацк : ІП Маладзечкін А. У., 2015. – С. 28.
6. Рыбакоў, У. Хто адродзіць парк? / У. Рыбакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1995. – 25 кастр. – С. 3.