
Слова наша роднае
- Подробности
- Создано 26.02.2010 07:43

25 лютага ў аддзеле беларускай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі адбылося мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.
Матчына мова, родная мова – гэтак шаноўна і ласкава называе беларускі народ свой неацэнны духоўны набытак. Шчырыя словы пра прыгажосць і багацце роднага слова, пра яго бясцэннае значэнне ў жыцці чалавека выказвалі такія вядомыя гістарычныя і культурныя дзеячы Беларусі, як Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч і інш. Вялікі ўклад для ўсталявання і развіцця беларускай літаратурнай мовы, для ўзвышэння яе грамадскай і эстэтычнай годнасці ўнеслі Янка Купала і Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Максім Багдановіч, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч і многія іншыя пісьменнікі Беларусі.
Беларуская мова – найпрыгажэйшая са славянскіх моў. Яна даследавалася і даследуецца як айчыннымі, так і замежнымі філолагамі, пачынаючы з 17 стагоддзя. Ёй прысвечаны фундаментальныя працы і манаграфіі. Паэты і празаікі прысвяцілі ёй свае лепшыя радкі. На беларускай мове створаны класічныя літаратурныя творы, якія папоўнілі сусветную скарбніцу...
“Мова ў этнакультурным кантэксце” – з такім паведамленнем на вечарыне выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М. Машэрава Алена Дзядова, а старшы выкладчык гэтай жа кафедры Сяргей Міхайлаў пазнаёміў усіх прысутных з новаўвядзеннямі ў сучасным беларускім правапісе, якія пачнуць дзейнічаць з 1 верасня бягучага года.
Любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. Сваёй унутранай культурай бацькі павінны паказваць прыклад сыну або дачцэ, а настаўнікі – шукаць новыя шляхі і метады заахвочвання дзяцей да вывучэння матчынай мовы. Як у працяг думкі, супрацоўнікі абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай працы - загадчык аддзела беларусазнаўства і краязнаўства Алег Куржалаў і метадыст Алена Чарнышова пры дапамозе мультымедыйнага комплексу прадэманстравалі фрагменты гульні “Азбука радзімазнаўства”. А прымалі ўдзел у гэтым праекце вучні чацвёртага класа з віцебскай гімназіі № 1.
Песні, створаныя на беларускай мове, вельмі пяшчотныя, мілагучныя, шчырыя. Прыкладам таму стала кампазіцыя “Гаворка беларуская”, якую выканалі ўдзельніцы народнага хору ветэранаў г. Віцебска. А сямейная пара Голубевых парадавала ўсіх песняй “Сінь васількі” з рэпертуару Я. Паплаўскай і А. Ціхановіча, праспяваўшы яе пад гітару. Дарэчы, Уладзімір Аляксандравіч Голубеў – вядомы астраном, аўтар школьных падручнікаў па касмічнай навуцы, “Чалавек года Віцебшчыны–2009”. Яго жонка, Ларыса Паўлаўна – фізік-матэматык. Музыка для іх – цудоўнае захапленне ў жыцці.
Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі агляд літаратуры “Зазірніце ў свет мовазнаўства”, прадставіўшы новыя паступленні ў галіне мовазнаўчай навукі.
Госця з Кітая, студэнтка трэцяга курса філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Чжан Налінь здзівіла ўсіх тым, што прадставіла сябе па-беларуску. Яна падтрымала думку аб вялікай ролі мовы ў жыцці чалавека і пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі кітайскай мовы. Дзевяцікласніца СШ № 4 абласнога цэнтра Ніна Барыкіна прачытала баладу Янкі Сіпакова “Пачатак” (Праславянская балада, I стагоддзе), а ўдзельнікі малодшай групы ўзорна-драматычнага калектыву “ТэСт” з той жа навучальнай установы (кіраўнік Г.Ц. Мароз) паказалі інсцэніроўку па п’есе Галіны Каржанеўскай “Дарункі добрых духаў” (паводле “Казак жыцця” Я. Коласа).
Сустрэча атрымалася насычанай і шчырай, многія выказалі пажаданне аб далейшым супрацоўніцтве.

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная.
Ты самая славянская.
Светлая, як травы ў расе…
П. Панчанка

































