
Літаратурная скарбонка Барыса Беляжэнкі
- Подробности
- Создано 03.02.2010 07:16
3 лютага ў аддзеле літаратуры па мастацтве Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна адбылася вечарына, прысвечаная творчасці віцебскага паэта, празаіка, гумарыста, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена Саюза журналістаў Беларусі Барыса Беляжэнкі.
Больш за паўстагоддзе Барыс Паўлавіч прысвячае сябе служэнню літаратуры. Яго энергіі і працаздольнасці могуць пазайздросціць маладыя творцы. Пісьменніку падуладны і паэзія, і проза, а гумар і сатыра – нязменныя спадарожнікі яго жыцця. Складаючы афарызмы і прыдумваючы казкі для дзяцей, Барыс Беляжэнка знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку. Так, за зусім кароткі прамежак часу з-пад пяра земляка выйшла пяць новых кніг, і цяпер у яго літаратурнай скарбонцы іх адзінаццаць. Сёмай па ліку была кніга паэзіі “Тайна иволги” (2007). За кнігу сатыры і гумару “Успаміны пра майго асла” (2008) Барыс Паўлавіч атрымаў званне лаўрэата рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Гумар і сатыра”, а за кнігі “Сны и дороги” (проза, 2008) і “Волшебная мельница” (казкі, 2008) аўтара ўзнагародзілі абласной літаратурнай прэміяй імя У. Караткевіча. І зусім нядаўна, напрыканцы 2009-га года, у віцебскай абласной друкарні пабачыла свет кніга прозы “Круги земные”.
На мерапрыемства завіталі сябры, калегі па паэтычнай дзейнасці, шчырыя прыхільнікі мастацкага слова Барыса Беляжэнкі. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка падкрэсліла, што творчасць Б. Беляжэнкі пранізана высокай маральнасцю і невычэрпнай цеплынёй. Паэты Мікалай Намеснікаў, Алена Крыклівец, Маіна Бабарыка і Валерый Строкін успаміналі абставіны свайго знаёмства з Барысам Паўлавічам і адзначалі ўплыў яго асобы на іх уласнае светаўспрыманне.
На вечарыне была прадэманстравана культурная садружнасць паэта з мастакамі і музыкантамі. Так, альбомы віцебскіх майстроў пэндзля Анатоля Кавалёва і Юрыя Зуева насычаны лірычнымі радкамі Барыса Паўлавіча, якія гарманічна дапаўняюць рэпрадукцыі карцін, дапамагаючы больш поўна раскрыць сэнс задуманага жывапісцамі.
Многія вершы Б. Беляжэнкі пакладзены на музыку. Маэстра Прыдзвіння Віталь Раўза і Надзея Несцярэнка паспрыялі пераўтварэнню паэтычных твораў у песні. А выканальніцкае майстэрства артыстаў абласной філармоніі Пятра Белюсава, Аксаны Новікавай (пад кіраўніцтвам канцэртмайстра Любові Гудзь) і выкладчыцы па класе фартэпіяна СШ № 44 г. Віцебска, канцэртмайстра Таццяны Кулаковай прынесла ўсім прысутным сапраўднае задавальненне.
Павіншаваць Барыса Беляжэнку з творчымі набыткамі прыйшлі былыя калегі па рабоце Тамара Глінка, Леакадзія Аліхвер і Віктар Грузневіч. Шчырыя словы ў адрас пісьменніка гучалі ад бібліятэкараў, настаўнікаў і проста захопленых талентам Барыса Паўлавіча людзей. А галоўны рэжысёр Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Святлана Пацянкова паабяцала падрыхтаваць цыкл тэлеперадач на канале Арт-відэа пра неардынарную асобу Барыса Беляжэнкі.
Пажаданні не спыняцца на дасягнутым і заставацца заўсёды маладым Барыс Паўлавіч успрыняў як кіраўніцтва да дзеяння.


































