
Творчы вечар паэта-гумарыста Міхася Мірановіча
- Подробности
- Создано 29.02.2008 08:30
28 лютага ў аддзеле беларускай літаратуры прайшоў творчы вечар паэта-гумарыста Міхася Мірановіча, прымеркаваны да 60-годдзя аўтара знакамітых “міранізмаў”.
Талент убачыць незвычайнае ў звычайным дадзены не кожнаму. Міхась Мірановіч па-майстэрску прымячае смешнае і занатоўвае гэта ў сатырычных карацельках, якіх, дарэчы, набралося ўжо амаль на 80 зборнікаў. З 1972 года М. Мірановіч змяшчае свае творы ў перыядычным друку і мае больш за 1,5 тысячы публікацый: літаратурныя пародыі, анекдоты, карацелькі, пераклады сатырычных твораў з польскай і ўкраінскай моў. У 2003 годзе ён стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы за творы гумару, апублікаваныя ў часопісе “Вожык”.

На вечарыне ў выкананні аўтара гучалі “міранізмы”, літаратурныя пародыі, якія з задавальненнем слухалі ўсе прысутныя. Несціхаючы смех у зале - таму пацверджанне. Творчага плёну, новых твораў і публікацый жадалі Міхасю Канстанцінавічу калегі-літаратары: Франц Сіўко, Давід Сімановіч, Уладзімір Папковіч, Вольга Русілка, Алена Гінько, Людміла Сіманёнак.
А падарункам ад бібліятэкараў стаў выдадзены аддзелам беларускай літаратуры бібліяграфічны паказальнік “Міхась Мірановіч”.

































