Гарадоцкі Парнас, свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору. Гарадоцкі раён, Гарадок, г.
- Подробности
- Створана 06.07.2020 12:23
- Адноўлена 23.01.2023 13:19
З 1998 года ў пачатку чэрвеня ў Гарадку традыцыйна праводзіцца свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», прысвечанае знакамітаму паэту-земляку Канстанціну Вераніцыну, аўтару паэмы «Тарас на Парнасе». Герой паэмы – палясоўшчык Тарас – кожны год «запрашае» гасцей з вобласці, творчыя і самадзейныя калектывы Гарадоччыны на раённае свята.
У красавіку 2015 года быў усталяваны помнік паэме ў гарадскім скверы. Унікальная скульптурная кампазіцыя з выявай Тараса, які сыходзіць са старонак разгорнутай кнігі, і гарэзлівай вавёркай ля яго ног стала візітнай карткай райцэнтра.
У праграме свята заўсёды яркія выступленні артыстаў мастацкай самадзейнасці, творчых калектываў Гарадоччыны; майстар-класы народных умельцаў; выставы вырабаў народнай творчасці «Тарасаўскія панадворкі», дзе кожны сельсавет прадстаўляе свой адмысловы тавар, прапаноўвае гульні і прысмакі, тут госці маюць магчымасць набыць разнастайныя сувеніры, забаўкі; нацыянальная кухня «Тарасаўскія прысмакі», спартландыя «Мама, тата, я – спартыўная сям'я!», танцавальны флэшмоб старадаўніх гарадоцкіх танцаў «Скокі ва ўсе бокі». Прываблівае гасцей і ўдзельнікаў свята выстава макетаў архітэктурных аб'ектаў «Гарадоччына ў мініяцюры», пленэр «Любы сэрцу край», выставы малюнкаў выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў Гарадка, дзіцячыя пляцоўкі, дэгустацыя юшкі ўдзельнікаў рыбацкага конкурсу і шматлікія іншыя інтэрактыўныя пляцоўкі. Традыцыйна ў рамках свята праводзіцца аўтобусная экскурсія па «вераніцынскіх месцах».
Цікавым і пазнавальным з'яўляецца правядзенне свята паэзіі і песні «Вераніцынская зорка», у якім прымаюць удзел знакамітыя пісьменнікі і паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, мясцовыя паэты, аматары паэтычнага слова, народныя фальклорныя калектывы.
«Гарадоцкі Парнас» – адно з нямногіх святаў, якое праводзіцца пераважна на беларускай мове, у народных традыцыях. На «Гарадоцкім Парнасе» кожны можа знайсці сабе занятак па душы, далучыцца да багатай беларускай культуры і мілагучнага беларускага слова, якім напісана неўміручая паэма.
ЛІТАРАТУРА
1. Захараў, А. «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса...» / А. Захараў // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 16 июня. – С. 3.
2. Каралевіч, Э. Не забываюць земляка / Э. Каралевіч // Витебские вести. – 2016. – 7 июня. – С. 4.
3. Краснова-Гусачэнка, Т. «Парнас гудзе!» / Т. Краснова-Гусачэнка // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 8 чэрв. – С. 4.
4. Ляўковіч, І. «Гарадоцкі парнас-2016» / І. Ляўковіч // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 28 мая. – С. 8.
5. Навумава, Г. Усе да нас, на «Гарадоцкі Парнас» / Г. Навумава // Гарадоцкі веснік. – 2015. – 16 чэрв. – С. 1.
6. Пучкова, К. Свята ідзе, Парнас гудзе! / К. Пучкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 8 июня. – С. 12.
7. Саветная, Н. «Гарадоцкі Парнас» / Н. Саветная // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 28 чэрв. – С. 3.
8. Соболевская, А. Городокский Парнас в Александрии / А. Соболевская // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 12 ліп. – С. 1, 4.
9. Шведов, О. На малой родине поэта / О. Шведов // Витебские вести. – 2015. – 16 июня. – С. 7.
10. Шляйко, Л. Галоўны герой – Тарас / Л. Шляйко // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 7 чэрв. – С. 4.
11. Шляйко, Л. На новым месцы з вялікім размахам / Л. Шляйко // Витебские вести. – 2019. – 4 июня. – С. 4.
12. Шляйко, Л. Свята прыйшло – гасцей прывяло / Л. Шляйко // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 4 чэрв. – С. 1, 5.
13. Якаўлева, С. Калі натхняюць неўміручыя радкі / С. Якаўлева // Витебские вести. – 2017. – 30 мая. – С. 3.
14. Якаўлева, С. Уся Гарадоччына спявала і скакала / С. Якаўлева, К. Пучкова // Гарадоцкі веснік. – 2018. – 5 чэрв. – С. 1, 4.
СПАСЫЛКІ
Літаратура і мастацтва. Т. Краснова-Гусачэнка. «Парнас гудзе!»
Свята прыйшло – гасцей прывяло
Свята «Гарадоцкі Парнас» упершыню прайшло на бас-востраве каля Вараб'ёвых гор