Школа мастацтваў, ДУА. Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 02.05.2019 08:40
- Адноўлена 30.03.2020 10:04
Сучасная назва | ДУА «Лепельская дзіцячая школа мастацтваў» |
Былая назва | Лепельская музычная школа |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1958 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель |
1 верасня 1958 года ў Лепелі пачала працаваць музычная школа. Яе філіял знаходзіўся ў п. Заслонава. Спачатку ў школе займаліся 60 чалавек.
У студзені 1959 года дырэктарам школы быў зацверджаны А. М. Палонскі, які працаваў на гэтай пасадзе больш за 20 гадоў.
Першымі настаўнікамі былі: Станіслаў Капульцэвіч, Эльвіра Хадорчанка, Людміла Кавалеўская, Віктар Колас, Віктар Комлеў і Мікола Глушко.
Навучанне праводзілася па дзвюх спецыяльнасцях: фартэпіяна і баян.
Першы выпуск 14 вучняў адбыўся ў 1963 годзе.
У 1965 годзе адкрыўся другі філіял школы ў вёсцы Бароўка.
Пазней былі адкрыты новыя аддзяленні і класы: домра, балалайка, скрыпка, гітара, цымбалы, труба і іншыя.
У студзені 1986 года школа пераехала ў другое памяшканне.
У 1988 годзе быў праведзены першы набор па класе харэаграфіі.
У 1989 годзе з'явіліся мастацкае і тэатральнае аддзяленні. Дзіцячая мастацкая школа была пераўтварана ў школу мастацтваў.
У студзені 1992 года школе быў перададзены будынак былога райкама партыі. У гэты час у школе налічвалася 336 навучэнцаў і 35 выкладчыкаў.
З 1983 года дырэктарам школы быў Б. П. Кавалеўскі.
У 1993 годзе Лепельская школа мастацтваў атрымала статус прафарыентаванай школы. Навучальны працэс адбываўся па двух накірунках: па прафарыентацыі і агульнаэстэтычным навучанні.
У 1989 годзе філіялы ў пасёлках Бароўка і Заслонава сталі самастойнымі школамі мастацтваў.
У яе складзе акрамя згаданых філіялаў дзейнічалі музычныя класы ў вёсках Пышна, Лядна і Вялікім Поўсвіжы. Паспяхова працуюць аддзяленні па музычнай, тэатральнай і харэаграфічнай накіраванасці.
У 2007 годзе Лепельская дзіцячая школа мастацтваў была прызнана лепшай у вобласці і за апошнія гады атрымала два гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі.
У 2018 годзе ў школе займалася 844 дзіцяці ва ўзросце ад 3 да 17 гадоў.
На базе школы паспяхова працуюць 26 творчых калектываў, у тым ліку адзін народны (інструментальны ансамль «Сустрэча»), чатыры ўзорныя (два з іх – харэаграфічныя: «Зачаравашкі» і «Задума») і заслужаны аматарскі фальклорны калектыў Рэспублікі Беларусь «Сунічкі» (месціцца ў аг. Стаі) – адзіны ў краіне сельскі фальклорны калектыў, які носіць званне заслужанага.
Зараз дырэктарам працуе Вераніка Аляксандраўна Хамбак. Яна перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе «Чалавек года ў сферы культуры 2017 года» ў намінацыі «Народная творчасць». У 2017 годзе яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё беларускай культуры.
Сярод выпускнікоў – артысты тэатраў, абласных філармоній, мастакі, выкладчыкі музычных вучылішч і школ.
Адрас: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, г. Лепель, пл. Свабоды, 9.
ЛІТАРАТУРА
1. Алимова, Е. Под сенью муз / Е. Алимова // Витебские вести. – 2018. – 5 мая. – С. 9.
2. Літвін, Э. М. Школа мастацтваў / Э. М. Літвін // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. В. Лакініна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 589–590.
3. Николаев, Е. Созвездие талантов / Е. Николаев // Лепельскі край. – 2018. – 11 мая. – С. 12.
4. Палонскі, А. Лепельскай музычнай школе – 40 гадоў / А. Палонскі // Лепельскі край. – 1998. – 20 кастр. – С. 2.
5. Сільвановіч, С. Нібыта крылы за спіной, узнікне музыка мая... / С. Сільвановіч // Лепельскі край. – 2016. – 15 сак. – С. 2.
6. Телятко, Е. Обвиняются... в таланте! / Е. Телятко // Віцебскі рабочы. – 2008. – 9 дек. – С. 5.с