Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна, ДУК. Аршанскі раён, г. Орша,

 

Цэнтральная бібліятэка імя А. С. Пушкіна – адна з найстарэйшых публічных бібліятэк у Рэспубліцы Беларусь. Яе гісторыя пачынаецца з чэрвеня 1899 года, калі па рашэнні гарадскога кіравання і на сродкі мецэнатаў у невялікім павятовым гарадку было вырашана адкрыць першую публічную бібліятэку.

6 чэрвеня 1899 г. у год святкавання 100-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна, бібліятэцы было прысвоена імя вялікага паэта.

З матэрыяльных крыніц захаваўся «Устав Оршанской городской библиотеки с кабинетом для чтения им. А. С. Пушкина», зацверджаны 31 чэрвеня 1900 года. У цяперашні час адзін асобнік гэтага «Устава...» захоўваецца ў Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы (г. Санкт-Пецярбург), а надрукаваны ён быў у Аршанскай друкарні.

У той час колькасць чытачоў у бібліятэцы не перавышала 150 чалавек, на кніжных паліцах знаходзілася не больш за 3-4 тыс. тамоў дазволенай царскай цэнзурай літаратуры. Бібліятэка займала пакой плошчай 40 кв2. у памяшканні гарадской управы, працаваў у ёй адзін бібліятэкар.

У дарэвалюцыйныя гады бібліятэку наведвалі ў асноўным дзеці памешчыкаў і купцоў, інтэлігенцыя горада, гэта значыць прадстаўнікі заможных класаў, так як за карыстанне кнігамі бралася высокая плата. За чытанне адной кнігі – 25 капеек, за дзве кнігі – 40 капеек у месяц. За пратэрміноўку кніг таксама спаганяўся штраф.

У 1907 годзе сябрам савета бібліятэкі стаў Панцеляймон Мікалаевіч Лепяшынскі, адзін з паплечнікаў У. І. Леніна. З яго дапамогай павялічваюцца штаты работнікаў бібліятэкі і папаўняецца кніжны фонд творамі рускіх і замежных аўтараў.

У 1918 годзе бібліятэка значна папоўніла свой кніжны фонд за кошт канфіскаваных кніг з асабістых бібліятэк.

З 1919 па 1923 год бібліятэкай кіравала Вольга Эрастаўна Слонімская. Разам з калектывам, які складаўся ўжо з 13 бібліятэкараў, яна паставіла на навуковую аснову арганізацыю кніжных фондаў, займалася развіццём бібліятэчнай справы ў горадзе, масавай працай.

Незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны бібліятэку ўзначаліла Аляксандра Іванаўна Ледзянок. Сваю працоўную дзейнасць у бібліятэцы імя А. С. Пушкіна яна пачала з прыбіральшчыцы, бо была непісьменнай, але ў яе было велізарнае імкненне да ведаў. Аляксандра Іванаўна займалася самаадукацыяй, а затым скончыла лікбез.

У час Вялікай Айчыннай вайны будынак бібліятэкі быў цалкам разбураны, а кніжны фонд знішчаны. Другое сваё нараджэнне бібліятэка адзначала 15 снежня 1944 года. Першымі арганізатарамі адраджэння бібліятэкі былі: загадчыца Аляксандра Іванаўна Ледзянок, бібліятэкары Тайба Хаімаўна Зільберман і Ніна Дзям'янаўна Краснова.

Бібліятэка размяшчалася ў прыватным доме, займала пакой у 50 кв2. З вялікай цяжкасцю было набыта самае неабходнае абсталяванне: прылавак для выдачы кніг, 2 двухбаковых стэлажа, сталы, лаўкі. За 9 месяцаў пасля адкрыцця, кніжны фонд склаў 5700 асобнікаў, у тым ліку: з дзяржфонду атрымана – 4750 асобнікаў, сабрана ў насельніцтва – 460 асобнікаў, набыта ў саюздруку – 540 асобнікаў.

Для большага ахопу насельніцтва чытаннем, забеспячэннем спецыялістаў літаратурай, бібліятэка абслугоўвала 21 перасоўку на розных прадпрыемствах і ўстановах горада.

У 1949 годзе гарадская бібліятэка ім. А. С. Пушкіна адзначала сваё 50-годдзе. Да юбілею бібліятэкі было прадстаўлена новае памяшканне – цагельны аднапавярховы дом, з асобнай чытальнай залай на 40 месцаў.

Да паслуг чытачоў было 24 500 асобнікаў кніг, у чытальнай зале выпісвалі 72 найменні часопісаў і 21 найменне газет. Абслугоўвалі чытачоў 5 бібліятэкараў.

З 1950 да 1963 год бібліятэку ўзначальвала Масаловіч Кацярына Агапаўна. У гэты час пры бібліятэцы пачынае функцыянаваць пошта-абанемент (МБА). Прыведзены ў парадак даведачна-бібліяграфічны апарат бібліятэкі, складзена картатэка часопісных артыкулаў, вядзецца краязнаўчая картатэка «Орша ў мінулым і сучаснасці».

Па настойлівай ініцыятыве Е. А. Масаловіч ў 1954 годзе было распачата будаўніцтва новага будынка для бібліятэкі па адрасе Паштовы завулак дом 2. І ў 1959 годзе бібліятэка ім. А. С. Пушкіна пераехала ў новы двухпавярховы будынак, дзе месціцца сёння.

За дасягнутыя поспехі ў бібліятэчным абслугоўванні, за актыўны ўдзел у культурна-масавай і шэфскай рабоце бібліятэка ім. А. С. Пушкіна ўзнагароджана Ганаровымі граматамі, прысвоена званне «Бібліятэка выдатнай працы».

У 1963 годзе бібліятэку імя А. С. Пушкіна ўзначаліла Урублеўская Галіна Георгіеўна. Пад кіраўніцтвам маладога, пісьменнага, высокакваліфікаванага спецыяліста супрацоўнікі бібліятэкі імя А. С. Пушкіна імкнуліся ўдасканаліць формы абслугоўвання насельніцтва, прыцягнуць да чытання як мага больш жыхароў горада, павысіць цікавасць чытача да класічнай літаратуры, літаратуры па мастацтве, гісторыі. Гарадская бібліятэка сістэматычна аказвала дапамогу падшэфным сельскім бібліятэкам. Пры бібліятэцы імя А. С. Пушкіна для бібліятэк сельскай мясцовасці працавала школа грамадскіх прафесій па падрыхтоўцы бібліятэкараў-грамадзянікаў.

Было падрыхтавана 120 прадстаўнікоў грамадскасці, якія дапамагалі бібліятэкарам ў абслугоўванні насельніцтва кнігай.

У сярэдзіне 60-х гадоў значна вырасла колькасць чытачоў. Было арганізавана 13 пунктаў выдачы літаратуры і 10 перасоўных бібліятэк. Фонды бібліятэкі склалі 79500 асобнікаў. Кожны 8-ы жыхар нашага горада з'яўляўся чытачом бібліятэкі.

У 1969 годзе ў бібліятэку імя А. С. Пушкіна прыйшоў новы кіраўнік – Галіна Ільінічна Асаблівая. Дзякуючы намаганням кіраўніка і работнікаў бібліятэкі, значна павялічыўся кніжны фонд, які склаў 101000 асобнікаў, павялічылася колькасць чытачоў да 8150 чалавек. Усё гэта дазволіла ў 1972 годзе давесці бібліятэку да пятай катэгорыі. Бібліятэка стала цэнтрам культуры горада і адной з лепшых бібліятэк вобласці і рэспублікі.

У 1976 годзе ў бібліятэку на пасаду дырэктара была прызначана Воднеўская Галіна Лаўрэнцьеўна – выпускніца Ленінградскага інстытута культуры. Праца на пасадзе кіраўніка Воднеўскай Галіны Лаўрэнцьеўны – гэта ўзор самаадданага і шчодрага служэння ідэалам, накіраваным на развіццё і распаўсюджванне ў горадзе духоўных і культурных, інфармацыйных і адукацыйных каштоўнасцяў.

У верасні 1977 года была створана цэнтралізаваная бібліятэчная сетка г. Оршы, якая аб'яднала 11 гарадскіх бібліятэк Міністэрства культуры. Бібліятэка імя А. С. Пушкіна становіцца Цэнтральнай гарадской. На яе ўскладаюцца функцыі кіраўніцтва сістэмай як метадычнага цэнтра. Ствараецца зводны каталог на ўсе фонды гарадскіх бібліятэк. Пад кіраўніцтвам дырэктара вельмі хутка быў вырашаны цэлы комплекс пытанняў, што дазволіла падняць працу ЦБС на новую ступень. Галіна Лаўрэнцьеўна ўклала нямала працы, душэўнага цяпла, клопату, сіл на ўзняцце прэстыжу бібліятэчнай справы і бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, якая стала арганізацыйным цэнтрам культурна-інфармацыйнай працы ў горадзе.

У 80-я гады ў практыку работы бібліятэкі ўсё шырэй ўкараняюцца Дні інфармацыі, Дні спецыяліста, якія дазваляюць чытачам пазнаёміцца з літаратурай па розных галінах ведаў. Асаблівая ўвага надавалася рабоце з маладымі рабочымі. Уся праца ў дапамогу вытворчасці вялася ў цеснай сувязі бібліятэкі з партыйнымі і камсамольскімі арганізацыямі. Удасканальваецца даведачна-бібліяграфічны апарат ЦГБ імя А. С. Пушкіна. Узмацняецца роля бібліятэкі як ідэалагічнай, інфармацыйнай установы.

У 1994 годзе за стварэнне эстэтычнага акружэння ў бібліятэках і значную працу па адраджэнні нацыянальных традыцый, мовы і гісторыі бібліятэка імя А. С. Пушкіна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Абласнога ўпраўлення культуры.

У 1996 годзе Беларускі фонд культуры ўзнагароджвае бібліятэку за актыўны ўдзел у IV рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» Ганаровай граматай.

За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у працы, за добрасумленную працу імя Галіны Лаўрэнцьеўны Воднеўскай было занесена на абласную Дошку Пашаны.

У 1998 годзе цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму г. Оршы ўзначаліла Самарукава Ганна Іванаўна. Яна адразу ж зарэкамендавала сябе кіраўніком з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, высокай кампетэнтнасцю, камунікабельнасцю, дыпламатычнасцю, абавязковасцю і творчым падыходам да вырашэння прафесійных задач. Пад яе кіраўніцтвам былі ўдасканалены старыя метады працы. З 1999 года ў ЦГБ імя А. С. Пушкіна ўпершыню пачаў працу сэрвісна-камерцыйны абанемент, фонд якога налічваў больш за 500 кніг, якія карыстаюцца павышаным попытам. Нягледзячы на тое, што выдача кніг была платная, гэты аддзел абанемента літаральна з першых дзён заваяваў сімпатыі чытачоў. За чатыры месяцы кнігавыдача склала амаль 1300 экз.

За плённую дзейнасць па бібліятэчным абслугоўванні насельніцтва і ў сувязі са 100-годдзем заснавання бібліятэкі імя А. С. Пушкіна калектыў бібліятэкі быў узнагароджаны падзячнымі лістамі, грашовымі прэміямі, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Беларусі і ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.

Пад кіраўніцтвам А. І. Самарукавай была праведзена велізарная праца па ўкараненні аўтаматызаванай бібліятэчнай інфармацыйнай сістэмы, што вывела ЦБС Оршы на перадавы тэхналагічны ўзровень. У аўтаматызаваным рэжыме пачалі ажыццяўляцца працэсы камплектавання і апрацоўкі літаратуры, бібліяграфічнай дзейнасці, стварэнне электроннага каталога, абслугоўванне чытачоў.

Напярэдадні «Дажынак-2008» будынак бібліятэкі быў закрыты на капітальны рамонт у снежні 2007 года. Бібліятэка часова пераехала ў адно з памяшканняў філіяла ЦБС – бібліятэку імя Я. Коласа. Супрацоўнікі бібліятэкі зрабілі ўсё магчымае, каб не ўшчаміць запыты чытачоў. І ўжо ў студзені 2008 года бібліятэка працавала ў ранейшым рэжыме. Капітальны рамонт доўжыўся амаль пяць гадоў. Але за гэты час бібліятэка не толькі не страціла, а наадварот набыла новых чытачоў. Праводзіліся розныя цікавыя мерапрыемствы: прэзентацыі, сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурна-музычныя вечары, былі цесна наладжаны сувязі з найбліжэйшымі школамі і гімназіямі.

Шматгадовая, плённая праца на кіруючай пасадзе А. І. Самарукавай атрымала высокую адзнаку: яна двойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, была дэлегатам II Усебеларускага народнага сходу, мае асабістую падзяку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Са снежня 2010 года ЦБС і бібліятэку імя А. С. Пушкіна ўзначаліла Святлана Іванаўна Жвікава – чалавек высокай эрудыцыі, камунікабельны, крэатыўны, творчы. Разам з калектывам на яе плечы лёг пераезд у абноўлены будынак бібліятэкі ў 2012 годзе. Напярэдадні Дня работнікаў культуры 2013 года ў Віцебску адбылася калегія, на якой дырэктару Аршанскай ЦБС С. І. Жвікавай была ўрачыста ўручана падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінца за высокія дасягненні ў галіне культуры і мастацтва.

Адрас: г. Орша, Пачтовы завулак, 2.

 

 

Сучасны будынак Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна ў ОршыСтары будынак бібліятэкі імя А. С. Пушкіна ў Оршы

 

ЛІТАРАТУРА

1. Борисова, А. Идти вперед и побеждать / А. Борисова // Аршанская газета. – 2015. – 21 лістап. – С. 3.

2. Бынькоў, А. Другое нараджэнне старэйшай бібліятэкі Оршы / А. Бынькоў // Народнае слова. – 2012. – 5 чэрв. – С. 2.

3. Гатоўская, Л. А. Наватары з бібліятэкі / Л. А. Гатоўская // Віцебскі рабочы. – 2013. – 29 чэрв. – С. 7.

4. Гордиенок, Г. Свидетели старины глубокой / Г. Гордиенок // Аршанская газета. – 1999. – 8 крас. – С. 3.

5. Дашкевич, Н. Женщина с книгами / Н. Дашкевич // Аршанская газета. – 2008. – 22 сак. – С. 4.

6. Домбровская, Т. Значимость чтения и книжной культуры // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 16 сент. – С. 7.

7. Іваноўскі, Ю. Адкрыць святло прыгажосці / Ю. Іваноўскі // Аршанская газета. – 2002. – 28 лют. – С. 3.

8. К делу подходила творчески // Аршанская газета. – 2017. – 21 лют. – С. 3.

9. Королев, Г. Вдвое моложе поэта / Г. Королев // Вiцебскі рабочы. – 1999. – 5 чэрв. – С. 1.

10. Самонава, В. Дар вяліка земляка / В. Самонава // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 1 сак. – С. 14.

11. Слепцов, С. Юбилейный год «Пушкинской библиотеки» / С. Слепцов // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 18 июня. – С. 4.

12. Стаховская, Н. «Так было, так будет вовеки...» / Н. Стаховская // Аршанская газета. – 2002. – 21 лют. – С. 4.

13. Сямашка, М. З кнігай – да новых вяршынь / М. Сямашка // Аршанская газета. – 2013. – 1 чэрв. – С. 6.

14. Шкрабо, Е. Где искать библиотеку? / Е. Шкрабо // Телеком-экспресс (Орша). – 2007. – 26 дек. – С. 2.

15. Шкрабо, Е. Подарок городу / Е. Шкрабо // Телеком-экспресс (Орша). – 2012. – 7 июня. – С. 2.

16. Шкрабо, Е. Что Год культуры нам готовит / Е. Шкрабо // Телеком-экспресс (Орша). – 2016. – 4 фев. – С. 2.

17. Шубко, Н. Под любую ситуацию – правовую информацию / Н. Шубко // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 25 верас. – С. 2.

18. Янковская, Н. М. Виват, библиотеки! / Н. М. Янковская // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 17 сент. – С. 4.

19. Янковская, Н. Всё для читателя / Н. Янковская // Телеком-экспресс (Орша). – 2013. – 25 апр. – С. 1, 22.

20. Янковская, Н. М. «Здесь мысли, чувства, мудрость века» / Н. М. Янковская // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 19 июн. – С. 4.

21. Янковская, Н. Знатоки сказок на «Бульваре фантазий» / Н. Янковская // Библиотека. – 2012. – № 10 – С. 54–57.

22. Янкоўская, Н. З адкрыццём цябе, бібліятэка! / Н. Янкоўская // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 27 ліп. – С. 22.