Межава, парк пейзажны. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 04.05.2017 08:40
- Адноўлена 18.03.2024 10:02
Парк быў разбіты ў 1901 г. у маёнтку графа Дзеражынскага. Адносіцца да тыпу адзінкава створаных пейзажных паркаў. Размешчаны па перасечанаму рэльефу.
Парк займае тэрыторыю каля 8 гектараў. Тэрыторыя парку падзелена ярам з ручаём. На адным беразе стаяў панскі дом, а на процілеглым жылі сяляне і стаяла царква.
Жывапісныя вадаёмы, якія прымыкаюць да парка, ўтвораны ракой Скуп'я і ручаем Варанец. Мост праз яр з'яўляецца адначасова відавой пляцоўкай. Адсюль адкрываецца найбольш маляўнічы від на вялікі штучны вадаём у пойме р. Скуп'я. Ён паўтарае форму рачной тэрасы, агінаючы парк. Акцэнт перспектывы складаюць маляўнічы востраў з адзінкавымі буйнымі дрэвамі елкі звычайнай са звісаючымі галінамі і відавы пагорак з танцпляцоўкай каля яе падножжа.
Уязная ліпавая алея перасякае сядзібу ў напрамку поўдзень – поўнач, падзяляючы яе на дзве часткі. З заходняга боку размешчаны фруктовыя сады, усходнюю займае парк. Алея праходзіць па дамбе праз яр. Па шляху руху перспектыва арыентавана на заходні, выцягнуты па даўжыні яра вадаём, фруктовыя сады і ландшафты парку. З алеі добра праглядаецца будынак сядзібнага дома. Ад яго ў парк вядзе прагулачная дарога. Яна перасякае яр па дамбе і працягваецца ў паркавых насаджэннях.
Мяжой парка служыць яловая алея, уздоўж грэбня тэрасы працягнулася пасадка лістоўніцы еўрапейскай. У насаджэннях дамінуюць іглічныя экзоты. Яны ўтвараюць даволі вялікі масіў (расце больш за 120 дрэў). Па ўзлесках высаджаны хвоі (Банкса, Муэя, веймутава, кедравая сібірская). У шчыльных невялікіх групах выкарыстана піхта сібірская, у алеі ўздоўж саду – лістоўніца еўрапейская. У парку выгадоўваліся таксама рэдкія экзоты, напрыклад конскі каштан васьмітычынкавы (не захаваўся). Дрэвастой дасягнуў узросту спеласці і высокай дэкаратыўнасці.
Найбольш ацалелая частка парку займае высокі мыс, створаны выгібам ракі Аршыца і ярам. Да цяперашняга часу захаваліся мастацкія перапляценні сеткі дарожак, кампазіцыі вялікіх, сярэдніх і малых груп дрэў, дзе выкарыстаны іглічныя пароды: лістоўніца еўрапейская, піхта сібірская і інш. Насаджэнні чаргуюцца з невялікімі палянкамі.
Парк захаваўся часткова. З'яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. На месцы партэра разбіты сквер. У цэнтры яго ўсталяваны помнік савецкім воінам. Невялікі сквер сфарміраваны ў паўночнай частцы парку.
ЛІТАРАТУРА
1. Вишневский, В. Межево – ботанический памятник природы / В. Вишневский // Аршанская газета. – 2018. – 2 чэрв. – С. 5.
2. Кавалеўскі, С. Зялёны падарунак нашчадкам / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2016. – 19 янв. – С. 5.
3. Косинец, И. Тени прошлого в старом парке / И. Косинец // Аршанская газета. – 2020. – 23 мая. – С. 8.
4. Лебедева, О. Межево: тайны пяти веков / О. Лебедева // Витебские вести. – 2021. – 24 апр. – С. 12.
5. Межево // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 189–191