Ансамбль народнай песні «Ульчанка». Чашніцкі раён, г. Чашнікі
- Подробности
- Створана 02.12.2019 08:40
- Адноўлена 02.12.2019 09:46
Ансамбль народнай песні «Ульчанка» Чашніцкага раённага Дома культуры створаны ў 1969 годзе. Ён ствараўся з жаночай вакальнай групы, якая ў асноўным выконвала песні савецкіх кампазітараў, спрабавала спяваць і народныя песні.
Зараз народны ансамбль народнай песні «Ульчанка» працуе на базе Чашніцкага гарадскога Дома культуры і налічвае 15 удзельнікаў, сярод якіх моладзь, рабочыя і служачыя. Яны сапраўдныя энтузіясты.
У рэпертуары каля 20 пастаянных кампазіцый. У асноўным гэта беларускія народныя песні ў апрацоўцы Алега Аляхновіча, Івана Дробыша, Аляксандра Яцкевіча, Валерыя Голубева. Звяртаюцца і да твораў сучасных беларускіх аўтараў: Васіля Раінчыка, Леаніда Захлеўнага і іншых. Уключаны ў рэпертуар калектыву песні кампазітараў Чашніччыны: Сяргея Семянькова, Александра Дзямідчыка, абрадавыя кампазіцыі (калядныя, масленічныя, велікодныя, купальскія, вясельныя).
Калектыў прыйшоўся даспадобы тым, хто плануе пабрацца шлюбам, а таму сумесна з ЗАГСам праводзяць сучасныя грамадзянскія абрады «Жадаем шчасця маладым», «Будзь шчаслівы, малы» з элементамі рэгіянальнага фальклору, акрамя таго выступаюць і на юбілейных вяселлях.
Дзеля зберажэння і прапаганды беларускай песні і далучэння дзяцей і моладзі да народнай творчасці «Ульчанка» пастаянна прымае ўдзел у школьных мерапрыемствах, прысвечанных айчынным паэтам і пісьменнікам. Калектыў таксама працуе ў цеснай сувязі з арганізацыямі і прадпрыемствамі горада, раённым Саветам ветэранаў і таварыствам інвалідаў, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чашніцкага райвыканкама. Разам з імі праводзяцца вечары-сустрэчы, конкурсы, дзе калектыў выступае з канцэртнымі праграмамі. Сябруе ансамбль з клубам маладой сям'і «Яднанне», народным клубам «Ветэран» гарадскога Дома культуры, народным клубам садаводаў, агароднікаў і кветкаводаў «Флора» цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Штогод «Ульчанка» прымае ўдзел у справаздачных канцэртах народных калектываў і клубаў па інтарэсах Чашніцкага раёна і выступае за яго межамі.
Кіраўнік калектыву – Юлія Калітнік.
ЛІТАРАТУРА
1. Паўлоўская, Л. «Прасніца» і «Ульчанка» экзамен вытрымалі / Л. Паўлоўская // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2001. – 4 ліп. – С. 2.
2. Серабракова, Т. Музыкі на ўсе 100! / Т. Серабракова // Витебские вести. – 2015. – 6 авг. – С. 1, 21.
3. Стукалова, Н. «Ульчанка» покорила публику латвийскую / Н. Стукалова // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2015. – 22 жн. – С. 4.