Жукоўскае, заказнік, Дубровенскі раён
- Подробности
- Створана 21.05.2018 09:34
- Адноўлена 11.12.2018 08:57
Гідралагічны заказнік мясцовага значэння «Жукоўскае» аб'яўлены на землях Асінторфскага лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Аршанскі лясгас» у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці з мэтай захавання ў натуральным стане каштоўных лесабалотных экалагічных сістэм і ўнікальных прыродна-ландшафтных комплексаў з удзелам дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Заказнік «Жукоўскае» размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Дубровенскага раёна на тэрыторыі Асінторфскага лясніцтва. У цэнтральнай частцы гідралагічнага заказніка знаходзіцца возера Зялёнае.
Выгляд і статус ахоўнай тэрыторыі: заказнік мясцовага значэння. Ландшафтна-гідралагічны.
Агульная плошча гідралагічнага заказніка мясцовага значэння «Жукоўскае» складае 263 гектары.
На тэрыторыі гідралагічнага заказніка мясцовага значэння «Жукоўскае» забараняецца:
– правядзенне меліярацыйных работ, а таксама работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і гідралагічнага рэжыму;
– здабыча торфу;
– скідванне неачышчаных сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе;
– выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў на корані, спальванне рэшткаў драўніны;
– пашкоджанне і знішчэнне драўняна-хмызняковай расліннасці, парушэнне натуральнага глебавага покрыва, за выключэннем выканання лесагаспадарчых работ, а таксама работ па ахове і абароне ляснога фонду;
– збор і нарыхтоўка рэдкіх і знікаючых раслін;
– касьба;
– правядзенне суцэльных высечак лесу;
– расчыстка прыбярэжнай і воднай расліннасці ў прыбярэжнай паласе возера Зялёнае, акрамя ўчасткаў, адведзеных пад месцы адпачынку;
– узворванне зямель на адлегласці 100 метраў ад берагавой лініі возера Зялёнае;
– прымяненне ядахімікатаў для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін;
– забор вады з возера Зялёнае для прамысловых мэтаў;
– стаянка механічных транспартных сродкаў, развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне асобных палатак або палатачных гарадкоў, іншых месцаў адпачынку па-за ўстаноўленымі месцамі;
– размяшчэнне адходаў у несанкцыянаваных месцах;
– размяшчэнне жылой забудовы, памяшканняў для часовага пражывання (садовых домікаў, дач).
Сучасны стан: у натуральным відзе, у асноўным залесены.
Наяўнасць ягаднікаў: верхавое балота – журавіны – 5 %, чарніцы – 30 % (побач воз. Зялёнае). На нізінным балоце – чарніцы лакальна, на мінералцы – чарніцы лакальна. Прамысловыя жывёлы: лось, кабан, ліса, куніца, бабры.
Праходнасць: нізінныя балоты абводненыя. Верхавік – праходнасць здавальняючая. У Чырвоную кнігу РБ занесены:
– расліны – на перыяд пошукаў не выяўленыя.
– птушкі – сустракаюцца ў пралёце, а таксама ў гнездавы перыяд – скапа – 1 пара, барадатая няясыць – 1 пара, махнаногі сыч – 2 пары, вераб'іны сыч – 1 пара, трохпальцы дзяцел – 1 пара, шэры журавель – 1 пара.
ЛІТАРАТУРА
1. Гідралагічны заказнік мясцовага значэння «Жукоўскае» // Прыродная спадчына Дубровеншчыны : [эколага-краязнаўчы даведнік] / склад. Н. А. Дударава. – Наваполацк : ІП Маладзечкін А. У., 2015. – С. 38–39.
2. Дубровенский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 18.