Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рацава, парк. Талачынскі раён

Гэта адзін з лепшых пейзажна-натуралістычных помнікаў Віцебшчыны, аб’ект рэспубліканскага значэння. Парк закладзены на сядзібе графа Замойскага ў XIX ст. У цяперашні час плошча парку каля 8 га. Ён размясціўся на маляўнічай тэрыторыі, дзе рэчка Янаўка робіць выгін у выглядзе расшыранай падковы. Да сядзібы з трох бакоў вядуць доўгія пад’язныя алеі. Уязная паўночная алея перасякае ручай, за якім размясціўся вялікі адкрыты партэр.

Галоўнай (параднай) уязной прысадай лічылася прысада з боку Шклоўскага тракту. Яна пачыналася далёка за межамі сядзібы, ад дарогі, абсаджанай бярозамі. Прысада не даходзіла да парку, заканчвалася прыкладна каля месца пахаванняў (абсаджанага 150–200-гадовымі ліпамі) перад мостам цераз Янаўку. Гэтая прысада даволі добра захавалася.

Парк прымыкаў да поймы ракі ў месцы яе выгіну. Частка яго была размешчана на другой тэрасе ручая (за вадаёмам). Вадаём з’яўляўся асноўным структурна-планіровачным элементам парку. Ён меў два востравы. На адным была пабудавана каменная альтанка, прычал для лодак.

Парк перад вадаёмам сфарміраваны вакол сядзібнага дома. Памяшканне было двухпавярховым з балконамі (згарэла ў час вайны, засталіся рэшткі фундамента). Ён стаяў на ўзвышэнні тэрасы, быў арыентаваны ў бок рэчкі. 3 боку паркавага партэра на вялікай паляне размяшчаўся басейн, а з другога боку – вялікі кветнік, абсаджаны па перыметры дрэвамі. Гэта было месца самоты, тут адпачывалі, гулялі, ігралі ў шахматы, у летні час прымалі гасцей. Басейн меў фантан у цэнтры.

Прасцяг за домам быў найбольш утульным месцам у парку. Тут было шмат кветак, рэдкіх дрэвавых раслін. Па перыметры паляну з вадаёмам акружалі сасна Веймутава, лістоўніца Кемпферэ і еўрапейская, клён серабрысты, карагана, клён вастралісты Шведлера, ліпа буйналіставая, туя заходняя, ясень пенсільванскі, глог махровы, бэз, губушнікі, ружы. 3 найбольш рэдкіх раслін захаваліся 2 кусты траскуна амурскага.

3 рэдкіх дрэў прадстаўлены вяз гладкі коркавы (5 дрэў), клён серабрысты Віера, таполі канадскія познія і сосны Веймутава. Дрэвастой парку ва ўзросце 100 і больш гадоў. Дрэвы растуць адзіночна або невялікімі купкамі, што і забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця іх кроны.

Парк вызначаецца мяккасцю, натуральным характарам краявідаў. Велічнасць сядзібе надаюць доўгія пад’язныя дарогі, што вядуць у парк праз палі з розных бакоў. Па шляху следавання ў адзіны ансамбль візуальна ўключаюцца навакольныя краявіды, павялічваючы аб’ёмна-прасторавае ўражанне аб сядзібе. Асабліва прыгожая алея лістоўніц Кемпфера, дрэвы якой маюць шырокія асіметрычна размешчаныя кроны.

Прадаўжэннем парку быў вялікі, плошчай амаль 40 га, фруктовы сад, які размяшчаўся ў заходняй частцы парку. Да сучаснага часу сад не захаваўся.

У цяперашні час у парку пабудавана новая плаціна, паляўнічы домік з гасцінічнымі нумарамі, камінам, фінскай лазняй.

У парку вядуцца аднаўленчыя работы. Узнаўляецца вадаём, ідзе падсадка рэдкіх відаў дрэў, вядзецца ачыстка тэрыторыі.

Частыя госці сядзібы – мінчане, масквічы, пецябруржцы, палякі, немцы, французы, швейцарцы. Гэта сапраўдны райскі, запаведны куток беларускай прыроды на Талачыншчыне.

 

Парк у в. Рацава. Фотаздымак з сайта https://radzima.org/

ЛІТАРАТУРА

1. Бірукоў, В. Святыні роднае зямлі / В. Бірукоў // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1999. – 1 снеж.– С. 2.

2. Есть в графском парке старый пруд... / подгот. О. Лебедева // Витебские вести. – 2016. – 24 сент. – С. 8.

3. Кавалеўскі, С. Графскі парк запрашае / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 15 янв. – С. 15.

4. Кавалеўскі, С. Другая маладосць старога парку / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2010. – 26 студз. – С. 5.

5. Королев, М. В парке старинном... / М. Королев // Наша Талачыншчына. – 2009. – 23 мая. – С. 4.

6. Рацево // Садово-парковое искусствоБелоруссии/ А. Т. Федорук. –Минск : Ураджай, 1989. – С. 173–174.

7. Рацево // Синеокая Толочинщина: История. Экономика. Культура. Памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 48–49.

8. Старинный парк в деревне Рацево // Толочинский район : [фотоальбом]. – Новополоцк : Молодечкин О. В., 2015. – С. 4.

9. Шнейдер, А. «Красота-то какая!» / А. Шнейдер // Наша Талачыншчына. – 2005. – 23 лют.– С. 3.

10. Шнэйдар, А. Старадаўнія паркі раёна / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2000. – 2 жн. – С. 2 ; 5 жн. – С. 2.