Юзафполле, парк. Талачынскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 13:08
- Адноўлена 05.03.2020 11:40
Уладанне паноў Славінскіх. Маляўнічы парк, адзін са старэйшых у Беларусі, размясціўся на паўднёвай ўскраіне Талачына, дзе рака Друць робіць плаўны выгін, падковай агінаючы заходнюю частку парку. Тэраса адрозніваецца і рознабаковасцю форм рэльефу. Яго своеасаблівасць і вызначыла асаблівасць пабудовы сядзібы. Яе парадная частка нясе рысы класічнай планіроўкі. Яна размешчана на ўзвышэнні, на асі выгіну Друці, чым забяспечваецца бачнасць маляўнічых перспектыў: паварот ракі, рэчышча, поймы з прыгожымі вятроўнікавымі асацыяцыямі, зарэчныя далі.
У аснову кампазіцыі парку, які параўнальна добра захаваўся ў колішніх межах, пакладзены прынцып чаргавання дрэвавых груп, невялікіх масіваў з палянкамі. У складзе парку выдзяляюцца дзве часткі. Паўночна-ўсходняя (да выгіну ракі) прадстаўлена лагчынападобным паніжэннем, якое плаўна спускаецца да рэчышча ракі, у цэнтры яго паляна. Яна мае зрэзаны контур, маляўнічыя ўзлескі. У яе афармленні выкарыстоўваюцца клумбы і букетныя пасадкі. Захавалася дзве клумбы. Дыяметр першай – 11 м, яна няправільнай формы, ліпы – у два кругі; дыяметр другой – 9 м, захавалася 14 ліп.
Паўночны кут парку засаджаны ліпамі, адзінкавымі клёнамі, сасной, бярозай, ёлкай.
Другая, паўднёвая частка парка, выцягнута ўздоўж крутога берага Друці і забалочанага паніжэння. Кампазіцыйным цэнтрам гэтай часткі з’яўляецца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, дзе ў 1960 г. устаноўлены помнік.
Па грэбні тэрасы праходзіць прагулачная дарожка. Па схіле, нібы вартавыя, узвышаюцца векавыя сосны. У цэлым, хаця парк увайшоў у межы горада, ён прасторава адасоблены ад яго, надзелены прыемнай адметнасцю цішыні, ізаляванасці, адзіноты і разам з тым звязаны з акаляючымі краявідамі.
З пабудоў сядзібы захавалася збудаванне маслабойні з чырвонай цэглы, у цяперашні час дабудаванае і прыстасаванае для патрэб прадпрыемства «Мара».
Парк з’яўляецца ўнікальным месцам для адпачынку гараджан і гасцей, правядзення святаў і іншых масавых мерапрыемстваў.
ЛІТАРАТУРА
1. Адметныя мясціны, душэўныя людзі // Наша Талачыншчына. – 2009. – 19 верас. – С. 3.
2. Парк Юзефполье // Толочинский район : [фотоальбом]. – Новополоцк : Молодечкин О. В., 2015. – С. 4.
3. Шнэйдар, А. Старадаўнія паркі раёна / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2000. – 2 жн. – С. 2 ; 5 жн. – С. 2.
4. Юзефполье // Синеокая Толочинщина : История. Экономика. Культура. Памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 49.