Дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Расонскага раёна, СВСУ. Расонскі раён, г. п. Расоны
- Подробности
- Створана 31.03.2020 11:38
- Адноўлена 02.04.2020 11:04
Сучасная назва | СВСУ «Дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Расонскага раёна» |
Тып | спецыялізаваная вучэбная спартыўная ўстанова |
Дата заснавання | 1976 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Расонскі раён, г. п. Расоны |
1 верасня 1976 года Расонская дзіцячая юнацкая спартыўная школа адчыніла свае дзверы для дзяцей.
Шлакавае пакрыццё бегавых дарожак гарадскога стадыёна і самыя простыя снарады для лёгкаатлетычных кіданняў (коп'і, дыскі, ядры, молат) сталі першым спартыўным інвентаром дзіцячай юнацкай спартыўнай школы. У спартыўнай зале яшчэ праводзіліся школьныя заняткі па фізкультуры (настаўнікі: С. І. Сутовіч, А. П. Лугавая).
З цягам часу на стадыёне з'явіліся асфальтавае пакрыццё і новы інвентар. Папулярныя віды спорту на Расоншчыне: футбол, лёгкая атлетыка, валейбол, лыжы. У 1989 годзе на гарадскім стадыёне з'явілася гумавае пакрыццё бегавых дарожак. Папковіч Аляксандр Іванавіч, Пальчэўскі Тадэвуш Феліксавіч – першыя трэнеры ДЮСШ. Умацаванне матэрыяльнай базы школы, удасканаленне падрыхтоўкі спартсменаў, з'яўленне першых трэнажораў, бар'ераў, штангаў, паралонавага куба для скачкоў у вышыню дазволілі павялічыць прафесійны ўзровень спартсменаў. На ўроках фізкультуры сталі займацца настольным тэнісам, хакеем з шайбай, бадмінтонам. Лыжная база Расонскай сярэдняй школы і ДЮСШ налічвала каля 400 пар лыжаў.
Былі адкрыты групы пачатковай падрыхтоўкі аддзялення лёгкай атлетыкі ва ўсіх сярэдніх і многіх базавых школах раёна.
У 2001 годзе пры школе было адкрыта аддзяленне акрабатыкі. Трэнеры – Г. В. Спірыдзенка, З. А. Акопава (аг. Краснаполле), В. П. Лавіцкая (аг. Сяляўшчына), Г. Я. Арлова (аг. Клясціцы). Дырэктары: І. І. Будневіч (1976–1986), У. І. Чыжоў (1986–1988), С. М. Дуднік (1988–1994), Г. С. Ярома (1994–1999), з 1999 года – Д. Я. Мацвееў, 2020 год – Смаляк Мікалай Міхайлавіч. У 1976–2006 гг. прафесійнае майстэрства і вопыт спартсменам перадавалі 25 трэнераў, уключаючы сумяшчальнікаў.
Выпускнікі Расонскай ДЮСШ: Сяргей Бабіч (майстар спорту, скачкі з шастом); Сяргей Лісаў (кандыдат у майстры спорту, скачкі з шастом); Вячаслаў Сташкевіч (кандыдат у майстры спорту, бег на сярэднія і доўгія дыстанцыі, пераможца на Міжнародных гульнях моладзі краін СНД (2005)); Алеся Герасімава (майстар спорту, скачкі ў вышыню, прызёр Міжнародных гульняў моладзі краін СНД і Балтыйскага рэгіёна ў Польшчы (2005), член нацыянальнай зборнай РБ па лёгкай атлетыцы).
Па стане на 2020 год на базе раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Старт» знаходзіцца спецыялізаваная вучэбная спартыўная ўстанова «Дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Расонскага раёна», у якой займаюцца спортам 186 дзяцей (з улікам сельскіх груп, якія функцыянуюць пры школах у аграгарадках Краснаполле, Клясціцы, Сяляўшчына.
Віды спорту:
– лёгкая атлетыка (15 груп);
– скачкі на акрабатычнай дарожцы (5 груп).
Трэнерскі склад ДЮСШ:
– аддзяленне лёгкай атлетыкі: Бандарэнка Святлана Валер'еўна (аг. Клясціцы), Лавіцкая Вольга Пятроўна (аг. Сяляўшчына), Лісаў Сяргей Міхайлавіч (г. п. Расоны), Мішчанка Аляксандр Ігаравіч (г. п. Расоны), Папковіч Аляксандр Іванавіч (г. п. Расоны), Пехцераў Максім Алегавіч (г. п. Расоны), Фядотаў Раман Андрэевіч (г. п. Расоны).
– аддзяленне скачкоў на акрабатычнай дарожцы: Грыгаран Арсен Сяргеевіч (г. п. Расоны), Спірыдзенка Галіна Васільеўна (г. п. Расоны).
Для спартсменаў 2018 год склаўся паспяхова. Лёгкаатлеты прынялі ўдзел у абласных спаборніцтвах ва ўсіх узроставых групах. Алімпійскі від спорту даў школе асноўны вынік. Пасля кожнага спаборніцтва былі прызёры або чэмпіёны. Ілля Лісаў – чэмпіён Віцебскай вобласці (штурханне ядра). Анастасія Крывашэева (бег на тры тысячы метраў) заняла другое месца. Сярод старэйшых выхаванцаў заліковы вынік для школы прынёс Мікіта Някрасаў. На апошніх спаборніцтвах ён заняў трэцяе месца па штурханні ядра. Даніла Беладзедаў – прадстаўнік новага пакалення спартсменаў.
На Расоншчыне невялікая колькасць дзяцей. Адабраць здольных спартсменаў вельмі складана. Задача спартыўнай школы – выхаванне рэзерву. Адзін з асноўных паказчыкаў работы – перадача навучэнцаў у вучылішчы алімпійскага рэзерву. За алімпійскі цыкл спартыўная школа павінна перадаць не менш двух чалавек. У 2018 годзе прайшоў папярэдні прагляд трох выхаванцаў – Паліны Лапушынскай, Анастасіі Крывашэевай, Аляксея Сіўца.
Адрас: Віцебская вобласць, Расонскі раён, г. п. Расоны, вуліца Камсамольская, д. 13.
ЛІТАРАТУРА
1. Бородулькина, А. «Кузница» юных спортсменов / А. Бородулькина // Голас Расоншчыны. – 2018. – 19 мая. – С. 9.
2. Падрэз, Ю. Будні і здабыткі лёгкаатлетаў / Ю. Падрэз // Голас Расоншчыны. – 2005. – 7 чэрв. – С. 2.
3. Падрэз, Ю. Дзіцячай юнацкай спартыўнай школе – 30 гадоў / Ю. Падрэз, Д. Мацвееў // Голас Расоншчыны. – 2006. – 5 верас. – С. 3.
СПАСЫЛКІ