Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя, г. Орша. Вялікая Айчынная вайна

 

3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Орша апынулася ў зоне ваенных дзеянняў. Пачынаючы з 23чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкая авіяцыя рабіла рэгулярныя налёты на горад. Аршанскі чыгуначны вузел, які меў важнае стратэгічнае значэнне, фашысты бамбілі па некалькі разоў на дзень.

У канцы чэрвеня ў горад пачалі паступаць параненыя, а таксама жыхары, што эвакуіраваліся з прыгранічных абласцей рэспублікі. У горадзе фарміраваліся знішчальныя атрады і групы для барацьбы з дыверсантамі і правакатарамі.

За некалькі дзён да акупацыі Оршы пачалася арганізацыя падполля. Гаркам партыі вызначыў канспіратыўныя кватэры і распрацаваў памятку «Аб асаблівасцях работы ў падполлі». Ствараліся базы з запасамі зброі, узрыўчаткі і харчавання.

У першыя дні ліпеня 1941 г. пачалася эвакуацыя прамысловага абсталявання аршанскіх прадпрыемстваў. На працягу тыдня былі дэманціраваны, пагружаны на платформы і адпраўлены ў тыл станкі і абсталяванне заводаў «Чырвоны барацьбіт», «Чырвоны Кастрычнік», ільнокамбіната і БелДРЭСа, а пазней абсталяванне чыгуначных прадпрыемстваў. Выканаць велізарны аб'ём работы ў такія сціслыя тэрміны рабочым і служачым названых прадпрыемстваў дапамаглі атрады народнага апалчэння. Працавалі ўдзень і ўначы, часам пад бамбёжкамі.

Становішча на Заходнім фронце між тым рэзка пагаршалася. Цэнтральны – аршанска-смаленскі напрамак – як найбольш кароткі шлях да Масквы – прыкрывалі войскі 20-й і 19-й армій. Для стварэння абароннага рубяжа савецкае Галоўнакамандаванне загадала прыцягнуць грамадзянскае насельніцтва. Жыхары Оршы былі мабілізаваны на ўзвядзенне абарончых збудаванняў. 1200 байцоў дабраахвотных фарміраванняў і 20 тыс. гараджан за некалькі сутак выкапалі на левым беразе Дняпра супрацьтанкавы роў даўжынёй 12 км і плаціну ў раёне ўпадзення р. Адроўка ў Дняпро. У ходзе баёў за Оршу збудаванні адыгралі важную ролю: прарвацца праз гэтыя рубяжы танкі праціўніка так і не змаглі.

12–13 ліпеня 1941 г. пад Оршай жорсткія баі вялі войскі 18-й і 73-й стралковых дывізій 20-й арміі Заходняга фронту. У гэтыя цяжкія для абараняўшых Оршу савецкіх войск дні адбылася падзея, якая ўвайшла ў гісторыю 2-й сусветнай вайны. Тут, 14 ліпеня 1941 г. пад Оршай была ўпершыню выпрабавана у баявой абстаноўцы новая савецкая зброя – устаноўка для стральбы рэактыўнымі снарадамі, якая пазней атрымала назву «Кацюша». Першая батарэя рэактыўнай артылерыі была сфарміравана ў канцы чэрвеня ў Маскве 1941 г. (камандзір І. А. Флёраў). Батарэя 14 ліпеня была ў раёне Оршы і заняла агнявыя пазіцыі на ўзлеску за 3 км на поўнач ад ст. Орша. Па загадзе начальні ка артылерыі Заходняга фронту генерала Г. С. Карыяфілі 14 ліпеня 1941 г. у 15 гадзін 15 хвілін батарэя зрабіла першы залп з усіх сямі ўстановак па вялікай колькасці жывой сілы і баявой тэхнікі праціўніка.

У той жа дзень па заяўцы камандзіра 413-га стралковага палка 73-й стралковай дывізіі батарэя зрабіла другі залп па нямецкай пераправе цераз Аршыцу. Усе гітлераўцы, якія ўцалелі на ўсходнім беразе пасля таго, як пераправа была знішчана, трапілі ў палон. У той жа дзень у нямецкі генеральны штаб паступіла данясенне: «Рускія прымянілі батарэю з небывалай колькасцю гармат. Снарады фугасна-запальныя, але незвычайнага дзеяння. Войскі, абстраляныя рускімі, сведчаць: агнявы налёт падобны ўрагану. Снарады разрываюцца адначасова. Страты ў людзях значныя».

Аднак адна батарэя не магла вырашыць лёс баёў на Заходнім фронце і на смаленскім напрамку. 16 ліпеня 1941 г. Орша была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Контратакі 1-й Маскоўскай дывізіі, што былі нанесены ў фланг 18-й танкавай дывізіі праціўніка, прывялі да поўнага разгрому тылоў гэтай дывізіі, аднак змяніць становішча яны ўжо не маглі. На працягу наступных двух дзён Маскоўская дывізія стрымлівала праціўніка на подступах да Оршы з поўдня і паўднёвага ўсходу. Дывізія білася ў поўным акружэнні, пастаянна манеўравала і контратакавала. 16 ліпеня, знішчыўшы аўтатранспарт і баявую тэхніку, якія засталіся без гаручага, часці дывізіі сталі прарывацца на Горкі і Магілёў.

У той жа дзень пакінулі Оршу і часці 73-й і 18-й дывізій. Праціўнік ужо знаходзіўся за 100 км на ўсход ад Оршы. 16 ліпеня 29-я матарызаваная дывізія з танкавай групы Гударыяна ўварвалася ў Смаленск і авалодала паўднёвай часткай горада.

Баявыя дзеянні Чырвонай Арміі на аршанскім напрамку і гераічная абарона Оршы ў 1-й палавіне ліпеня 1941 г. адыгралі важную ролю ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У баях паміж Беразіной і Дняпром быў пакладзены пачатак краху гітлераўскага плана маланкавай вайны супраць СССР, канчаткова пахаванага пад Масквой.

Стойкай і актыўнай абаронай пад Оршай дывізіі 20-й арміі нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і баявой тэхніцы. Некаторыя дывізіі Гударыяна і 8-га армейскага корпуса, якія наступалі на аршанска-смаленскім напрамку, страцілі да палавіны свайго баявога саставу.

Пасля захопу Оршы гітлераўцы ўстанавілі ў горадзе жорсткі акупацыйны рэжым. Захопнікі ўвялі сваё адміністрацыйнае дзяленне. Віцебская вобласць, у тым ліку і Орша, былі аднесены да так званай «вобласці армейскага тылу» групы армій «Цэнтр». Усе дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі былі ліквідаваны, грамадскія пабудовы і вялікія дамы заняты акупантамі. Свабоднае перамяшчэнне было забаронена, уведзена каменданцкая гадзіна. На дарогах, што вялі да горада, устанаўліваліся шлагбаумы. Вуліцы патруляваліся нарадамі армейскіх і паліцэйскіх падраздзяленняў. У горадзе і раёне шнарылі агенты паліцыі бяспекі ў пошуках людзей, якія былі ўнесены ў «Асобую вышуковую кнігу СССР». Іх расстрэльвалі без суда і следства. Такая ж доля чакала тых, хто ўдзельнічаў у сходах, абмяркоўваў загады акупацыйных улад, выказваў незадаволенасць «новым парадкам» або слухаў маскоўскае радыё.

У горадзе і раёне, акрамя армейскіх тылавых частак, акупанты размясцілі сетку карных і разведвальных органаў: штаб 286-й ахоўнай дывізіі, палявую камендатуру, палявую жандармерыю, чыгуначную камендатуру, паліцыю, гестапа, групы тайнай палявой паліцыі ГФП-723, ваеннай разведкі – абвер 310, паліцыі бяспекі і СД, дапаможную паліцыю, мясцовую камендатуру – 842 і г. д.

У горадзе і раёне на працягу некалькіх дзён была праведзена рэгістрацыя насельніцтва, што засталося. Гітлераўцаў цікавілі жыхары толькі з пункта гледжання іх расавай тэорыі і выкарыстання для работы. Пры рэгістрацыі ставіліся тры пытанні: год нараджэння, нацыянальнасць і прафесія. Ужо ў ходзе рэгістрацыі яўрэйскае насельніцтва аддзялялася ад астатніх грамадзян. Пасля агульнай рэгістрацыі было арганізавана рабочае бюро, дзе насельніцтва праходзіла другую рэгістрацыю – па спецыяльнасці і працаздольнасці. Неўзабаве насельніцтва ў прымусовым парадку пачалі прыцягваць да працы. У асноўным пасылалі на дарожныя работы і ўзвядзенне абарончых збудаванняў. На найбольш цяжкіх аб'ектах – расчыстцы завалаў, земляных – выкарыстоўваліся яўрэі.

У раёне ільнокамбіната быў выбраны будынак для турмы, абсталяваны камеры і следчыя кабінеты з прыстасаваннямі для катаванняў. 3 асяроддзя крымінальнікаў і здраднікаў фашысты вербавалі агентуру, з дапамогай якой выяўлялі партыйных, камсамольскіх і савецкіх работнікаў, патрыятычна настроеных грамадзян. Усіх гэтых людзей чакала жорсткая расправа.

Ужо ў жніўні 1941 г. было расстраляна 178 чалавек. Усяго за год гаспадарання немцаў у Оршы толькі адной групай ГФП (не лічачы ахвяр паліцэйскіх і армейскіх карных органаў) павешана і расстраляна каля 2 тыс. савецкіх патрыётаў.

У Оршы на вуліцы Энгельса было арганізавана гета. Многія з вязняў, не вытрымаўшы голаду і антысанітарных умоў, памерлі. 20 лістапада 1941 г. тых, хто застаўся жывы, расстралялі (1873 чалавекі).

Гітлераўцы стварылі ў Оршы некалькі лагераў ваеннапалонных. Найбольш буйны лагер быў на ўсходняй ускраіне горада за Дняпром, праіснаваў амаль да вызвалення. Вязнямі яго сталі ад 10 да 15 тыс. савецкіх салдат. Па некаторых дадзеных, да восені 1941 г. у Оршы і яе наваколлі ў лагерах, ваеннапалонных знаходзіліся больш за 120 тыс. савецкіх салдат і афіцэраў.

Аднак жорсткі фашысцкі тэрор не зламаў волю беларускага народа да барацьбы з акупантамі. Ужо 16 ліпеня 1941 г., у дзень акупацыі горада, у лесе непадалёку ад пас. Асінторф, на партыйным сходзе быў створаны Аршанскі падпольны партыйны цэнтр (кіраўнік Л.Н. Анкіновіч, намеснікі А.Т. Скаварада, А.Г. Шкабарын). Для барацьбы з акупантамі ў раёне і горадзе дзейнічалі падпольныя групы. Пад канец 1941 г. у Оршы ўжо дзейнічала больш за 20 такіх груп, у т.л. 7 на чыгуначным вузле, нямала падпольных груп створана і ў раёне. Усяго ў гады акупацыі ў горадзе і раёне дзейнічала каля 80 падпольных груп, у якіх налічвалася больш за 1000 падпольшчыкаў. На Аршанскім чыгуначным вузле з лістапада 1941 г. пачала дзейшчаць група К.С. Заслонава, якая стварыла некалькі падпольных груп з машыністаў і рабочых дэпо. 3 першых дзён акупацыі падпольшчыкі пачалі дыверсіі, акты сабатажу. Менш чым за 3 месяцы са снежня 1941 па люты 1942 г. заслонаўцы вывелі са строю больш за 170 паравозаў, пусцілі пад адхон 6 эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай ворага, падарвалі некалькі нямецкіх складаў з боепрыпасамі і рыштункам, нанеслі велізарныя страты чыгуначнай гаспадарцы. Усяго, па няпоўных даных, падпольшчыкі Оршы вывелі са строю 253 паравозы, падарвалі 41 эшалон з жывой сілай, гаручым, баявой тэхнікай і іншымі ваеннымі грузамі, асобна знішчылі 336 вагонаў, цыстэрнаў і платформ, знішчылі больш за 2 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка і г. д.

Паляпшэнню кіраўніцтва падполлем, пашырэнню размаху яго дзейнасці паспрыяла стварэнне ў чэрвені 1943 г. Аршанскіх падпольных партыйнага і камсамольскага райкамаў. Толькі райкам камсамола меў на сувязі 83 баявыя камсамольска-маладзёжныя групы, якія налічвалі ў сваім складзе каля 700 камсамольцаў. Падпольныя групы самастойна выпускалі лістоўкі, атрымлівалі ад райкама партыі і з партызанскіх злучэнняў газеты «Правда», «Звязда», лістоўкі, іншую літаратуру. Са жніўня 1943 г. па ліпень 1944 г. выдавалася падпольная газета «Ленінскі прызыў» (рэдактар Б.К. Іваноў).

Адначасова з падпольнай барацьбой супраць акупантаў і ў непарыўнай сувязі з ёй на Аршаншчыне склаўся і набраў сілу партызанскі рух. Некалькі партызанскіх груп узніклі ўжо ў першыя месяцы акупацыі. У раёне дзейнічалі партызанскія брыгады 1-я і 2-я імя Заслонава, 16-я Смаленская, Багушэўская, «Звязда», імя А.Ф. Данукалава, «Чэкіст», партызанскія атрады 5-ы, 10-ы, 20-ы, 112-ы Горацкі, Багушэўскі, «Трэція». Па няпоўных звестках, толькі на камандных і палітычных пасадах у партызанскіх атрадах і брыгадах знаходзілася больш за 200 жыхароў горада і раёна. Гэта К. Заслонаў, Л. Анкіновіч, А. Максіменка, В. Лазорскі, Н. Сіўцоў, М. Сабакін, В. Бойка, М. Хадорык, В. Быкаў і шмат іншых.

Масавы партызанскі рух, пачынаючы з лістапада 1942 г, перарос па сваіх маштабах ва ўсенародную вайну. Толькі партызаны брыгады 2-й імя Заслонава правялі 122 баі з акупантамі. Было знішчана 7878 варожых салдат і афіцэраў, узята ў палон 2139 гітлераўцаў, узарвана 12 230 рэек, пушчана пад адхон 218 воінскіх эшалонаў, разбіта 104 паравозы, 1191 вагон з жывой сілай і тэхнікай ворага, узарвана 40 мастоў, 596 аўтамашын і бронемашын, знішчаны 24 склады з боепрыпасамі, разбурана 16 прамысловых прадпрыемстваў, 4 чыгуначныя станцыі, збіты 1 самалёт, выведзены са строю 33 танкі.

Вызваленне Аршаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыйшло ў 1944 г. 23 чэрвеня на фронце, які амаль год стаяў менш чым за 40 км на ўсход ад Оршы, пачалося наступленне. Вызваленне Віцебска і Оршы з'яўлялася задачай першага этапу аперацыі «Баграціён». На Аршанскім напрамку нямецкае камандаванне стварыла рубеж абароны глыбінёй да 45 км. Абарону на Аршанскім напрамку займалі злучэнні нямецкай 4-й палявой арміі групы армій «Цэнтр». Супраць іх савецкае камандаванне нацэліла 11-ю гвардзейскую і 31-ю арміі 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі). Горад Орша знаходзіўся ў паласе наступлення 31-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант В. В. Глаголеў). У складзе 11-й гвардзейскай арміі (камандуючы генерал-лейтэнант К. М. Галіцкі), якая наступала на поўнач ад Оршы, знаходзілася 1-я Маскоўская пралетарская дывізія. Тры гады назад, у ліпені 1941 г., часці гэтай дывізіі вялі цяжкія абарончыя баі на подступах да Оршы.

23 чэрвеня войскі 31-й і 11-й гвардзейскіх армій пасля артпадрыхтоўкі і бомбавых удараў пачалі наступленне і ў значнай ступені дэзарганізавалі абарону ворага. У наступныя дні савецкія войскі прарвалі 2-ю паласу абароны праціўніка і рухаліся да Оршы. Усе шляхі да Оршы, акрамя паўднёвага напрамку, былі захоплены савецкімі войскамі. 26, 27 чэрвеня ішлі цяжкія баі за горад і да канца дня 27 чэрвеня Орша была ачышчана ад акупантаў.

За высокае баявое майстэрства, праяўленае ў баях за вызваленне Оршы, 41 воінскай часці і злучэнню было прысвоена ганаровае найменне «Аршанскія».

Пры вызваленні горада і раёна савецкія салдаты і афіцэры здзейснілі нямала гераічных подзвігаў. 7 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза: старшы сяржант М. М. Лазькоў, лейтэнант М. Лефеўр, сяржант Я. А. Макееў, гвардыі лейтэнант С. В. Міт, радавы Ю. В. Смірноў, палкоўнік Ф. А. Сцебянёў, радавы А. С. Юрчанка.

Ю. В. Смірноў вызначыўся пры прарыве варожай абароны на поўнач ад Оршы. 26 чэрвеня 1944 г. у складзе танкавага дэсанта прарваўся ў тыл ворага каля в. Шалашына Аршанскага раёна. У начным баі быў цяжка паранены і захоплены ў палон. Нягледзячы на жорсткія катаванні, ён не выдаў ворагу ваеннай тайны. 25 чэрвеня, нічога не дабіўшыся, фашысты распялі яго. Пахаваны ў г. п. Арэхаўск. Навечна залічаны ў спісы 1-й роты гвардзейскага стралковага палка.

У кнізе «Памяць. Аршанскі раён» названы прозвішчы 1381 воіна Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні Оршы (усяго тут пахаваны 31453 воіны); прозвішчы 13 972 воінаў-землякоў і воінаў, якія прызываліся Аршанскім ваенкаматам і загінулі; прозвішчы 367 загінуўшых удзельнікаў Аршанскага патрыятычнага падполля; прозвішчы 157 загінуўшых партызан-землякоў; прозвішчы 102 загінуўшых партызан 1-й і 2-й брыгад імя Заслонава; прозвішчы 160 воінаў, партызан і падпольшчыкаў г. Барань, якія загінулі; прозвішчы 373 мірных жыхароў Оршы, загубленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У кнізе названы таксама прозвішчы 144 воінаў-землякоў – удзельнікаў штурму Берліна, якія вярнуліся дамоў пераможцамі.

Кніга «Памяць. Орша. Аршанскі раён» выдадзена выдавецтвам «Беларуская Энныклапедыя» ў 1999 г. (кніга 1-я) і 2000 г. (кніга 2-я).

 

 

Вогненны смерч «Кацюш»Фатаграфія з сайта http://www.yaplakal.com/«Кацюша» – народная назва рэактыўных сістэм гвардзейскіх мінамётаў БМ-13. Фатаграфія з сайта http://www.yaplakal.com/Орша. 1943 г. Фатаграфія з сайта http://orshatut.byЗруйнаваная Орша. Фатаграфія з сайта http://www.autoorsha.com/Брыгада Заслонава


ЛІТАРАТУРА

1. 133-й гвардейский истребительный оршанский краснознамённый авиационный полк / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 7 августа. – С. 5.

2. 115-й гвардейский истребительный оршанский орденов Кутузова 3-й степени и Александра Невского авиационный полк / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 7 авг. – С. 5.

3. 15-й истребительный авиационный Оршанский краснознамённый ордена Суворова полк имени Ф. Э. Дзержинского // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 17 апр. – С. 6.

4. 173-я стрелковая оршанская краснознаменная дивизия / подгот. Л. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 13 марта. – С. 6.

5. 213-я отдельная танковая Оршанская бригада / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 27 марта. – С. 6.

6. 220-я стрелковая, Оршанская // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 24 окт. – С. 9.

7. 220-я Оршанская стрелковая дивизия / подгот. Л. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 3 апр. – С. 6.

8. 274-й истребительный Оршанский Краснознамённый ордена Кутузова авиационный полк / подгот. Л. Сосницкая // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 15 мая. – С. 7.

9. 352-я Оршанская краснознамённая ордена Суворова II степени стрелковая дивизия / подгот. Л. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 13 марта. – С. 6.

10. 5-я гвардейская бомбардировочная авиационная Оршанская краснознамённая ордена Кутузова дивизия / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (орша). – 2014. – 4 сент. – С. 8.

11. 621-й штурмовой Оршанский краснознамённый ордена Суворова III степени авиационный полк / подгот. Л. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 10 апр. – С. 6.

12. 89-й Гвардейский истребительный Оршанский ордена Богдана Хмельницкого авиационный полк / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 14 авг. – С. 7.

13. 952-й штурмовой Лошнский краснознамённый ордена Кутузова авиационный полк / подгот. Л. А. Соротокина // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 4 сент. – С. 8.

14. Афанасьев, В. Оршанское сражение / В. Афанасьев // Аршанская газета. – 2004. – 26 чэрв. – С. 2.

15. Багамазаў, У. Акупацыйны рэжым / В. Багамазаў // Памяць : Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн.1. – С. 307–308.

16. Багамазаў, У. Аршанскае падполле. Партызанская барацьба на Аршаншчыне / В. Багамазаў // Мой родны край – Аршаншчына : краязнаўчы зборнік / аўт.-склад. Т. Вароніна, А. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 99–104.

17. Багамазаў, У. Вызваленне нашага краю / В. Багамазаў // Мой родны край – Аршаншчына : краязнаўчы зборнік / аўт.-склад. Т. Вароніна, А. Шышкевіч. – Віцебск, 2000. – С. 105–107.

18. Балашова, Е. Н. Звезда Оршанского подполья / Е. Н. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2011. – 7 июля. – С. 31. ; 14 июля. – С. 8. ; 21 июля. – С. 8.

19. Балашова, Е. Н. Имя Заслонова в Памяти Оршанцев / Е. Н. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2016. – 16 нояб. – С. 21.

20. Балашова, Е. Н. Они сражались за Родину / Л. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). –2009. – 20 авг. – С. 3.

21. Балашова, Е. Партизанской бригаде К. С. Заслонова – 70 лет / Е. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2012. – 26 июля. – С. 21.

22. Балашова, Е. Н. Подвиг железнодорожника / Е. Н. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 7 авг. – С. 6–7.

23. Балашова, Е. Н. Холокост на оршанской земле / Е. Н. Балашова // Телеком-экспресс (Орша). – 2015. – 24 дек. – С. 6.

24. Барейша, М. Не забыть никогда... / М. Барейша // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 16 янв. – С. 9.

25. Басик, Н. Пешком через всю войну / Н. Басик // Информ Плюс (Полоцк). – 2005. – 5 мая. – С. 4–5.

26. Борисова, А. «Всем солдатам воевавшим низкий наш поклон...» / А. Борисова // Аршанская газета. – 2014. – 17 мая. – С. 4.

27. Лютынскі, В. Орша пад нямецкай акупацыяй (1941–1944) : гісторыка-дакументальны нарыс / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 28 янв. – С. 7. ; 4 февр. – С. 7. ; 11 февр. – С. 7. ; 4 марта. – С. 7. ; 11 марта. – С. 7 ; 4 февр. – С. 7 ; 11 февр. – С. 7 ; 4 марта. – С. 7 ; 11 марта. – С. 7 ; 18 марта. – С. 7 ; 25 марта. – С. 7 ; 1 апр. – С. 7 ; 15 апр. – С. 7 ; 22 апр. – С. 4 ; 29 апр. – С. 7 ; 6 мая. – С. 7 ; 13 мая. – С. 7 ; 27 мая. – С. 7 ; 3 июня. – С. 7 ; 10 июня. – С. 7 ; 24 июня. – С. 7 ; 15 июля. – С. 7 ; 22 июля. – С. 7 ; 29 июля. – С. 7.

28. Лютынский, В. П. Орша в период немецко-фашиской оккупации (1941–1944) / В. П. лютынский // Віцебшчына ў гады Вялікай айчыннай вайны : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. – Віцебск, 2004. – С. 39–44.

29. Орша. Аршанскі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2005. – С. 152–155.

30. Оршанская битва / подгот. Т. В. Горшкова // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 3 июля. – С. 6.

31. Сурдова, Л. Спасённые мосты / Л. Сурдова // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 17 июня. – С. 7 ; 24 июня. – С. 29.

32. У гады выпрабаванняў // Памяць : Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гпл. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн.1. – С. 300–305.

33. Усачева, С. Орша и оршанцы в первые дни войны / С. Усачева // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 9 апр. – С. 7.

34. Усачева, С. Освобождение Орши / С. Усачева // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 25 июня. – С. 5.

35. Усачева, С. Ради жизни на земле / С. Усачева // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 30 апр. – С. 4.

36. Усачева, С. Чёрные дни оккупации / С. Усачева // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 2009. – С. 7.