Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя, г. Орша. Пасляваенны перыяд

 

Кучы цэглы і пакарожанага металу, пачарнелыя будынкі, сляды пажараў. Такой была Орша ў 1944 г. Адступаючы, гітлераўцы знішчалі ўсе, што маглі. Было разбурана больш за 75 працэнтаў жылых дамоў, сілікатны завод, птушкакамбінат, мясакамбінат, завод «Чырвоны барацьбіт». Замерлі на пуцях паравозы, ад будынкаў станцыі і дэпо засталіся руіны, не дзейнічала сувязь. За час нацысцкага «новага парадку» ад рук акупантаў загінула каля 60 тыс. грамадзян.

Аршаншчына ўзнімалася з руін. У Оршы гараджане расчышчалі завалы, засыпалі траншэі, закладвалі падмуркі новых будынкаў – пасля вайны прыгоднымі для эксплуатацыі аказаліся толькі піўзавод і адзін млын.

На працягу 1944 г. адноўлены і пачалі дзейнічаць хлебакамбінат, гарпрамкамбінат, вапнавы завод, ашчадныя касы. Былі адкрыты дзіцячы пакой міліцыі і дзетпрыёмнік-размеркавальнік, магазін для забеспячэння інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Імклівымі тэмпамі развівалася ў Оршы прамысловасць будаўнічых матэрыялаў. Яе галоўным «паўпрэдам» па праву сталі лічыць вытворчае аб'яднанне «Оршабудматэрыялы» з галаўным прадпрыемствам сілікатных вырабаў. Цэхі камбіната, поўнасцю разбураныя ў гады фашысцкай акупацыі, перажывалі сваё другое нараджэнне. Паступова горад набываў абрысы сучаснага.

Асаблівая старонка ў жыцці пасляваеннай Оршы – узнаўленне дзейнасці ільнокамбіната. Былі разбураны вытворчыя будынкі, не існавала абсталявання. На пачатку 1959 г. Аршанскі ільнокамбінат быў ужо буйным прадпрыемствам па выпрацоўцы мяшочных і ўпаковачных тканін з гадавым выпускам 45,8 млн. м2.

Паспяхова ішло аднаўленне і станкабудаўнічага завода «Чырвоны кастрычнік». Пачалі дзейнічаць таксама завод ацяпляльных катлоў, трактарныя майстэрні, якія пазней ператварыліся ў трактарарамонтны завод. У цэхах завода рабілі капітальны рамонт трактароў, рухавікоў, аўтамабільных каробак перадач, выраблялі корманарыхтоўчыя агрэгаты.

Асаблівага росквіту прамысловасць Оршы дасягнула ў 1980-я гг. Напачатку 1990-х гг. у сувязі з распадам Савецкага Саюза, калі старыя стасункі з былымі савецкімі рэспублікамі былі страчаны, назіраецца пэўны спад прамысловай вытворчасці – у 1993 г. аб'ём прамысловай прадукцыі горада ўпершыню даў значны спад: каля 13%, і толькі ў другой палавіне 1990-х гг. пачынае расці аб'ём прамысловай прадукцыі. У горадзе з'яўляюцца камерцыйныя банкі, ламбарды, гандлёва-закупачныя і пасрэдніцкія фірмы, заяўляючы аб сабе як аб новым у эканоміцы. Зарэгістраваны кааператыў «Днепр», першае малое прадпрыемства «Садко».

На 1997 г. прырост аб'ёму прамысловай прадукцыі склаў 15,6 %, або 522,6 млрд. рублёў. Працуюць такія прадпрыемствы, як ільнокамбінат, завод «Чырвоны барацьбіт», АТ «Оршабудматэрыялы», хлебакамбінат, мясакамбінат.

3 году ў год расла ў Оршы колькасць жылых забудоў. У 1981 г. у горадзе было 1087 дамоў, у тым ліку 5- і 9-павярховых – 323, а ў 1997 – 11 201, з іх шматпавярховых – 323. У 1997 г. усімі формамі ўласнасці ўведзена ў эксплуатацыю 304 кватэры агульнай плошчай 19 099 квадратных метраў. Жыллё будуецца дзяржаўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, а таксама жыллёва-будаўнічымі кааператывамі, індывідуальнымі забудоўшчыкамі.

У 1992 г. Беларускім дзяржаўным праектным інстытутам горадабудаўніцтва распрацаваны праект рэстаўрацыі, аднаўлення і выкарыстання гістарычнай забудовы ў горадабудаўнічым ансамблі Оршы да 2010 г. Паводле гэтага этапу выкананы работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, якая прымыкае да этнаграфічнага музея «Млын», пабудаваны новы капітальны мост цераз р. Аршыца.

У 1944 г пасля вызвалення Оршы ў горадзе было 8 школ. Аднавілі сваю работу настаўніцкі інстытут з 4 факультэтамі, чыгуначны тэхнікум, школа медсясцёр, рамеснае вучылішча ільнокамбіната (цяпер ПТВ № 45). У 1946 г. адкрыта рускае педагагічнае вучылішча. У 1954 г. быў заснаваны Аршанскі вячэрні тэкстыльны тэхнікум, які з 1959 г. працуе па дзённай, вячэрняй і завочнай формах навучання і называецца зараз Аршанскі механіка-тэхналагічны тэхнікум. Яго з'яўленне было абумоўлена наяўнасцю ў горадзе ільнокамбіната – прадпрыемства саюзнага значэння. На ільнокамбінаце не хапала тэхнолагаў, майстроў, начальнікаў цэхаў – дасведчаных спецыялістаў у галіне апрацоўкі лёну. Таму ў гэтым тэхнікуме былі адкрыты аддзяленні па спецыяльнасцях: тэхнік-тэхнолаг, ільнопрадзенне, ільноткацтва. Большасць падрыхтаваных спецыялістаў працавала на мясцовым ільнокамбінаце.

У 1944 г. у разбуранай вайной Оршы адноўлены Аршанскі настаўніцкі інстытут. Ужо ў 1945 г. у яго бібліятэцы было 2 тыс. кніг, а на пачатку 1950-х гг. інстытут стаў сапраўдным навуковым і культурным цэнтрам рэспублікі. Тут былі праведзены 4 тэарэтычныя канферэнцыі і наладжаны 4 экспедыцыі для збору дыялекталагічнага матэрыялу.

У 1956 г. Аршанскае педагагічнае вучылішча было пераўтворана ў індустрыяльна-педагагічнае і пачало рыхтаваць, акрамя настаўнікаў пачатковых класаў, выкладчыкаў працоўнага навучання і чарчэння.

У 1961 г. пасля невялікага перапынку ў Оршы зноў адкрываецца медвучылішча. У 1973 г. вячэрні тэкстыльны тэхнікум быў перайменаваны ў механіка-тэхналагічны з 7 аддзяленнямі. У 1997 г. у Оршы 26 агульных, 8 базавых, 4 пачатковыя, адна спецыяльная школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы.

Адраджаліся і культурныя ўстановы. 15 снежня 1944 г была адроджана бібліятэка імя Пушкіна, якая размясцілася ў прыватным доме ў пакоі плошчай 50 м2 За 9 месяцаў траім штатным супрацоўнікам удалося сабраць 5700 кніг, якія часам даводзілася падшываць, падклейваць і нават узнаўляць тэкст адсутных старонак. Чытачоў было нямала – 775 чалавек. У канцы 1945 г. гарвыканкам выдзеліў дадатковыя сродкі на папаўненне кніжнага фонду. Дзякуючы гэтаму і нястомнай працы супрацоўнікаў у 1946 г у бібліятэцы было ўжо больш за 10 тыс кніг, якімі карысталіся 2706 чытачоў. Да свайго 50-годдзя ў 1949 г. бібліятэка атрымала новае памяшканне па вуліцы Леніна (цяпер фондасховішча гарадскога музейнага комплексу), дзе была абсталявана чытальная зала на 40 месцаў.

Сучасная Орша – буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. Тут працуюць 25 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі, будаўнічых матэрыялаў, харчовай галін. У іх ліку старэйшае прадпрыемства горада – станкабудаўнічы завод «Чырвоны барацьбіт», прадукцыя якога шырока вядома і за межамі Беларусі, інструментальны завод, адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Орша» і «Аграпраммаш», завод прылад аўтаматычнага кантролю і інш. Шырока вядомы таксама вырабы прамыслова-гандлёвага прадпрыемства «Аршанскі ільнокамбінат» – буйнейшага прадпрыемства горада, лідэра тэкстыльнай прамысловасці. 3 іншых прадпрыемстваў тэкстыльнай галіны найбольш значная фабрыка трыкатажных спартыўных вырабаў. Працуюць фабрыкі швейная, мастацкіх вырабаў. Харчовая прамысловасць прадстаўлена камбінатамі, якія выпускаюць мясныя кансервы, хлебапрадукты, піва і інш. Тут ёсць таксама камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў і інш. У горадзе каля 300 малых прадпрыемстваў, таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, кааператываў.

Сярод навучальных устаноў 2 каледжы – педагагічны і механікаэканамічны, медыцынскае вучылішча, тэхнікум чыгуначнага транспарту, 5 ПТВ, 30 агульнаадукацыйных школ. Працуюць 3 дзіцячыя школы мастацтваў, 5 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Ёсць Палац культуры льнокамбіната і шматлікія клубныя ўстановы. Дзейнічаюць 12 бібліятэк. Тут знаходзіцца філіял Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.

У 1994 г. у горадзе створаны Музейны комплекс «Гісторыя і культура Аршаншчыны», які аб'яднаў установы культуры музейнага тыпу: мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава, музей гісторыі і культуры горада, этнаграфічны музей «Млын», дом-музей драўлянай скульптуры разьбяра С.С. Шаўрова, а таксама музей У. Караткевіча, гарадскую выставачную залу. Шмат музеяў таксама створана на грамадскіх пачатках. Пры Доме культуры чыгуначнікаў працуе народны тэатр – адзін з найстарэйшых аматарскіх драматычных калектываў Беларусі (арганізаваны яшчэ ў 1902 г.). Працуюць гарадскія народны клуб майстроў, народны клуб «Рэнесанс», творчае мастацкае аб'яднанне «Аршыца», вольнае аб'яднанне мастакоў і архітэктараў «Саха».

Сярод шматлікіх народных і ўзорных калектываў муніцыпальны духавы аркестр, харэаграфічны ансамбль «Весялушкі», фальклорны калектыў «Крынічанька», цыркавы калектыў «Арэна», ансамбль танца «Спадчына», хор ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і інш.

У горадзе праводзяцца шматлікія фестывалі, у т.л. дзіцячай творчасці, агляды-конкурсы, мастацкія пленэры і інш.

У 2003 г. тут прайшоў I Рэспубліканскі экалагічны форум.

Багатая і гісторыка-культурная спадчына горада. Тут каля 80 помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. Гэта вайсковыя могілкі, Мемарыяльны парк Герояў, Курган Бессмяротнасці, мемарыяльны комплекс «За нашу Савецкую Радзіму!» («Кацюша»), памятны знак Вызваліцелям. Пастаўлены помнікі Герою Савецкага Саюза К.С. Заслонаву, беларускаму пісьменніку У. Караткевічу, які тут нарадзіўся, а таксама помнікі ахвярам палітычных рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане.

На левым беразе ракі Аршыца выяўлены курганны могільнік 11—12 ст., які з'яўляецца помнікам археалогіі.

Захаваліся помнікі архітэктуры: Куцеінскі Богаяўленскі манастыр 1623 г. са Свята-Духаўскай царквой 1-й палавіны 17 ст., манастыр базыльян 2-й палавіны 18 ст., Ільінская царква 1880 г., вадзяны млын з арачным мостам 1902 г., будынак рэальнага вучылішча 1906 г. і інш.

3 Оршы паходзяць рукапісныя помнікі беларускага пісьменства: «Лісты» Ф.С. Кміты-Чарнабыльскага 16 ст., «Збор польскіх і рускіх вершаў» канца 17 ст. У 1812 г. тут выяўлена Аршанскае Евангелле канца 12 – пачатку 13 ст., у якім змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея.

Здаўна Орша вядома сваімі высокапрафесійнымі майстрамі. Адсюль паходзяць разьбяры 17 ст. Восіп Андрэеў, Арсеній, Іпаліт і інш., якія працавалі над аздабленнем Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамkя, інтэр'ераў і інш. будынкаў.

У горадзе выдаюцца «Аршанская газета», газета «Тэлекомэкспрэс». Дзейнічае тэлекампанія «Скіф».

 

Орша. Цэнтр горада. 1950 г. Фатаграфия з сайта http://nailizakon.com/Дом № 5 па вул. Астроўскага, які вырас адным з першых на пустэчах пасляваеннай Оршы.  Фатаграфия з сайта http://www.orshanka.by/Орша. Былы кінатэатр «Перамога», цяпер ГЦК (Гарадскі цэнтр культуры), 60-я гады прошлага стогоддзя. Фатаграфия з сайта http://www.autoorsha.com/Мемарыядльны комплекс «Кацюша». Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byОрша, курган неўміручасці ў парку герояў. Фатаграфія з сайту http://www.orshanka.byЕзуіцкі калегіум. Фатаграфія з сайта http://rtv-medveditsa.livejournal.comОрша. Сучасны выгляд горада. Фатаграфія з сайта http://rtv-medveditsa.livejournal.comОрша. Палац спорту «Лядовая Арэна». Фатаграфія з сайта  https://postimg.cc/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бегунова, Е. Жара и холод воедино : в Орше скоро будет введен в строй Ледовый дворец / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2013. – 6 жн. – С. 1, 3.

2. Бобровник, В. «Дажынкі» – благоустройство в фестивальном масштабе / В. Бобровник // Белорусская строительная газета. – 2008. – 8 окт. – С. 6.

3. Боровикова, Т. «Орша не сразу строилась...» / Т. Боровикова // Аршанская газета. - 2008. – 13 верас. – С. 4 ; 27 верас. – С. 3 ; 4 кастр. – С. 3.

4. Город, восставший из пепла // На главной магистрали : к юбилеям Орши, Друцка, Копыси и Толочина / сост. Г. Ч. Лянькевич ; редсовет: В. М. Дедушкин [и др.]. – Минск, 2008. – С. 62–64.

5. Жуковский, В. Послевоенные годы / В. Жуковский // Оршеведение : экспериментальное учебное пособие / В. Жуковский. – Орша, 2002. – С. 90–94.

6. Игнатьева, Т. К новым высотам / Т. Игнатьева, И. Игнатьева // На главной магистрали : к юбилеям Орши, Друцка, Копыси и Толочина / сост. Г. Ч. Лянькевич ; редсовет: В. М. Дедушкин [и др.]. – Минск, 2008. – С. 64–72.

7. Касоўская, І. «Не хлебам адзіным» / І. Касоўская // Аршанская газета. – 1994. – 2 жн. – С. 2 ; 6 жн. – С. 2.

8. Касперскі, В. Орша пасляваенная / В. Касперскі // Аршанская газета. – 2009. – 27 чэрв. – С. 7.

9. Лебедева, О. Ледовая арена принимает гостей / О. Лебедева // Витебские вести. – 2014. – 1 февр. – С. 1–2.

10. Лютынскі, В. Гарады-пабрацімы Оршы / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 1 мая. – С. 4 ; 8 мая. – С. 4.

11. Лютынскі, В. Храналогія гісторыі Оршы / В. Лютынскі // Аршанская газета. – 1998. – 8 снеж. – С. 3.

12. Рытамінская, Я. Орша-2008 / Я. Рытамінская // Літаратура і мастацтва. – 2008. – 26 верас. – С. 1.