Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Вялікая Айчынная вайна. Бешанковіцкі раён

 

Ужо ў першыя дні ліпеня 1941 года вайна дакацілася да Прыдзвіння, баявыя дзеянні ішлі на далёкіх подступах да Віцебска. У раёне Ула –Бешанковічы дзейнічала ў няпоўным складзе 186-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра М. І. Бірукова. Яе сусед справа быў 508-ы полк 174-й дывізіі, злева – часці 153-й дывізіі, якая займала абарону на паўднёвым усходзе ад Гняздзілавіч. У першыя дні ліпеня абарону на подступах да Бешанковіч і непасрэдна ў самім райцэнтры, а пасля на правым беразе Заходняй Дзвіны займалі 290-ы і 298-ы стралковыя палкі 186-й дывізіі. Найбольш слабым месцам у абароне была Ула, таму сюды быў накіраваны 298-ы полк пад камандаваннем вопытнага камандзіра палкоўніка П. А. Волкава. Першы бой часцей 186-й дывізіі з нямецкімі захопнікамі адбыўся на ўчастку абароны 3-га батальёна 298-га палка. Упарты паядынак працягваўся да 3 гадзін раніцы. 5 ліпеня, калі націск намнога большых сіл ворага ўзмацніўся, батальён пачаў адыходзіць на правы бераг Захадняй Дзвіны. Савецкія воіны ўзарвалі за сабой жалезны мост цераз раку. Раніцай 7 ліпеня варожыя часці перайшлі ў наступленне на ўсім рубяжы абароны 186-й дывізіі. 298-ы стралковы полк тройчы адкідваў праціўніка на процілеглы бераг ракі.

Цяжкая абстаноўка склалася і на рубяжы абароны 290-га палка 186-й дывізіі, які вёў упартыя баі ў раёне Бешанковіч. Ударная група палка тройчы контратакавала ворага і скідала ў Заходнюю Дзвіну фашыстаў, што здолілі прарвацца. Але ў тых баях полк быў знясілены, бо страціў каля 40 % асабовага складу. 8 ліпеня на правым фланзе 186-й дывізіі працягваліся жорсткія баі. Танкавыя падраздзяленні праціўніка выйшлі ўперад па шашы Ула – Мясаедава. На іх шляху сталі батарэі 446-га гаўбічнага артылерыйскага палка. У ходзе жорсткіх баёў батарэя малодшага лейтэнанта Ломава знішчыла 6 танкаў праціўніка. Агнём гаўбічных батарэй вораг быў спынены, а потым ён адышоў на зыходныя пазіцыі. 9 ліпеня ўся тэрыторыя раёна была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Як і на ўсёй акупіраванай частцы Беларусі, у населеных пунктах Бешанковіцкага раёна гітлераўцы стварылі сетку пастоў, участкаў і гарнізонаў. Цэнтр раёна ўмацавалі ваеннай і гаспадарчай камендатурамі. Сутнасць «новай» улады, якая шырока прапагандавалася акупантамі, раскрылася адразу і была толькі пачаткам небывалага па маштабах і зверствах знішчэння людзей. Першымі ахвярамі сталі камуністы, камсамольцы, партыйныя і савецкія работнікі, актывісты сацыялістычнага будаўніцтва.

У навакольных лясах пасля жорсткіх абарончых баёў засталося шмат параненых байцоў, якія адсталі ад сваіх часцей. Ім аказвалі дапамогу жыхары бліжэйшых вёсак, падлеткі. З іх дапамогай чырвонаармейцы паступова пазнаёміліся і наладзілі сувязі з мясцовымі патрыётамі. І ўжо восенню 1941 года яны, аб'яднаўшыся групамі, сталі збірацца ў навакольных лясах. Некалькі такіх груп аб'яднаў у атрад лейтэнант Калінін. 1-ы партызанскі атрад размясціўся ў Хоцінскім лесе, у складзе 30 партызан пачаў першыя баявыя дзеянні. На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія брыгады: 1-я Віцебская ( 2-га складу), 2-я Віцебская, «За Савецкую Беларусь», імя А. Ф. Данукалава, 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), імя Леніна, імя Чапаева, Лёзненская, Чашніцкая «Дубрава», імя Кароткіна.

Партызанскія атрады хутка ўстанавілі паміж сабой сувязь, што дазваляла каардынаваць дзеянні, праводзіць сумесныя аперацыі. За лета 1942-га года бешанковіцкія партызаны разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Мішкавічы, Палячкі, Лючыны, Астроўна, Сініцы, Макраны, малочныя пункты. Здзейснілі шэраг дыверсій на чыгунцы Полацк – Віцебск, шашы Віцебск – Бешанковічы.

У пачатку верасня на тэрыторыю раёна прыбыў з невялікай групай прадстаўнік Віцебскага абкама КП(б)Б П. М. Раманаў, які быў прысланы як сакратар Бешанковіцкага падпольнага райкама партыі. 8 кастрычніка 1942 года каля вёскі Канчаны было праведзена пасяджэнне Бешанковіцкага падпольнага РК КП(б)Б. Паводле рашэння райкама асобныя партызанскія атрады «Сібірак», І. С. Банкарова, А. С. Ільіна і дыверсійная група М. П. Івашкіна былі аб'яднаны ў партызанскую брыгаду «За Савецкую Беларусь».

Яшчэ ў пачатку ліпеня 1941 года для падпольнай работы ў тыле ворага быў пакінуты сакратар Бешанковіцкага РК ЛКСМБ Р. П. Жырноў-Літвінаў і больш за 100 камсамольцаў. Камсамольцы аб'ядноўваліся ў падпольныя групы, ішлі ў лес да партызан. З канца верасня 1941 года камсамольскае падполле ў раёне ўзначаліла К. К. Шастакова, якая прыбыла з Расонскага раёна. Яна ўстанавіла сувязі з дзеючымі атрадамі Г. І. Катоўскага, «Сібірак», імя В. І. Чапаева. Актыўнымі арганізатарамі камсамольскага падполля былі таксама мясцовыя камсамольцы Д. П. Аніканаў, М. Л. Белязека, П. У. Путаў, І. С. Янекін і інш.

1 жніўня 1942 года Бешанковіцкі падпольны РК ЛКСМБ на чале з К. К. Шастаковай быў зацверджаны і размяшчаўся ў партызанскай брыгадзе «За Савецкую Беларусь».

23 чэрвеня 1944 года войскі 4-х савецкіх франтоў распачалі гістарычную Беларускую аперацыю. У выніку ўся тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад ворага.

Паспяховае наступленне на Віцебскім напрамку пачалося ў першы дзень Беларускай аперацыі. Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік І. Х. Баграмян), якія павінны былі наступаць у напрамку Бешанковіч, атрымалі задачу ва ўзаемадзеянні з войскамі 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі) разграміць віцебска-лепельскую групоўку праціўніка, фарсіраваць Заходнюю Дзвіну і выйсці ў раён Лепель – Чашнікі.

Адначасова часці 21-й і 19-й гвардзейскіх дывізій вялі ўпартыя баі за вызваленне вёскі Астроўна, дзе фашысты асабліва ўпарта супраціўляліся. Гвардзейцы 19-й дывізіі двума палкамі прасунуліся на паўночны захад і авалодалі вёскай Гняздзілава, устанавілі сувязь з 43-й арміяй. Падраздзяленні 43-й арміі вызвалілі вёску Задарожжа, дзе і сустрэліся з воінамі 19-й гвардзейскай стралковай дывізіі 39-й арміі. Воіны 179-й дывізіі перарэзалі ў некалькіх месцах шашу Бешанковічы – Віцебск. Гэтым самым было замкнёна кальцо вакол віцебскага «катла», у якім апынулася 5 дывізій 53-га нямецкага корпуса (35 тысяч салдат і афіцэраў).

Праз некаторы час гвардзейцы 277-га і 54-га стралковых палкоў рашучым налётам авалодалі вёскай Астроўна, важным вузлом на шашы Віцебск – Бешанковічы. Воіны 63-й стралковай дывізіі надзейна ўтрымлівалі ўчастак паміж азёрамі Саро і Бароўна, часці 251-й стралковай дывізіі замацаваліся паміж азёрамі Саро і Ліпна ў раёне саўгаса «Ходцы». Некаторым групам фашыстаў удалося вырвацца з «катла», пранікнуць у лясныя масівы. 26 чэрвеня калона ворага вырвалася з акружэння і накіравалася на Бешанковічы. Але яна хутка была перахоплена воінамі 179-й стралковай і 33-й зенітнай дывізій. На зямлі Бешанковіцкага раёна зноў пачаўся бой, які закончыўся поўным разгромам гітлераўцаў.

Акупанты спалілі ў раёне 34 вёскі, знішчылі больш за 10 тысяч чалавек мірнага насельніцтва, вывезена ў Германію больш за 2 тысячы чалавек. Загінуў амаль кожны 3-ці жыхар раёна.

Раён быў вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 26 чэрвеня 1944 года ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі.

 

Курган Славы, г. п. Бешанковічы. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byБрацкая магіла, г. п. Бешанковічы. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byМемарыяльны комплекс «Узрэчча», в. .Узрэчча, Бешанковіцкі раён. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Абельская, Е. Земля здесь помнит их стоны... / Е. Абельская // Народнае слова. – 2007. – 8 мая. – С. 4.

2. Акупацыя і вызваленне Бешанковіч // Зара (Бешанковічы). – 2000. – 8 крас. – С. 2.

3. Белоус, К. Берег левый, берег правый / К. Белоус // Рэспубліка. – 2004. – 8 чэрв. – С. 3.

4. Бочейковский бой 1943 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 481–482.

5. Залесская, С. У деревни Гринево / С. Залесская // Белорусская нива. – 2005. – 17 нояб. – С. 5.

6. Крачкоўскі, А. Зямля пад чорнымі крыламі / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2004. – 20 ліп. – С. 3.

7. Крачкоўскі, А. В. Край наш Наддзвінскі / А. В. Крачкоўскі. – Мінск : Полымя, 1990. – 80 с. : іл.– (Па родным краі).

8. Крачкоўскі, А. Яны былі першымі / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2001. – 21 крас. – С. 2.

9. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСавЭн, 1991. – 423 с.

10. Петроченко, М. Бой у Бочейково / М. Петроченко // Зара (Бешанковічы). – 2011. – 21 чэрв. – С. 3.