Гісторыя. Пасляваенны перыяд. Докцыцкі раён
- Подробности
- Створана 20.04.2017 08:40
- Адноўлена 27.09.2017 06:26
Ліпень 1944 года прынёс на Докшыччыну доўгачаканае вызваленне. За тры гады акупацыі раён панёс велізарныя страты. Ад рук акупантаў загінула каля 5 тысяч жыхароў раёна (у т. л. у Докшыцах больш як 3,3 тыс. чалавек). Былі поўнасцю разбураны сеткі аховы здароўя, асветы, гандлю, усе прамысловыя прадпрыемствы, сацыяльна-бытавыя і культурныя ўстановы, 35 км чыгункі, станцыі Параф'янава і Крулеўшчына. Акупанты разрабавалі ўсе створаныя перад вайной у раёне калгасы, саўгасы, Докшыцкую МТС. Докшыцы былі зруйнаваны, былі спалены дзесяткі вёсак. У Докшыцах амаль з 700 будынкаў засталося толькі 206, галоўным чынам на ўскраінах горада. Таму райвыканкам, РК КП(б)Б, а таксама іншыя раённыя ўстановы былі часова размешчаны ў Параф'янаве.
Дзейнасць органаў Савецкай улады была адноўлена ў першыя ж дні пасля вызвалення, у першую чаргу былі праведзены ўлік маёмасці і наяўных запасаў прадуктаў харчавання, мабілізацыя працаздольнага насельніцтва на аднаўленчыя работы. Ва ўсіх сельсаветах ствараліся будаўнічыя брыгады. Востра адчуваўся недахоп працоўнай сілы – мужчыны ў асноўным былі на фронце, на гаспадарках заставаліся інваліды, старыя, жанчыны і падлеткі. Не хапала машын, абсталявання і інструментаў, будаматэрыялаў і коней.
У ліку першачарговых задач было аднаўленне дзейнасці медыцынскіх устаноў. Да сакавіка 1945 года ў раёне аднавілі дзейнасць бальніца, амбулаторыя, аптэка, 5 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
На працягу жніўня 1944 – студзеня 1945 года пачалі працаваць 45 школ, дзе вучылася больш за 4 тысячы дзяцей. У былым маёнтку каля вёскі Целяшы Параф'янаўскага сельсавета быў створаны дзіцячы дом на 55 дзяцей-сірот.
У снежні 1944 года ў Докшыцкім раёне пачала выдавацца газета «Ленінская праўда». Рэдакцыя і друкарня тады размяшчаліся ў Параф'янаве.
Асноўная ўвага пры гэтым надавалася аднаўленню разбуранай сельскай гаспадаркі і прадпрыемстваў. Да сакавіка 1945 года былі зноў створаны структуры ўсіх 14 сельсаветаў раёна, на тэрыторыі якіх налічваўся 281 населены пункт, пражывалі 26984 чалавекі. Аднавіліся 2 перадваенныя калгасы, Докшыцкая МТС, саўгас «Сітцы». Прыступілі да выпуску прадукцыі Сітцаўскі спіртзавод, райбыткамбінат, лесазавод, шэраг арцеляў па пашыве абутку і швейных вырабаў. Вялікае значэнне мела аднаўленне чыгуначнай станцыі Крулеўшчына, электрастанцыі.
Найбольш складанай у сваім вырашэнні аказалася жыллёвая праблема.
Цяжкай выглядала сітуацыя і ў сельскай гаспадарцы.
Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Докшыччына паступова падымалася з руін і папялішчаў. Адбудоўваліся вёскі і райцэнтр. У маі 1946 года райвыканкам, райкам КП(б)Б і іншыя раённыя ўстановы вярнуліся ў Докшыцы. У поўным аб'ёме аднавілі сваю дзейнасць чыгуначныя станцыі Крулеўшчына і Параф'янава, шэраг прамысловых прадпрыемстваў. Многія школы перабраліся з прыватных дамоў у новыя ўласныя будынкі. Пераехала ў Докшыцы рэдакцыя раённай газеты.
Канец першай пасляваеннай пяцігодкі прынёс на заходнебеларускія землі масавую калектывізацыю. У 1949–1950 гадах калгасы былі арганізаваны ў кожнай вёсцы, іх агульная колькасць дасягнула 116, аднак Докшыччыну не абмінула хваля далучэнняў і аб'яднанняў, у выніку чаго ў красавіку 1951 года ў раёне засталося 44 калгасы. Працэс узбуйненняў працягваўся і ў наступныя гады. На 1 студзеня 1954 года ў раёне налічвалася 34 калгасы, да 20 лютага 1956 года яшчэ 15 калгасаў з іх ліку былі далучаны да больш буйных і заможных гаспадарак. Адначасова адбываўся працэс ліквідацыі хутароў.
Даволі паспяхова развівалася прамысловасць раёна. Была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя. Парк аўтатранспарту ў раёне да 1 студзеня 1960 года дасягнуў 750 адзінак. Міжгароднія аўтобусныя маршруты злучалі Докшыцы з Мінскам, Віцебскам, Полацкам, Маладзечна. Быў арганізаваны аўтобусны рух і ўнутры раёна. У 1960 годзе адкрыўся рэгулярны паветраны рух па авіялініі Віцебск – Докшыцы – Мінск.
Прыкметныя зрухі за 15 пасляваенных гадоў адбыліся і ў культурнай сферы. У ліпені 1944 года на ўвесь раён была адна Докшыцкая хата-чытальня. На 1 студзеня 1960 года ў раёне меліся 33 культустановы, раённая і дзіцячая бібліятэкі, дзейнічалі 1 стацыянарная, 2 паўстацыянарныя кінаўстаноўкі, 6 перасовак. Радыёвузлы ў Докшыцах, Крулеўшчыне і ў саўгасе «Сітцы» трансліравалі перадачы з Мінска, Масквы, Віцебска, іншых гарадоў на 3084 радыёкропкі.
Докшыцкі раён з 20 верасня 1944 года ўваходзіў у склад Полацкай, з 8 студзеня 1954 года – Маладзечанскай вобласці; 20 студзеня 1960 года перададзены ў склад Віцебскай вобласці, а 25 снежня 1962 года ліквідаваны.
З першых дзён пасля вызвалення Бягомльшчыны ў раёне была адноўлена дзейнасць органаў Савецкай улады. З-за недахопу прыдатных памяшканняў у Бягомлі частка раённых устаноў размясцілася ў весках Ваўча, Бабцы, Маргавіца.
Захопнікі знішчылі 127 калгасаў, 4 МТС, спалілі часткова ці поўнасцю дзесяткі вёсак, знішчыўшы ў раёне 85 % жылых дамоў і надворных пабудоў, тысячы сем'яў засталіся без даху над галавой. Поўнасцю былі знішчаны ўсе прамысловыя прадпрыемствы, установы аховы здароўя, адукацыі, сувязі, гандлю.
Да лістапада 1944 года ў вёсках раёна былі пабудаваны першыя 108 дамоў. Пачала працаваць Бягомльская раённая бальніца. У верасні 1944 года за парты селі 6 тысяч вучняў, але ў прыватных дамах. У раёне былі створаны дзіцячыя дамы ў вёсках Маргавіца, Бераснёўка і Бабцы.
Высокімі тэмпамі развіваўся лясгас. Быў адноўлены хімлясгас. Працаваў малочны завод і шэраг сепаратарных пунктаў.
У сельскай гаспадарцы пачатак 50-х гадоў быў адзначаны ўзбуйненнем калгасаў, на працягу 3-4 гадоў больш чым 120 дробных гаспадарак ператварыліся у менш чым 30.
Бягомльскі раён, як і да вайны, уваходзіў у склад Мінскай вобласці. 20 студзеня 1960 года Бягомльскі раён быў скасаваны, яго тэрыторыя была перададзена Докшыцкаму і Лепельскаму раёнам Віцебскай, Барысаўскаму раёну Мінскай абласцей.
Узбуйненне раёнаў, праведзенае ў 1956–1962 гадах у рамках рэформы кіравання сельскагаспадарчай вытворчасцю з мэтай скасавання дробных і эканамічна слабых раёнаў, а таксама скарачэння адміністрацыйнага апарату, апраўдала сябе далёка не ва ўсіх выпадках. Таму сярод больш чым 20 іншых раёнаў БССР 6 студзеня 1965 года быў адноўлены і Докшыцкі раён у складзе Віцебскай вобласці. У раён увайшлі Докшыцы, г. п. Бягомль, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Докшыцкі, Крыпульскі, Крулеўшчынскі, Параф'янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі сельсаветы; акрамя таго, Валкалацкі сельсавет са складу Пастаўскага раёна.
Найбольш значнымі прадпрыемствамі раёна ў 1960–1970-я гады былі торфапрадпрыемства «Віцебскае», Бягомльскі лясгас, Сітцаўскі спіртзавод, Крулеўшчынскі і Варганскі цагельныя заводы, хлебазавод і малаказавод у Докшыцах, Крулеўшчынскі філіял Глыбоцкай нафтабазы.
У 1965 годзе ў Докшыцкім раёне была створана дарожная служба (цяпер гэта ДРБУ-180), асноўнай мэтай якой з'яўляліся будаўніцтва і рэканструкцыя дарог. Сярод створаных «з нуля» падраздзяленняў службы быў і асфальтавы завод. Ужо ў 1967 годзе ў Докшыцах была заасфальтавана першая вуліца. У наступныя гады асфальтавае пакрыццё ў раёне працягвалася. Да канца 80-х гадоў былі заасфальтаваны вуліцы большасці вёсак раёна. Менавіта развіццё аўтадарожнай сеткі раёна прывяло да згортвання ў пачатку 70-х дзейнасці лесасплаўных прадпрыемстваў на Бярэзіне і Дзяражыне, а ў сярэдзіне 80-х – закрыццё Докшыцкага аэрапорту.
Значны ўклад у развіццё гаспадаркі раёна зрабілі будаўнічыя арганізацыі. Яшчэ ў 1959 годзе была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (МКБА). На яе рахунку дзесяткі жывёлагадоўчых ферм і вытворчых памяшканняў, сотні жылых дамоў у вёсках, школы, бальніцы, крамы, жывёлагадоўчыя комплексы, Дамы культуры, кінатэатр, Дом быту, аўтазаправачная станцыя і інш. У 1986 годзе МКБА была аб'яднана з ПМК-83 і атрымала назву ПМК-52.
У чэрвені 1967 года быў створаны Докшыцкі меліярацыйны ўчастак, які займаўся асушэннем балот у пойме Бярэзіны, Поні і Сэрвачы, культурна-тэхнічнымі работамі на землях. Адначасова з гэтым прадпрыемствам было створана раённае ўпраўленне асушальна-абвадняльных сістэм, якое эксплуатавала меліярацыйныя каналы, будавала дрэнажныя і палівачныя сістэмы. У 1996 годзе гэтыя прадпрыемствы былі аб'яднаны ў будаўніча-экплуатацыйнае прадпрыемства меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм.
Патрэбы жыхароў і арганізацый раёна ў пасажырскіх перавозках і дастаўцы розных народнагаспадарчых грузаў забяспечвала размешчанае ў Бягомлі аўтапрадпрыемства № 19, а таксама аўтабаза райспажыўсаюза.
У 1968 годзе ў раёне налічвалася 19 калгасаў і 8 саўгасаў. Даволі паспяховымі былі для сельскай гаспадаркі раёна 1970–1980-я гады. У раёне налічвалася 170 гандлёвых кропак і 41 прадпрыемства грамадскага харчавання. Камбінат бытавога абслугоўвання аб'ядноўваў 23 майстэрні, 9 цэхаў і будаўніча-рамонтную брыгаду.
У 1960–1980-я гады адбываўся далейшы колькасны і якасны рост сеткі адукацыйных устаноў. Адкрываліся новыя школы, тыя, што ўжо існавалі, атрымлівалі новыя будынкі і абсталяванне. У 1973 годзе пачала працаваць Докшыцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. У 1987 годзе ў раёне дзейнічалі 13 сярэдніх, 18 васьмігадовых, 12 пачатковых школ, школа-інтэрнат, вочна-завочная школа, міжшкольны вучэбна-завочны камбінат. У 1991 годзе адкрылася Докшыцкая СШ № 2.
У 1987 годзе ў раёне працавалі 113 устаноў культуры: Докшыцкі гарадскі, Бягомльскі пасялковы і 14 сельскіх Дамоў культуры, 31 сельскі клуб, 60 бібліятэк, музей народнай славы ў Бягомлі, аўтаклуб, 4 дзіцячыя музычныя школы. У 1969 годзе ў Докшыцах увайшоў у строй кінатэатр на 420 месцаў.
У 2-й палове 80-х гадоў у раёне працавалі Докшыцкая цэнтральная раённая, Бягомльская пасялковая і 6 сельскіх участковых бальніц, 24 фельчарска-акушэрскія пункты, Крулеўшчынская ўрачэбная амбулаторыя, 2 зубапратэзныя кабінеты, санэпідэмстанцыя, 8 аптэк. Адкрыўся медыцынскі прафілакторый у калгасе «Зара камунізму». У 80-я гады ўвайшлі ў строй Докшыцкая паліклініка, новы будынак Бягомльскай бальніцы, будынкі хірургічнага і дзіцячага аддзяленняў Докшыцкай бальніцы, ФАПы. Фінансавыя ўкладанні ў ахову здароўя ў 1967–1987 гады выраслі ў 3,8 раза.
Зараз раён развіваецца ў аграпрамысловым напрамку. Гаспадаркі раёна спецыялізуюцца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, у раслінаводстве – на вырошчванні збожжавых, ільну, бульбы. Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі занята 64,6 тыс. га. Працуюць прадпрыемствы харчовай, будаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, газавай прамысловасці і інш. Дзейнічаюць установы адукацыі і культуры, медыцынскія, спартыўныя ўстановы. Перспектыўным напрамкам развіцця ў раёне стаў аграэкатурызм.
ЛІТАРАТУРА
1. Аднаўленне народнай гаспадаркі пасля вайны // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 98–179.
2. Докшицам 600 : справочно-информационные материалы / подгот. отдел идеологической работы Докшицкого райисполкома ; фото С. А. Васько, Ю. А. Шульгат. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – 24 с. : ил.
3. Докшицкий район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 372–375.
4. Докшыцкі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 127–129.
5. Докшыцкі раён на сучасным этапе // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 98–179.
6. Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – 749 с. : іл.
7. Регионы. Докшицкий район // Народная газета. – 2010. – 21 крас. – С. 9–16.
8. Хілько, У. Трыццацітысячнікі / У. Хілько // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2005. – 5 лют. – С. 2.