Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Дарэвалюцыйны перыяд. Докшыцкі раён

 

Звестак пра тэрыторыю Докшыцкага раёна ў старажытнарускі час не захавалася. Можна толькі меркаваць, што гэтая тэрыторыя была толькі паўночным ўскрайкам Менскага княства (альбо Менскай зямлі). Далей на поўнач і ўсход пачыналася Полацкая зямля з Лукомскім княствам. Мяжа праходзіла, напэўна, па лясах і балотах левабярэжжа Бярэзіны, амаль дакладна па мяжы сучаснага раёна, якая і сёння застаецца слабазаселеным краем.

Калі са складу Менскай зямлі часова вылучылася Лагойскае княства, то ў яго павінна была ўваходзіць і сучасная Докшыччына. Гэты край ляжаў далёка ад асноўных цэнтраў княства і быў амаль цалкам пакрыты коўдрай векавечных лясоў. Сярод іх невялікімі выспамі ляжалі сёлы з кавалкамі пашы і выганаў.

Пра лад жыцця ў старажытнарускі час можна меркаваць толькі ў самых агульных рысах. Насельніцтва Докшыччыны ў ХІ–ХІІІ стагоддзях цалкам складалася з дзяржаўных сялян, абавязкам якіх была выплата даніны натуральнымі прадуктамі – мёдам, воскам, пушнінай, збожжам і інш.

У 1345 годзе Менская зямля (у т. л. Докшыччына) увайшла ў Віленскае княства. Амаль увесь сучасны Докшыцкі раён з сумежнымі часткамі Лагойскага і Барысаўскага ўтваралі Харэцкую воласць, якая згадваецца ў шэрагу велікакняжацкіх грамат канца XIV – пачатку XV стагоддзяў. Харэцкая воласць падзялялася на тэрыторыі асобных сельскіх абшчын. Цэнтрам адной з абшчын былі Докшыцы. Асаблівасцю лёсу Харэцкіх абшчын, так званых сёл, было драбленне паміж некалькімі саўладальнікамі.

На працягу канца XIV–XV стагоддзяў былыя дзяржаўныя даннікі з Харэцкай воласці былі раздадзены некалькім буйным феадальным родам і віленскаму капітулу. Але пераход з дзяржаўнага ў праватнаўласніцкае падданства мала змяніў жыццё насельнікаў Докшыччыны. Павіннасці сялян, як цяглых, так і даннікаў, вызначаліся ад зямельнага надзела, якім яны карысталіся для ўласных патрэб. У XVІ стагоддзі лад жыцця на Докшыччыне мяняўся вельмі павольна, бо гэтаму спрыяла аддаленасць ад асноўных феадальных цэнтраў.

Канец XVІ – пачатак XVІІ стагоддзяў быў часам значных перамен у грамадскім жыцці ВКЛ. Рэзка ўзмацнілася актыўнасць каталіцкай царквы. Паны-каталікі актыўна будавалі ў сваіх маёнтках не толькі ўніяцкія цэрквы, але і касцёлы, каталіцкія кляштары, надавалі ім зямельныя ўладанні. Гэты працэс не абмінуў і Докшыччыну.

XVІІІ стагоддзе было часам паступовага заняпаду Рэчы Паспалітай. На Докшыччыне асабліва цікавых падзей у гэты час не адбывалася.

На пачатку 1793 года пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Докшыччына апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Замест былых ваяводстваў была ўтворана Мінская губерня з шэрагам паветаў, сярод якіх 3 мая 1793 года з'явіўся Докшыцкі павет. Заходні ўскраек раёна, з маёнткам Валкалата, трапіў у Пастаўскі павет. Аднак гэтыя паветы праіснавалі нядоўга. У 1796 годзе яны былі скасаваны, а тэрыторыя іх падзелена паміж суседнімі Барысаўскім і Вілейскім паветамі. Большасць Докшыччыны апынулася ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, а тэрыторыя на захад ад лініі Крулеўшчына – Докшыцы – Гняздзілава ўвайшла ў Вілейскі павет.

Пры пераходзе ў Расійскую імперыю большасць землеўладальнікаў захавала свае маёнткі. Усяго на тэрыторыі раёна згадваецца каля 400 населеных пунктаў (месцазнаходжанне некаторых вызначыць цяжка), якія адносіліся да 60 маёнткаў. Сярод паселішчаў буйнейшым быў заштатны горад Докшыцы. Найбуйнейшымі былі маёнткі Порплішча, Валкалата, Бераснёўка.

У 2-й палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў тэрыторыя сучаснага Докшыцкага раёна ўваходзіла ў склад Вітуніцкай, Докшыцкай, Тумілавіцкай частак Бягомльскай, Бярэзінскай, Вяліка-Долецкай, Мільчанскай і Асаўской валасцей Барысаўскага павета, Мінскай губерні, Параф'янаўскай, Порплішчанскай, частак Валкалацкай і Жаснянскай валасцей Вілейскага павета, а таксама Глыбоцкай воласці Дзісенскага павета Віленскай губерні.

Пасля адмены прыгоннага права буйное памешчыцкае землеўладанне ў заходніх губернях захавалася, у т. л. і на Докшыччыне. Буйных землеўладальнікаў з сялян (звыш 150 дзес. зямлі) на тэрыторыі Докшыцкага раёна не было.

Сельская гаспадарка ўсё шырэй уцягвалася ў рынкавыя адносіны. У Докшыцах былі заснаваны завод сальных свечак і завод сельтэрскіх і мінеральных вод, смола-шкіпінарны завод. Былі заснаваны вінакурныя заводы ў маёнтках Бераснёўка, Параф'янава, Сітцы, завод «гарачыцельных він» у Шклянцах, у маёнтку Вешкі вырабляўся спірт «для ўласных патрэб». У многіх маёнтках былі пабудаваны млыны – вадзяныя і ветракі: Докшыцы, Гняздзілава, Запонне, Чарніца, Ліпск, Вускрам'е, Маргавіца, Ваўча, Асавок, Сцюдзёнка.

Пшаніца, жыта, ячмень, грэчка і авёс назапашваліся для продажу ў Барысаве і Докшыцах, галоўным чынам у мясцовых яўрэяў-гандляроў.

Да канца ХІХ стагоддзя памешчыцкая зерневая гаспадарка пайшла на спад. Змяншэнне прыбыткаў ад вытворчасці збожжа памешчыкі кампенсавалі малочнай жывёлагадоўляй, якая стала па сутнасці галоўнай галіной сельскай гаспадаркі. Але ў сялян сельская гаспадарка развівалася вельмі слаба. Не змянілася становішча і ў пачатку ХХ стагоддзя. Таму частка сялян адпраўлялася на адыходныя промыслы, да якіх, найперш, можна аднесці сплаў лесаматэрыялаў. Лес дастаўляўся да ракі Бярэзіна і яе прытокаў, потым адпраўляўся ў Крамянчуг, Рыгу і іншыя гарады. У паўднёвыя губерні і за мяжу сплаўляліся вырабленыя мясцовымі жыхарамі мачты, брусы, калёсныя абады, цыноўкі і рагожы, драніцы і гонты для стрэх, смала, дзёгаць, шкіпінар, паташ.

У вольны час сяляне займаліся саматужнымі промысламі: рабілі калёсы, сані, дугі, простую мэблю, бочкі, конную збрую і г. д. Сярод сялян Параф'янаўскай, Порплішчанскай, Валкалацкай валасцей даволі распаўсюджанымі былі ткацтва і пража: ткалі мешкавіну, падкладачны матэрыял, на сарочкі і тонкае; ткалі грубае сукно, іншыя вырабы. Свае вырабы сяляне прадавалі на базарах і кірмашах.

Гандаль канцэнтраваўся пераважна па цячэнні ракі Бярэзіна і па Бярэзінскім канале. З 8 прыстаняў Барысаўскага павета буйнейшай з'яўлялася Бярэзінская. Галоўным прадметам вывазу быў лес (87 %), потым ішлі смала, дзёгаць, спірт. Увозіліся пшаніца (больш за 30 % усяго прывозу), жыта (каля 20 %), соль (13 %), віно (7 %). З Масквы, Мінска і іншых вялікіх гарадоў увозіліся сукно, бакалейныя тавары.

Паводле перапісу 1897 года на тэрыторыі, што займае цяпер раён, пражывала 125 725 чалавек. З усіх валасцей па колькасці насельніцтва вылучалася Параф'янаўская (9101), Докшыцы (7288), Бярэзінская (6512), Вітуніцкая (5985), Тумілавіцкая (5905) і інш.

З канца 1904 года ў краіне нарастаў рэвалюцыйны рух. Аднак у цэлым сялянскі рух заставаўся стыхійным і несвядомым. Найбольш распаўсюджанай формай у Мінскай губерні былі масавыя парубкі памешчыцкіх лясоў. Імі былі ахоплены Асаўская і іншыя воласці Барысаўскага павета.

Значнае месца ў сялянскім руху займалі ўзброеныя сутычкі з паліцыяй і казакамі. Буйныя сутычкі адбываліся ў верасні 1905 года ў вёсцы Дабрунь Вітуніцкай воласці. Такое назіралася і ў іншых месцах.

У параўнанні з сялянскім, рабочы рух насіў больш арганізаваны характар. Восенню 1906 года ён таксама пайшоў на спад. Буйнымі палітычнымі выступленнямі рабочага класа Беларусі былі першамайскія стачкі 1907 года. Рабочыя Докшыц адзначылі гэты дзень масавай палітычнай забастоўкай.

У канцы лета 1907 года ў Докшыцах праходзіла канферэнцыя БСГ (Беларускай сацыялістычнай грамады).

15 ліпеня 1914 года пачалася І сусветная вайна. З лета 1915 года значная частка тэрыторыі Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў. У неакупіраваных раёнах (куды ўваходзіла і тэрыторыя сучаснага Докшыцкага раёна) многія галіны гаспадаркі спынілі вытворчасць з-за адсутнасці сыравіны і кваліфікаваных рабочых. У выключна цяжкім стане апынулася сельская гаспадарка. Да канца 1916 года глыбокая разруха ахапіла ўсе галіны эканомікі краіны. Рэвалюцыйны крызіс стаў агульнанацыянальным.

 

Прыкладныя межы маёнткаў на тэрыторыі Докшыччыны ў сярэдзіне XVII ст.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Дзіско, Ж. Сустракайце: вашы суседзі – Докшыцы / Ж. Дзіско // Вольнае Глыбокае. – 7–13 сак. – С. 6.

2. Докшицы // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсовет: Т. В. Белова [и др.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 137–138.

3. Докшыцы // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [в 3 т.] / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2005. – Т. 1 : А–К. – C. 592–593.

4. Насевіч, В. Докшыцкі павет / В. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 266.

5. Насевіч, В. Докшыцы / В. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 267.

6. Палачанін, Ф. А. Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – 181 с. : іл.

7. Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – 752 с. : іл.

8. Пра жыццё ў заштатным горадзе Докшыцы [ў першай палове ХІХ стагоддзя] / падрыхт. Т. Стаднюк // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 28 лістап. – С. 2.

9. Скараход, В. Дзвесце год назад / В. Скараход // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2006. – 23 жн. – С. 4.