Гісторыя. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 26.09.2017 08:40
- Адноўлена 02.09.2020 09:06
Звяржэнне царызму і адрачэнне імператара Мікалая ІІ ад прастола ў выніку лютаўскай рэвалюцыі 1917 года прывяло да актывізацыі палітычнага жыцця не толькі ў буйных гарадах. Ужо 9 красавіка 1917 года ў Докшыцах быў створаны гарадскі Савет, які прызнаваў кіруючую ролю Петраградскага Савета, выконваў яго пастановы, якія мелі агульнарасійскае значэнне. Разам з тым ён, па прыкладу таго ж Петраградскага Савета, прызнаваў Часовы ўрад і яго органы на месцах – пры ўмове адпаведнасці іх дзейнасці інтарэсам народа. Ужо ў першы склад Савета ўваходзілі дэпутаты-бальшавікі, але тады іх было няшмат. Большасць мандатаў атрымалі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў і Бунда. Адначасова з Саветам у горадзе дзейнічала мясцовае самакіраванне.
Вестка пра перамогу Кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў Петраградзе да Докшыц даляцела хутка. Ужо 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 года ў Докшыцах была ўстаноўлена Савецкая ўлада. Гарадскі Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў у гэты ж дзень быў перавыбраны, у новы яго склад увайшлі 9 бальшавікоў і 5 прадстаўнікоў іншых левых партый.
Асноўнымі функцыямі новага Савета былі абвешчаны барацьба з контррэвалюцыяй і асобамі, якія падрываюць Савецкую ўладу, а таксама барацьба з пагромамі і спекуляцыяй. Дэпутаты выязджалі ў навакольныя вёскі, даводзілі да сялянства дэкрэты новага ўрада – Савета Народных Камісараў. У далейшым пры Докшыцкім Савеце былі створаны рэвалюцыйны трыбунал, следчая камісія, іншыя камісіі і аддзелы. Акрамя таго, Савет узяў пад кантроль Докшыцкую паштова-ашчадную касу паштова-тэлеграфнага ведамства і запатрабаваў ад гандлёва-прамысловых устаноў увядзення касавых кніг з 1 студзеня 1917 года.
Першым старшынёй Докшыцкага рэўкама стаў Ісаак Вант.
Былі створаны Саветы і рэўкамы і ў цэнтрах суседніх валасцей, якія тады існавалі на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна – у Параф'янаве, Порплішчы, Бягомлі, Вітунічах, Валкалаце, Беразіне, Тумілавічах, у шэрагу іншых буйных вёсак. У меншых паселішчах паўсюдна ствараліся камітэты беднаты (камбеды). У першую чаргу камбеды ўзялі на ўлік маёмасць памешчыкаў, раздалі яе батракам і бяднейшым сялянам, пасля чаго перайшлі да перадзелу зямлі.
У студзені 1918 года ў Докшыцах была ўтворана гарадская арганізацыя партыі бальшавікоў, сакратаром яе стаў Аляксандр Каляга, ураджэнец вёскі Верацейка.
Першая сусветная вайна падзяліла Беларусь лініяй фронту на заходнюю і ўсходнюю часткі. Неакупаваныя кайзераўскімі войскамі паветы Мінскай і Віленскай губерняў, на былой мяжы якіх знаходзіцца сёння Докшыцкі раён, апынуліся ў прыфрантавой зоне. Але 18 лютага 1918 года германскія войскі перайшлі ў наступленне па ўсёй лініі фронту, імкліва прасоўваючыся на ўсход. У наступныя дні кайзераўскія войскі захапілі многія гарады, у тым ліку і Докшыцы. Рух кайзераўскіх войск быў спынены толькі 1 сакавіка. Докшыччына апынулася ў глыбокім тыле акупантаў.
З першых дзён акупацыі ў Беларусі пачала разгортвацца дзейнасць падпольных патрыятычных арганізацый. У ліпені 1918 года пачала дзейнічаць партыйная ячэйка ў Бягомлі. На пачатку восені масавы партызанскі рух ахапіў усю тэрыторыю Беларусі. Пасля таго, як аўстра-германскі блок пацярпеў паражэнне ў вайне, а ў Германіі ўспыхнула рэвалюцыя, 13 лістапада 1918 года Савецкі ўрад ануляваў Брэсцкі дагавор, Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. 4–5 снежня Докшыцы і Бягомль былі вызвалены. Фронт рушыў далей на захад, а на докшыцкай зямлі пачалося аднаўленне Савецкай улады.
Але такі доўгачаканы мір аказаўся толькі кароткай перадышкай. Ужо ў канцы лютага 1919 года войскі новастворанай польскай дзяржавы ўварваліся на беларускую зямлю, захапіўшы да сярэдзіны сакавіка шэраг заходніх паветаў. Рухаючыся на ўсход, акупанты занялі Лагойск, Плешчаніцы, Бягомль, 20 жніўня яны ўвайшлі ў Докшыцы. Да пачатку верасня польскія войскі паспелі захапіць Барысаў і Бабруйск, перш чым фронт стабілізаваўся на Бярэзіне і актыўныя баявыя дзеянні спыніліся на некалькі месяцаў.
Насельніцтву Докшыччыны давялося зведаць увесь цяжар новай акупацыі, рэжым якой быў вельмі жорсткі. Працоўныя былі пазбаўлены палітычных правоў, пагоршылася іх матэрыяльнае становішча, у выніку масавых звальненняў вырасла беспрацоўе. Праводзіліся масавыя арышты, але беларускі народ не скарыўся захопнікам. У тыле ворага разгарнулася ўзброеная барацьба супраць акупантаў.
4 ліпеня 1920 года Чырвоная Армія пачала наступленне на Заходнім фронце. У ноч на 6 ліпеня перадавыя атрады занялі Докшыцы, удзень былі вызвалены Крулеўшчына, Параф'янава. У хуткім часе былі вызвалены ўсе беларускія землі.
Чырвоная Армія працягвала баявыя дзеянні на тэрыторыі Польшчы. Аднак 16 жніўня пры актыўнай ваенна-тэхнічнай і фінансавай дапамозе краін Антанты пачалося контрнаступленне польскіх войск. Заходні фронт быў разгромлены. Пачалося агульнае адступленне Чырвонай Арміі з Польшчы. 3-я армія, у якую было мабілізавана нямала жыхароў Докшыччыны, была амаль поўнасцю разгромлена пад Варшавай.
На працягу верасня – кастрычніка 1920 года польскія войскі захапілі ўсю Заходнюю Беларусь, Мінск, Вільню і Віленскі край, лінія фронту разрэзала Докшыччыну напалам.
Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 года савецка-польская граніца рассекла напалам тэрыторыю сучаснага Докшыцкага раёна. На ўсходнім, савецкім баку, апынулася Асаўская, Бягомльская, Бярэзінская, Вітуніцкая воласці Барысаўскага павета. На заходнім, польскім – Докшыцкая і Тумілавіцкая воласці Барысаўскага павета, Параф'янаўская і Порплішчанская воласці Вілейскага павета, якія ўвайшлі ў новаўтвораны Дзісенскі павет Віленскага ваяводства.
Галоўнай задачай у гэты час з'яўлялася аднаўленне эканомікі, якая пасля 1-й сусветнай, дзвюх рэвалюцый і дзвюх акупацый прыйшла ў заняпад. На Бягомльшчыне да 1925 года адбывалася галоўным чынам пераразмеркаванне былых памешчыцкіх і царкоўных землеўладанняў на карысць малазямельных і беззямельных сялян.
17 ліпеня 1924 года на карце з'явіўся Бягомльскі раён у складзе Барысаўскай акругі. На 1 сакавіка 1927 года ў раёне пражывала 28355 чалавек і налічвалася 324 населеныя пункты. Развіццю сельскай гаспадаркі Бягомльшчыны перашкаджалі асобыя ўмовы пагранічнага раёна.
Першыя калектыўныя гаспадаркі на Бягомльшчыне з'явіліся ў 1925–1926 гадах на месцы былых панскіх маёнткаў Яцаўшчына і Аляксандрава. У 1927–1928 гадах арганізаваліся 5 сельгасарцеляў. У сакавіку 1929 года ў Бягомльскім раёне налічвалася 7 калгасаў. Быў абвешчаны курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі, глеба для яго рэалізацыі рыхтавалася з дапамогай жорсткіх адміністрацыйных, эканамічных і ідэалагічных мер. У канцы 1929 года на тэрыторыі Бягомльскага раёна дзейнічала 16 калгасаў.
На 1 ліпеня 1935 года ў раёне дзейнічалі 134 калгасы, 2 саўгасы, 8 іншых дзяржаўных і грамадскіх сельгаспрадпрыемстваў, Бягомльская МТС.
У наступныя гады новыя калгасы амаль не ствараліся, заключная стадыя калектывізацыі вылучалася нават скарачэннем іх колькасці – за кошт аб'яднання больш дробных калгасаў.
І ўсё ж, як моцна не ціснула ўлада на селяніна, каб той ішоў у калгас, суцэльнай калектывізацыі не атрымалася. Парушаны калектывізацыяй спрадвечны ўклад жыцця прывёў да таго, што вёска, дзе кожны пуд збожжа быў на строгім уліку, апынулася без хлеба.
Да матэрыяльнага ўціску заможнай часткі насельніцтва дадаваўся і маральны: грамадзяне пазбаўляліся права голасу, выбарчага права. У гэтую катэгорыю найперш уваходзілі кулакі, затым абшарнікі, былыя афіцэры і жандары, служыцелі культу, слугі паноў, святароў і г. д., па раёне іх налічвалася больш за 300 чалавек. Асноўная маса іх была выселена за межы Беларусі. За гэтай хваляй тэрору наступіла другая – 1937 і іншыя гады, калі сотні сялян раёна былі рэпрэсаваны і загінулі ў сталінскіх лагерах і ссылках.
Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР паводле Загада Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб утварэнні Баранавіцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе Беларускай ССР» ад 4 снежня 1939 г. сярод іншых у Вілейскай вобласці 15 студзеня 1940 г. быў утвораны Докшыцкі раён, які 12 лістапада 1940 г. быў падзелены на 14 сельсаветаў: Бярозкаўскі, Валодзькаўскі, Гняздзілаўскі, Грабучанскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Несцераўшчынскі, Параф'янаўскі, Порплішчанскі, Старасельскі, Таргуноўскі, Тумілавіцкі, Юркаўшчынскі, Янкоўскі.
17 верасня заходняя частка Докшыччыны была занята Чырвонай Арміяй, а яшчэ праз суткі апынулася ў глыбокім тыле.
15 студзеня 1940 года на карце з'явіўся Докшыцкі раён Вілейскай вобласці. Пасля ўдакладнення межаў агульная тэрыторыя Докшыцкага раёна ў студзені 1940 года склала 894,6 км2, насельніцтва – 36468 чалавек.
У пачатку 1940 года на тэрыторыі раёна працавалі: 3 малочныя заводы, 2 вінакурні, 6 млыноў з механічнымі рухавікамі, 6 лесапілак, 2 шкіпінарныя прадпрыемствы, 2 цагельні, 2 электрастанцыі, 34 пачатковыя і 10 няпоўных сярэдніх школ, 11 клубаў, 12 чырвоных куткоў, 5 бібліятэк.
Усе палітычныя партыі, акрамя камуністычнай, былі забаронены. Ужо ў лютым 1940 года да Докшыцкага раёна дакацілася першая хваля рэпрэсій, калі памешчыкі, чыноўнікі, каланісты-асаднікі, былыя польскія паліцыянты і вайскоўцы, якія аказаліся на савецкай тэрыторыі, частка заможных сялян была арыштавана ці выслана ва ўсходнія раёны СССР.
У 1940 годзе ў раёне створана Докшыцкая МТС. Да красавіка 1949 года на тэрыторыі Крулеўшчынскага сельсавета былі створаны 3 калгасы. 6 мая 1940 года на базе былога маёнтка «Дзедзіна» арганізаваны калгас імя Будзённага Тумілавіцкага сельсавета. На 15 красавіка 1941 года на тэрыторыі Докшыцкага раёна працавалі 16 калгасаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Альшэўская, Т. На разломе / Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 21 студз. – С. 5.
2. Бугаевіч, Р. Г. Калектывізацыя на Бягомльшчыне ў 1920–30-я гады / Р. Г. Бугаевіч // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета/ Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 34 : Гуманитарные науки. – С. 18–19.
3. Грыгаровіч, М. Верай і праўдай / М. Грыгаровіч // Ленінская трыбуна (Докшыцы). – 1978. – 10 кастр. – С. 2.
4. Палачанін, Ф. Да 70-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР / Ф. Палачанін // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2009. – 16 верас. – С. 2.
5. Докшыччына ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 17–19.
6. Нашы землякі – удзельнікі Кастрычніка // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2003. – 7 лістап. – С. 1.
7. На крутым павароце гісторыі // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 128–213.