
Прэзентацыя электроннага рэсурсу «Афганистан. Без права на забвение»
- Details
- Створана 24.02.2014 15:49
20 лютага 2014 г. у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылася прэзентацыя электроннага рэсурсу «Афганистан. Без права на забвение». Рэсурс створаны да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана і прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам Віцебскай вобласці, як даніна павагі ўдзельнікам ваенных падзей у Афганістане.
Новы рэсурс – вынік сумеснай работы ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў. На прэзентацыю праекта былі запрошаны ветэраны ваенных дзеянняў у Афганістане, сваякі загінуўшых воінаў-«афганцаў», прадстаўнікі 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады, ваенных камісарыятаў вобласці, Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, жансавет афганскага таварыства «Братэрства», кадэты Віцебскага кадэцкага вучылішча, вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС РБ в/ч 5524, музейныя работнікі, педагогі, бібліятэкары, прадстаўнікі СМІ, студэнты ВНУ, гісторыкі і краязнаўцы горада.
Вядучы мерапрыемства, дырэктар бібліятэкі, Аляксандр Іосіфавіч Сёмкін цёпла павітаў гасцей і ўдзельнікаў прэзентацыі і расказаў пра ідэю стварэння электроннага рэсурсу. Каардынатар праекта, намеснік дырэктара, Таццяна Мікалаеўна Адамян азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з электроннай базай даных «Афганистан. Без права на забвение» і распавяла пра карпатлівую работу супрацоўнікаў бібліятэкі па яе стварэнні. Выступленне суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй і слайдамі з фотагалерэі электроннага рэсурсу.
На мерапрыемстве выступілі воіны-інтэрнацыяналісты Артур Іосіфавіч Мацяюн, Валерый Рыгоравіч Марчанка, Валяр'ян Альбінавіч Мацкевіч. У 1979–1989 гг. яны былі рэальнымі ўдзельнікамі ваенных падзей у Афганістане. Кадравыя афіцэры высока ацанілі работу Віцебскай абласной бібліятэкі па ўвекавечанні памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Віцебскай вобласці і адзначылі, што новы электронны рэсурс з'яўляецца своеасаблівай кнігай памяці і годным дакументальным матэрыялам для ідэалагічнага выхавання моладзі.
Дырэктар Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Вольга Юр'еўна Аляксандрава дала высокую ацэнку якасці апрацоўкі дакументальных матэрыялаў, якія змяшчаюцца ў базе даных, і падзякавала супрацоўнікам бібліятэкі за каласальную работу, праведзеную за час працы над электронным рэсурсам.
Намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Васільеўна Кузьмініч адзначыла важнасць і актуальнасць створанага краязнаўчага электроннага рэсурсу.
Вершы і песні афганскай тэматыкі прагучалі ў выкананні Валянціны Мікалаеўны Кузьміной, Аляксея Масальскага, ветэрана-«афганца» Андрэя Мікалаевіча Голуба. Іх выступленні нікога з прысутных не пакінулі абыякавымі. Для гасцей вечара з музычным падарункам ад калектыву абласной бібліятэкі выступіла Кацярына Голікава.
Пасля заканчэння мерапрыемства ўсім жадаючым была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з электронным рэсурсам «Афганистан. Без права на забвение» ў электроннай чытальнай зале бібліятэкі.


































