
Мастацкая выстаўка Вячаслава Шамшура «Лазні»
- Details
- Створана 16.04.2014 15:19
10 красавіка ў фае бібліятэкі адбылося адкрыццё мастацкай выставы члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Вячаслава Вячаслававіча Шамшура «Лазні».
Мастак, мастацтвазнаўца, педагог Вячаслаў Вячаслававіч Шамшур нарадзіўся ў 1942 годзе ў вёсцы Пціцкія Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1970), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1978). З 1970 года выкладае ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. З 1986 па 2005 год з'яўляўся загадчыкам кафедры мастацтваў, з 2006 – прафесарам кафедры дызайна. Зараз – прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі. Выдатнік народнай асветы БССР. Даследуе гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, творчасць сучасных віцебскіх мастакоў. Працуе ў розных тэхніках станковай графікі. Асноўныя работы выкананы ў тэхніцы лінагравюры і пастэлі.
Гэтая выстава – пацвярджэнне таго, што мастака асабліва прыцягваюць і захапляюць пейзажныя матывы роднага краю. У экспазіцыі прадстаўлена 18 твораў, выкананых у тэхніцы пастэлі. Выявы вясковых хатак, лазняў, вясковага побыту з'яўляюцца асабліва ўлюблёнымі для мастака. «Дарагія мясціны майго дзяцінства, – прызнаецца В. В. Шамшур, – не даюць мне спакою. Іх цудоўныя сонечныя вобразы заўсёды стаяць у маіх вачах і вельмі часта ўзнікаюць у снах».
Павіншаваць Вячаслава Вячаслававіча з адкрыццём выставы прыйшлі мастакі, калегі-выкладчыкі, паэты, студэнты, шматлікія прыхільнікі яго таленту.
У аддзеле літаратуры па мастацтве на кніжнай выставе «Класік сучаснага пейзажа» прадстаўлены мастацтвазнаўчыя работы і фотадакументы з асабістага архіва В. В. Шамшура.
Вячаслаў Шамшур – адна з адметных і вельмі цікавых персон у сучаснай мастацкай прасторы не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Супрацоўнікі аддзела сумесна з мастацтвазнаўцам М. Л. Цыбульскім падрыхтавалі каталог «Вячаслаў Шамшур. Класік сучаснага пейзажа».


































