
Вечар-успамін «Святло душы аддаўшы людзям»
- Details
- Створана 23.12.2014 10:20
16 снежня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адбыўся вечар-успамін «Святло душы аддаўшы людзям», прымеркаваны да 75-годдзя з дня нараджэння паэта, перакладчыка, педагога Анатоля Мікалаевіча Канапелькі.
Блізкія, сябры, вучні Анатоля Мікалаевіча сабраліся ў гэты снежаньскі вечар, каб яшчэ раз успомніць добрага, светлага чалавека, паслухаць яго вершы.
Напачатку вечарыны была паказана прэзентацыя з фотаздымкамі паэта і прагучалі вершы Анатоля Канапелькі ў выкананні вучняў СШ № 34 г. Віцебска.
Загадчык кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, паэтэса Вольга Іванаўна Русілка расказала не толькі пра педагагічную працу Анатоля Мікалаевіча, але і пра асаблівасці яго творчасці. Сваімі ўспамінамі пра настаўніка падзяліліся былыя студэнты Анатоля Мікалаевіча – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 34 г. Віцебска Галіна Мароз, загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька», паэтэса Людміла Сіманёнак і загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова.
Доўгія гады сяброўства звязвалі віцебскіх паэтаў Анатоля Канапельку, Давіда Сімановіча, Уладзіміра Папковіча. Пра гэта расказваў паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч. А запіс выступлення Давіда Сімановіча толькі пацвердзіў, што сяброўства сапраўды не старыцца і не знікае з зыходам чалавека з жыцця.
Пра супрацоўніцтва Анатоля Канапелькі з газетай «Народнае слова», на старонках якой Анатоль Мікалаевіч вёў рубрыку «Анталогія беларускай паэзіі», гаварыў пісьменнік Сяргей Рублеўскі.
Краязнаўцы Аркадзь Падліпскі і Святлана Казлова ў сваіх выступленнях звярнулі ўвагу на ролю Анатоля Канапелькі ў культурным і грамадскім жыцці нашага горада.
Выступленні Раісы Грыбовіч, Святланы Дашкевіч, Уладзіміра Сівіцкага былі прысвечаны сяброўству і супрацоўніцтву Анатоля Мікалаевіча Канапелькі з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа.
Добрымі ўспамінамі пра Анатоля Мікалаевіча падзялілася былы загадчык аддзела беларускай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі Тамара Васільеўна Ганчарова.
Сваю падзяку ўсім, хто не забывае Анатоля Канапельку і захоўвае памяць пра яго, выказала ўдава Анатоля Мікалаевіча Святлана Іванаўна Федаровіч.
Відэазапісы, на якіх Анатоль Мікалаевіч Канапелька чытае вершы і гаворыць пра сваіх сяброў, зноў наблізілі яго да ўсіх нас, і здавалася, што ён знаходзіцца на гэтай вечарыне і вітае ўсіх прысутных.


































