
Літаратурная вечарына «Чараўнік роднага слова»
- Details
- Створана 26.02.2015 10:25
24 лютага ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адбылася літаратурная вечарына «Чараўнік роднага слова» да 80-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
У дзень наражэння паэта ў абласную бібліятэку прыйшлі прыхільнікі творчасці Рыгора Барадуліна, паэты, пісьменнікі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада, студэнты і вучні.
З вялікай цікавасцю слухалі ўсе прысутныя выступленні людзей, якія былі асабіста знаёмыя з народным паэтам.
Пра свае першыя крокі ў літаратуры і дапамогу Рыгора Барадуліна гаварыў паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч. А Зінаіда Авяр'янаўна Комбар, якая ведала Рыгора Барадуліна са студэнцкіх гадоў, прыгадала пра сумесныя выступленні з будучым народным паэтам на розных мерапрыемствах, што ладзіліся ў той час у БДУ. Пра сваё знаёмства з Рыгорам Барадуліным і сумесную вандроўку на радзіму паэта расказаў пісьменнік Сяргей Рублеўскі. Цудоўныя фотаздымкі, што былі зроблены журналістам Міхасём Шмерлінгам падчас гэтай вандроўкі, зацікавілі ўсіх удзельнікаў вечарыны. З хваляваннем і шчырасцю прачытала любімыя вершы Рыгора Барадуліна вучаніца 11 класа гімназіі № 8 г. Віцебска Настасся Жлукценка. Творы Рыгора Барадуліна таксама гучалі ў выкананні бібліятэкараў Марыі Бяляцкай і Анжалікі Радзевіч.
Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова расказала пра цікавыя выданні твораў паэта і апошнія зборнікі вершаў, якія знаходзяцца ў фондзе аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, пра папулярызацыю творчасці паэта на старонках сайта Віцебскай абласной бібліятэкі.
Вечарына, што адбылася ў дзень нараджэння народнага паэта, з'яўляецца данінай памяці і павагі Рыгору Барадуліну і працягвае цыкл мерапрыемстваў, арганізаваных супрацоўнікамі Віцебскай абласной бібліятэкі да юбілею нашага знакамітага земляка. З пачатку 2015 года ў аддзелах бібліятэкі наладжаны кніжныя выставы, прысвечаныя жыццю і творчасці Рыгора Барадуліна. На працягу тыдня ўсе наведвальнікі Віцебскай абласной бібліятэкі могуць паглядзець электронную прэзентацыю пра Рыгора Барадуліна на экране ў фае бібліятэкі.


































