
Творческий вечер Ф.М. Кузнецова и М.М. Боборико
- Details
- Створана 09.09.2015 09:26
3 верасня ў бібліятэцы адбылося ўрачыстае закрыццё юбілейнай выставы жывапісу віцебскага мастака-пейзажыста Ф.М. Кузняцова «Зимы очарование» з цыкла «Поры года» і пасяджэнне мастацка-эстэтычнага салона «ОЛИ-Art», прысвечанага творчасці мастака Фелікса Міхайлавіча Кузняцова і пісьменніцы Маіны Максімаўны Бабарыка.
Мастак Ф. М. Кузняцоў нарадзіўся 1 верасня 1940 года ў г. Віцебску ў сям'і мастакоў. Яго бацька, Міхал Трафімавіч, быў вучнем Ю. М. Пэна, арганізатарам і першым дырэктарам Віцебскіх мастацкіх майстэрняў. Маці, Ганна Веніямінаўна – адной з першых вучаніц Марка Шагала. Фелікс Міхайлавіч, скончыўшы ў 1966 годзе мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, працаваў мастаком-афарміцелем. Ён з'яўляецца ўдзельнікам многіх рэспубліканскіх і абласных выстаў. Уся творчасць Фелікса Міхайлавіча звязана з прыродай.
На экспазіцыі прадстаўлена 19 зімовых краявідаў мастака.
Жонка мастака Маіна Максімаўна Бабарыка – член Саюза журналістаў СССР (1971), член Саюза журналістаў Беларусі (1976), член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005), аўтар кніг для дзяцей і юнацтва, літаратурных публікацый.
Маіна Максімаўна нарадзілася 21 сакавіка 1930 года ў г. Віцебску ў сям'і служачых. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яе сям'я была эвакуіравана ў д. Урала Альмецьеўскага раёна Татарыі. Па вяртанні ў Віцебск скончыла школу працоўнай моладзі пры фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі», потым Віцебскі педагагічны інстытут. Яшчэ ў школе пачала пісаць вершы, аповеды, нарысы. Друкавалася у газеце «Віцебскі рабочы». Маіна Максімаўна працавала на Віцебскай абласной тэлестудыі ў рэдакцыі праграм для дзяцей і юнацтва.
На пасяджэнні салона ішла гутарка пра ролю асобы ў лёсе горада. З вуснаў Маіны Максімаўны прагучалі вершы, якія былі напісаны як яшчэ ў далёкім юнацтве, так і зусім новыя.
На мерапрыемстве прысутнічалі сябры гэтай творчай сям'і. Сярод жадаючых сказаць добрае слова ў адрас Фелікса Міхайлавіча і Маіны Максімаўны былі мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі, мастак Фелікс Гумен, паэты Уладзімір Папковіч, Галіна Сінякова, актрысы Раіса Грыбовіч, Наталля Аладка і Святлана Жукоўская, навуковы супрацоўнік Віцебскага мастацкага музея Алена Рак, архівіст Таццяна Цаль.


































