
Творчая сустрэча з паэтэсай А. У. Крыклівец
- Details
- Створана 18.09.2015 14:24
![]()
17 верасня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Віцебскай абласной бібліятэкі адбылася творчая сустрэча з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэатам міжнародных літаратурных конкурсаў, кандыдатам філалагічных навук. дацэнтам кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Аленай Уладзіміраўнай Крыклівец.
Алена Уладзіміраўна Крыклівец нарадзілася ў горадзе Віцебску. Аўтар зборніка вершаў «На грани света» (2008). Лаўрэат VII Міжнароднага Пушкінскага конкурса (2007, Расія), Міжнародных літаратурных конкурсаў: «Северная Аврора» (2012, Расія), «Мир без войны и насилия» (2013, Польшча), «Словенское поле» (2013, Расія), «Литературная Вена» (2013, Аўстрыя), «Русский Stil» (2014, Германія), «Арфа Давида» (2015, Израіль), «Эмигрантская лира-2015» (2015, Бельгія).
Гэта першы творчы вечар паэтэсы, які адбыўся ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Павіншаваць Алену Крыклівец прыйшлі калегі па рабоце і творчасці. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка расказала прысутным пра шматлікія перамогі Алены на міжнародных літаратурных конкурсах. Цёплыя словы пра сваю калегу гаварылі загадчык кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Виктараўна Лапацінская і кандыдат філалагічных навук, паэтэса Вольга Іванаўна Русілка.
Прыемным сюрпрызам для Алены і ўсіх удзельнікаў сустрэчы стала выступленне мастацкага кіраўніка ўзорнага самадзейнага калектыву музычнай студыі «Альтанка», кампазітара, аранжыроўшчыка Мікалая Мікалаевіча Радзівонава, які расказаў пра даўняе супрацоўніцтва з Аленай Крыклівец як паэтам-песеннікам. Прагучалі фанаграмы песень на вершы паэтэсы.
Аматары паэзіі, якія сабраліся ў гэты дзень у бібліятэцы, пачулі шмат выдатных вершаў. Алена Уладзіміраўна прачытала некаторыя з вершаў, з якімі яна атрымала перамогу на міжнародных літаратурных конкурсах, гучалі таксама новыя вершы і найбольш любімыя вершаваныя радкі паэтэсы. Біблейскія матывы, філасофскія развагі, прысвячэнні любімаму гораду не пакінулі абыякавымі нікога са слухачоў.
Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Мікалаеўна Адамян, падзякаваўшы паэтэсе за цудоўны творчы вечар, пажадала ёй новых кніг і новых сустрэч у сценах бібліятэкі.


































