
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск – горад на шляху з вараг у грэкі»
- Details
- Створана 11.10.2016 07:39
13 кастрычніка ў бібліятэцы адбыўся чарговы занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Тэма: «Віцебск – горад на шляху з вараг у грэкі».
На лекцыі выступілі кандыдаты гістарычных навук Дзяніс Юрчак і Анатоль Дулаў, вядучы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Шаркоўская, удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn».
Дзяніс Юрчак расказаў пра фарміраванне першых сусветных цывілізацый на рэках і прывязцы да рэк летапісных усходнеславянскіх плямёнаў, пра значэнне дзвінскага ўчастка шляху «з варагаў у грэкі» ў ІХ–Х стагоддзях. Былі прыведзены дадзеныя археалагічных раскопак у вёсцы Кардон Шумілінскага раёна, якія сведчаць пра тое, што гарадзішча і два селішчы, што там размяшчаліся, можна датаваць VIII–X стагоддзямі.Звесткі пра сляды скандынаваў на Віцебшчыне і ў Віцебску, пра буйныя манетныя скарбы выклікалі вялікую зацікаўленасць слухачоў.
З выступлення Анатоля Дулава можна было даведацца пра этымалогію некаторых слоў, звязаных са скандынавамі. Была асветлена роля скандынаваў ва ўтварэнні старажытнарускай дзяржавы. На працягу стагоддзяў жыхары Падзвіння і Падняпроўя называлі сябе «руссю», «русінами», «рускім людам».
Элементы конскай збруі, зброя, крыжы скандынаўскага тыпу і іншыя артэфакты захоўваюцца ў экспазіцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея «Старажытны Віцебск». Пра паўночнаеўрапейскія старажытнасці Віцебшчыны расказала Наталля Шаркоўская.
Удзельнікі клуба «Vargentorn» прадэманстравалі адзенне варажскіх наёмных дружыннікаў і падрабязна расказалі пра асаблівасці ваеннага рыштунку. У рэканструкцыі ўбораў вікінгаў дапамаглі дадзеныя археалагічных раскопак пахаванняў скандынаўскага перыяду ў Гнёздава. Было зададзена шмат пытанняў пра асаблівасці побыту вікінгаў, вайсковае ўзбраенне.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на старонцы «в контакте»: https://vk.com/histvitebsk.


































