
Вечарына памяці «Гарыць зорка лёсу»: да 80-годдзя з дня нараджэння Барыса Беляжэнкі
- Details
- Створана 29.05.2017 13:18
5 чэрвеня ў бібліятэцы адбылася вечарына памяці «Гарыць зорка лёсу»: да 80-годдзя з дня нараджэння паэта, празаіка, Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыса Беляжэнкі.
На працягу 50 гадоў Барыс Паўлавіч Беляжэнка актыўна і мэтанакіравана праяўляў сябе ў самых разнастайных літаратурных жанрах, ствараючы цудоўныя вершы, аповесці, байкі, гумарэскі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок падкрэсліла вялікі ўнёсак Барыса Беляжэнкі ў культурную спадчыну Віцебшчыны. Пра шматлікія літаратурныя ўзнагароды, выдадзеныя кнігі аўтара нагадала ўсім прысутным старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка. Прагучалі вершы паэта з кнігі «Тайна иволги». Ала Арлова, якая доўгія гады працавала настаўнікам у Бачэйкаўскай сярэдняй школе і цесна супрацоўнічала з паэтам, і настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай жа школы Любоў Шчука сказалі сваё слова пра славутага земляка. Шмат гадоў у абкаме партыі разам з Барысам Беляжэнкам працаваў Віктар Грузневіч, які таксама падзяліўся сваімі ўспамінамі.
Прагучалі выступленні загадчыка секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Намеснікава і паэта, празаіка Уладзіміра Крайнева.
Барыс Беляжэнка быў частым госцем у многіх бібліятэках Віцебшчыны. Загадчык аддзела маркетынгу Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Мароз расказала, што зараз вырашаецца пытанне пра наданне Бачэйкаўскай вясковай бібліятэцы імя Барыса Беляжэнкі.
Гумар, сатыра, жарты былі заўсёды блізкія Барысу Беляжэнку. Вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Юрась Цвірка па-майстэрску выканаў урывак з гумарэскі Барыса Беляжэнкі «У аўтобусе».
На працягу 11 гадоў побач з Барысам Паўлавічам крочыла Лілія Забаўленка, якая шчыра распавяла прысутным пра жыццё і творчасць паэта. Цёплыя словы пра Барыса Беляжэнку прагучалі ў выступленнях сяброў сям'і – Ніны Скуматавай, Людмілы Рыбнікавай, членаў клуба «Сяброўства» Людмілы Станкевіч і Алы Шурды.
На вечарыне гучалі песні на словы Барыса Беляжэнкі, на музыку кампазітара Надзеі Несцярэнкі, у выкананні арт-групы «Арыён». Кіраўнік Віцебскага моладзевага хора Віталь Рауза таксама піша песні на словы Барыса Беляжэнкі, аўдыёзапіс адной з іх быў прадэманстраваны ўдзельнікам вечарыны. Спявак Пётр Белюсеў выканаў некалькі песень, якія найбольш падабаліся Барысу Паўлавічу. Вечарына завяршылася любімай песняй Барыса Беляжэнкі «Ангел Белой Руси» ў выканнанні спявачкі Вольгі Секунды.


































