
Віцебскай абласной бібліятэцы 90 гадоў!
- Details
- Створана 29.10.2019 10:32
24–25 кастрычніка ў бібліятэцы прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 90-гадовага юбілею Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.
24 кастрычніка адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя бібліятэкі ў гісторыі малой радзімы», у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, вядучых бібліятэк краіны і рэгіёну, навуковыя супрацоўнікі архіваў і музеяў. Удзельнікі форуму разгледзелі шырокі спектр актуальных пытанняў, якія тычацца дзейнасці сучаснай бібліятэкі, надаўшы асаблівую ўвагу вывучэнню рукапісных, старадрукаваных і архіўных фондаў як аб'ектаў даследавання.
Пасля завяршэння канферэнцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, ў рамках якога прайшла прэзентацыя праекта таймераграфіі Віктара Барысенкава «Горад Марка Шагала» і прэзентацыя кнігі Людмілы Вакар «Забава: народная цацка і лялька Віцебшчыны».
Працягам свята стаў урачысты вечар у Віцебскім абласным Палацы дзяцей і моладзі.
Сярод ганаровых гасцей на юбілеі прысутнічалі: галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Бацян, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Бякета, начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Дзядзінкіна, намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын, начальнік аддзела культуры Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Наталля Шыянок, намеснік главы адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска Алена Шарай, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў галіне паэзіі Тамара Краснова-Гусачэнка, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі, дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Якаб Рачак, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, устаноў культуры і адукацыі горада.
У адрас бібліятэкі гучалі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў ад шматлікіх сяброў і сацыяльных партнёраў.
Высока ацэньваючы ўклад бібліятэкараў у развіццё, павышэнне прэстыжу і ўмацаванне традыцый бібліятэчнай справы Віцебскай вобласці, супрацоўнікам бібліятэкі былі ўручаны Ганаровыя граматы і аб'яўлены падзякі.
Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян падзякавала ўсіх, хто прыйшоў падзяліць з бібліятэкай радасную падзею.
25 кастрычніка ў бібліятэцы прайшоў праблемна-арыентаваны круглы стол «Бібліятэкі ў інфармацыйным грамадстве: актуальныя пытанні дзейнасці». На пасяджэнні старшынствавалі і выступалі з дакладамі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Затым адбылося адкрыццё выставы графічных навэл з серыі «Берлінскія міфы» Райнхарда Кляйста (сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску).
Дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян падзякавала гасцей і партнёраў бібліятэкі за ўдзел у святочных мерапрыемствах і правяла экскурсію па бібліятэцы.


































