
Бібліятэка, у якой цікава
- Details
- Створана 18.09.2023 16:05
Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна ў рамках святкавання Дня бібліятэк Беларусі правяла 14 верасня 2023 года шырокую праграму мерапрыемстваў.
У праграме прафесійнага свята сёлета больш за 30 мерапрыемстваў. Пачаўся праект «Бібліятэка запрашае сяброў» з прывітання ганаровых гасцей.
Начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Падгурскі павіншаваў бібліятэкараў з прафесійным святам і адзначыў, што ў абласную бібліятэку прыходзяць не толькі за друкаванымі выданнямі. Тут створаны цудоўныя ўмовы і паспяхова праводзяцца выставы, сустрэчы з пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі, майстар-класы, семінары, канферэнцыі.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», паэт, празаік, аўтар дзіцячых кніг Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка падзякавала за арганізацыю сустрэч з чытачамі, за папулярызацыю творчасці літаратараў, якія жывуць у Прыдзвінскім краі.
Працяглыя і сяброўскія адносіны звязваюць бібліятэку і з Віцебскай епархіяй. Святочная праграма ўключае прэзентацыю сумеснага рэсурсу «Святыя заступнікі зямлі Віцебскай», работа па падрыхтоўцы якога пачалася з благаславення Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя. Уладыка падзякаваў бібліятэкарам за іх руплівую працу на карысць асветы і адукацыі жыхароў вобласці.
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў гарадскога конкурсу аўтарскіх кніжных ілюстрацый «Малюем чароўны свет Хатабыча» да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Лазара Лагіна сабрала членаў журы і лаўрэатаў, падтрымаць якіх прыйшлі педагогі і сябры. Больш за 80 мастакоў ва ўзросце ад 5 да 50+ гадоў прэзентавалі свае работы, некаторыя па 2 і 3 малюнкі. Журы вызначыла па тры лаўрэаты ў розных узроставых намінацыях, а пры інфармацыйнай падтрымцы рэдакцыі гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск» на Дні беларускага пісьменства ў Гарадку адбылося галасаванне, якое вызначыла ўладальніка прыза сімпатый гледачоў.
Выставачная зала «ExLibris» прадставіла шырокаму колу наведвальнікаў больш за сотню рэдкіх і асабліва каштоўных кніг з фондаў найбуйнейшай бібліятэкі рэгіёна. На цырымонію прыйшлі начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, калегі з Віцебскага абласнога архіва, бібліятэк горада і розных установаў адукацыі. У прывітальным слове віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі адзначыў, што выставачная зала з аб'ёмнай экспазіцыяй рэдкіх кніг – даўно чаканы праект не толькі ў горадзе, але і ў вобласці.
Экспазіцыя «Вякоў мінулых шчодрая спадчына» ўключае рарытэтныя выданні ХІХ – пачатку ХХ стст. на беларускай, рускай і заходнееўрапейскіх мовах, прыжыццёвыя выданні твораў класікаў айчыннай і замежнай літаратуры, краязнаўчыя выданні, мініяцюрныя кнігі, кнігі з экслібрысамі, факсімільныя выданні, лепшыя ўзоры сучаснага мастацтва кнігі.
Акцыя-знаёмства «Месца сустрэчы – бібліятэка» прайшла з удзелам Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта для студэнтаў першага курса МІПСА. Пасля агляднай экскурсіі па бібліятэцы, знаёмства з яе структурай і фондамі адбылася гадзіна інфармацыі «На шляху да адзінства». Пра гісторыю стварэння самага «маладога» дзяржаўнага свята, якое адлюстроўвае важныя вехі ў гісторыі беларускага народа, расказала намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч.
У рамках бібліятэчнага праекта «Разам» з мэтай пашырэння дасведчанасці пра жыццё невідушчых і са слабым зрокам людзей, павышэння талерантнасці ў грамадстве ў адносінах да іх прайшоў тыфлаквэст «Я бачу свет сэрцам». Для вучняў ДУА «Сярэдняя школа №21 г. Віцебска імя Героя Савецкага Саюза У. А. Дзямідава» сустрэча з намеснікам дырэктара ГУСА «Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Янай Шляхто і членам Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», спецыялістам па сацыяльнай рабоце Віцебскага дома-інтэрната Дзмітрыем Халадовічам стала ўнікальнай магчымасцю пагрузіцца ў абсалютную цемру, арыентуючыся толькі на гукі, галасы і ўласныя адчуванні, пабываць у зусім розных прасторах. Яны пазнаёміліся з рознымі атрыбутамі, якія дапамагаюць невідушчым людзям арыентавацца ў жыцці, і даведаліся пра асаблівасці іх паўсядзённага жыцця.
За шматвяковую гісторыю Праваслаўя на землях Беларусі праславіліся многія прапаведнікі і абаронцы веры. Сярод святых ёсць тыя, якія маюць дачыненне да віцебскага краю. На прэзентацыю электроннага рэсурсу «Святыя заступнікі Віцебшчыны», створанага ў рамках мэтавай комплекснай праграмы «Жывое слова мудрасці духоўнай» і сугучнага ідэі Года міру і стварэння, сабраліся прадстаўнікі Віцебскай епархіі, навучэнцы і выкладчыкі Віцебскай духоўнай семінарыі і ўсе зацікаўленыя.
Працягнула тэму прэм'ера батлеечнага спектакля «Выбар Прадславы» пра пачатак служэння вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай.
Прэзентацыя восьмага тома штогадовага зборніка матэрыялаў «Віцебскі край» стала вынікам VIII навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай Году гістарычнай памяці, якая адбылася ў 2022 годзе. Больш за 60 беларускіх вучоных-гісторыкаў і краязнаўцаў падзяліліся напрацоўкамі і вынікамі сваіх даследаванняў у розных напрамках гістарычнай навукі.
Аднавілі работу курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада», якія праходзілі ў бібліятэцы ў 2016-2019 гадах. Новы сезон адукацыйнага праекта пачаўся з лекцыі Людмілы Хмяльніцкай «Сігізмунд Юркоўскі: героі і лёсы здымкаў». Найстарэйшы віцебскі фатограф адкрыў сваё фотаатэлье на Замкавай вуліцы ў 1867 годзе. Людміла Хмяльніцкая раскрыла малавядомыя старонкі з гісторыі фотакадраў і адлюстраваных на іх людзей, падзей і самога Віцебска, а таксама расказала пра жыццё і лёс фатографа, з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 190 гадоў.
Праект «Школа духоўнага дойлідства» сабрала на традыцыйную сустрэчу з епіскапам Яўсевіем, вікарыем Віцебскай епархіі, для размовы пра розныя бакі жыцця хрысціяніна – пра здароўе, узаемаадносіны з блізкімі, правільнае разуменне асобных аспектаў праваслаўнага веравучэння – на аснове прыкладаў персаналій электроннага рэсурсу «Святыя заступнікі Віцебшчыны».
Усе наведвальнікі актыўна прынялі ўдзел у папулярнай акцыі «Кніга з рук у рукі» ў фармаце кніжных развалаў, дзе выбіралі кнігі, атрыманыя Віцебскай абласной бібліятэкай у дар ад чытачоў і жыхароў горада.
На выставу-прагляд новых паступленняў «Кніжны вернісаж» у аддзеле абанемента на працягу дня прыходзілі жадаючыя пазнаёміцца з навінкамі і забраніраваць літаратуру, якая іх зацікавіла, для наступнага чытання.
Інтэрактыўная пляцоўка «Лазар з Віцебска і яго джын» дазволіла дзецям і дарослым ізноў перагартаць старонкі аповесці, разгадаць рэбусы і крыжаванкі, даведацца пра рэцэптуру прысмакаў для галоўнага героя, пагуляць у футбол, вызваліць джына ад чар, згуляць з ім у шахматы, адрэмантаваць дыван-самалёт.
У рамках свята ў аддзеле выданняў на замежных мовах навучэнцы 5 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Віцебска імя Ф. Ц. Блахіна» прайшлі філалагічны лікбез «Іншаземцы ў нашай мове»: замацавалі навык правільна выкарыстоўваць у мове запазычаную лексіку, вырабілі на творчай майстэрні «Лінгва-торбу», пазнаёміліся з новымі выданнямі на выставах «Сусвет у алфавітным парадку», «Моўны настрой» і «Час кітайскай».
Майстэрствам валодання колерам пакарыла выстава жывапісу Аляксандра Хадзюкова ў цэнтральным фае. Работы, выкананыя ў стылі «эмацыйнага рэалізму», з першага погляду перадаюць аптымізм і энергію мастака.
Майстар-класы і творчыя майстэрні, інтэлектуальныя конкурсы і краязнаўчыя віктарыны, бібліяквілт і многае іншае прапанавалі наведвальнікам розных узростаў і катэгорый усе аддзелы абслугоўвання.
Прыходзьце ў Віцебскую абласную бібліятэку імя У. І. Леніна ў любы дзень. Тут заўсёды цікава!


































